Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мабільнікі для пэнсіянэраў ад сельгатэхнікі


У адным з цэхаў Мастоўскай сельгастэхнікі сабралі досьледную партыю мабільных тэлефонаў для пэнсіянэраў. Дырэктар прадпрыемства спадзяецца, што ў бліжэйшыя месяцы іх тэлефоны могуць зьявіцца на рынку.

Са слоў дырэктара прадпрыемства Мікалая Лісая, праект стварэньня мабільных тэлефонаў для пэнсіянэраў рэалізуецца сумесна зь менскімі партнэрамі.

Зь яго слоў, яны не спрабуюць канкураваць зь вядомымі сусьветнымі брэндамі кшталту “Nokia”, але лічаць, што нішу сваю знайшлі.

Даволі часта, са слоў дырэктара, сталыя людзі ня могуць націснуць на нязручныя кнопкі на тэлефоне альбо выпадкова яго блякуюць, а потым не даюць рады ўключыць:
найпрасьцейшы тэлефон зь мінімумам функцый ...

Write Your Quote Here ...

“Вось так і нарадзілася ідэя стварыць найпрасьцейшы тэлефон зь мінімумам функцый, каб проста было карыстацца, каб быў даступны паводле кошту, а яшчэ там прадугледжваецца кнопка “SOS”. Мы выбралі невялікую колькасьць функцый, самых патрэбных для сталага чалавека”.

Спадар Лісай баіцца апярэдзіць падзеі і кажа, што пакуль тэлефон знаходзіцца на стадыі ўзгадненьня тэхнічных умоваў. Аднак на маё пытаньне — калі распачнецца выпуск — адказвае:

“Калі ўсё будзе добра, то напрыканцы верасьня альбо ўжо дакладна ў лістападзе тэлефон зьявіцца”.

Больш пэсымістычна на тэрміны сэрыйнага выпуску тэлефона глядзіць начальнік вытворчасьці цэху Сяргей Міцкевіч:

“Ведаеце, вельмі цяжка казаць пра тэрміны. Тут і зь фінансаваньнем праблемы, і тэхнічныя праблемы, шмат нюансаў. Карацей, хапае ўсяго”.

І дырэктар, і начальнік вытворчасьці цэху кажуць, што сытуацыя на прадпрыемстве ўскладнілася з крызісам. Са слоў спадара Міцкевіча, у цэху выпускаюць прадукцыю для айчынных прадпрыемстваў машынабудаваньня, і калі іх вытворчасьць зьнізілася, гэта адбілася і на працы цэху.

Міцкевіч: “Аб’ёмы вытворчасьці ў параўнаньні зь мінулым годам зьнізіліся прыкладна на 30%”.

Абодва кіраўнікі, аднак, пасьпяшаліся абвергнуць інфармацыю, якая зьявілася ў шэрагу СМІ, пра закрыцьцё на прадпрыемстве 31 жніўня цэху № 2 па вытворчасьці жгутоў і тэлефонных апаратаў і звальненьні рабочых, у сувязі з чым нібыта праект вытворчасьці мабільных тэлефонаў для пэнсіянэраў згорнуты.

Тым не меней за апошнія месяцы зарплата ў цэху адчувальна зьнізілася, хаця яшчэ яна складала каля мільёна рублёў.



Гісторыя цэху Мастоўскай сельгастэхнікі па выпуску жгутоў і тэлефонаў пачынаецца з 1988 году, калі была наладжана каапэрацыя зь менскім прадпрыемствам вылічальнай тэхнікі імя Арджанікідзэ. Мастоўскі цэх наладзіў выпуск кабельна-жгутавых вырабаў для ЭВМ.

На пачатку 90-х гадоў, калі патрэба ў савецкіх ЭВМ адпала, цэх наладзіў каапэрацыю са шчучынскім заводам “Аўтапровад” па выпуску аўтамабільных жгутоў.

У сярэдзіне 90-х гадоў з рэалізацыяй аўтамабільных жгутоў узьніклі праблемы, і цэх наладзіў новую вытворчасьць: выпуск стацыянарных тэлефонных апаратаў маркі Fetap, “Тэлпінг ЕС”, “Еўратэф”, “Люкс”, якія вырабляе і дагэтуль.

У апошнія гады значным партнэрам мастоўскага цэху стала прадпрыемства “Белкамунмаш”, для якога ў Мастах распачалі выпуск кабельных жгутоў.

І самым апошнім праектам Мастоўскай сельгастэхнікі стала распрацоўка мабільнага тэлефона для пэнсіянэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG