Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пакаралі чарговага беларуса за міграцыйнае махлярства


27-гадовы эмігрант зь Беларусі Пётар Баравік рашэньнем суду штату Вірджынія атрымаў пяць гадоў турэмнага зьняволеньня за міграцыйнае махлярства.


На судовым працэсе Баравік цалкам прызнаў сваю віну ў стварэньні крымінальнай сеткі і ўдзеле ў ёй. Крымінальная сетка займалася працаўладкаваньнем нелегалаў, махлярствам зь візамі, ухіленьнем ад падаткаў, адмываньнем грошай. Суд давёў, што Пётар Баравік быў другой асобай у гэтым незаконным бізнэсе, якім кіраваў таксама беларус, асуджаны гэтым летам на сем гадоў турмы, 28-гадовы Віктар Крусь.

Пётар Баравік уцёк зь Беларусі, як ён сьцьвярджаў, з палітычных прычын. Міграцыйным уладам ЗША ён заявіў, што ягоная моладзевая арганізацыя “Зубар” абвешчаная па-за законам, а таму далейшае жыцьцё і грамадзка-палітычная дзейнасьць у Беларусі бачацца яму небясьпечнымі. У 2004 годзе Баравік атрымаў палітычны прытулак у Амэрыцы.

Як падае амэрыканскае выданьне The Virginian-Pilot (), “ён хацеў зрабіць Амэрыку сваім новым домам, аднак у выніку яго новым домам стане амэрыканская фэдэральная турма… Атрымаўшы палітычны прытулак, Баравік не баяўся дэпартацыі, а таму вырашыў заняцца ўладкоўваньнем нелегальных працаўнікоў з Усходняй Эўропы ў амэрыканскі рэстаранны і гатэльны бізнэс”.

Крымінальная сетка Круся і Баравіка змовілася з асобнымі амэрыканскімі карпарацыямі. Нярэдка адміністрацыя гатэляў ды рэстарацый адмаўляла амэрыканцам, якія прэтэндавалі на працоўнае месца, каб уладкаваць да сябе таньнейшых працаўнікоў з краін былога СССР.

Як заявіў судзьдзя штату Вірджынія Марк Дэвіс, маладога і здольнага чалавека, які меў усё шанцы для заняткаў легальным бізнэсам, “згубіла прагнасьць”. За час знаходжаньня ў ЗША Баравік зарабіў $233,000, прыкладна па $50,000 на год. Усяго ад пачатку 2003 году сетка Круся і Баравіка зарабіла $8,7 мільёна. З кожнага ўладкаванага на працу з заробкам $10 за гадзіну “фірма” брала $3 за гадзіну.

Аднак у выніку амэрыканскія ўлады змаглі атрымаць з падсудных толькі каля $500,000. Астатнія грошы недасяжныя, бо пераведзеныя на заакіянскія рахункі.

На заключным судовым паседжаньні Баравік папрасіў ва ўсіх прабачэньня:

“Не праходзіць і дня, каб я не адчуваў мукаў сумленьня за тое, што зрабіў”, — заявіў беларускі эмігрант.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG