Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польска-расейская спрэчка: Хто дапамог Гітлеру пачаць вайну?


Нямецкія вайскоўцы разьбіраюць шлягбаўмы на мяжы з Польшчай у Сопаце, 1.09.1939
Нямецкія вайскоўцы разьбіраюць шлягбаўмы на мяжы з Польшчай у Сопаце, 1.09.1939

Заўтра, каб адзначыць 70-я ўгодкі пачатку Другой сусьветнай вайны, у Гданьск прыедуць кіраўнікі каля 30 дзяржаваў, уключна з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэм’ер-міністрам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Сёньня “Gazeta wyborcza” апублікавала артыкул Уладзіміра Пуціна, у якім кіраўнік ураду Расеі дае сваё бачаньне прычынаў, якія давялі да выбуху самага крывавага канфлікту ў гісторыі чалавецтва.

Пуцін катэгарычна не пагаджаецца зь меркаваньнем, што гэта выключна савецка-нямецкі пакт ад 23 жніўня 1939 году разьвязаў Афольфу Гітлеру рукі адносна пачатку вайны. Пуцін прыгадвае мюнхэнскую дамову 1938 году:

Ці ж межы Эўропы не пачалі руйнавацца значна раней, чым 1 верасьня 1939 году? І не было аншлюсу Аўстрыі, не было разарванай Чэхаславаччыны, калі ня толькі Нямеччына, але і Вугоршчына, і Польшча па сутнасьці, прынялі ўдзел у тэрытарыяльным перадзеле Эўропы? Дакладна ў дзень заключэньня мюнхэнскай змовы Польшча накіравала Чэхаславаччыне свой ультыматум і адначасова зь нямецкімі войскамі ўвяла сваю армію ў Цешынскую і Фрыштацкую вобласьці. (...)

Без усякіх сумневаў, можна з поўным правам асудзіць пакт Молатава-Рыбэнтропа, заключаны 23 жніўня 1939 году. Але ж год раней Францыя і Англія падпісалі ў Мюнхэне вядомую дамову з Гітлерам, зруйнаваўшы ўсю надзею на стварэньне адзінага фронту барацьбы з фашызмам”.

Артыкул Пуціна завяршаецца заклікам “пазбавіць расейска-польскія адносіны ад грузу недаверу і прадузятасьці, якія дасталіся нам у спадчыну” і пачаць пісаць новую старонку гэтых адносін. “Перад Расеяй і Польшчай адкрываюцца шматабяцальныя пэрспэктывы для партнэрскай працы, для выбудоўваньня адносін, годных двух вялікіх эўрапейскіх народаў” — заключае расейскі прэм’ер-міністар.

Тым часам у польскіх СМІ не сьціхае дыскусія наконт некаторых публікацый у Расеі, якія выстаўляюць ролю Польшчы ў падрыхтоўцы Гітлерам вайны ў іншым сьвятле, чым звычайна.

Асаблівую ўвагу польскіх журналістаў і гісторыкаў прыцягнула онлайн-канфэрэнцыя “Камсамольскай праўды” з Натальляй Нарачыцкай (членам Камісіі па супрацьдзеяньні спробам фальсыфікацыі гісторыі на шкоду інтарэсаў Расеі). Нарачыцкая сказала, між іншым, што Варшава ў 1939 годзе, праз свайго міністра Юзэфа Бэка, вяла перамовы зь Нямеччынай, прапануючы Гітлеру сябе ў саюзьнікі ў вайне супраць СССР, “каб заваяваць Украіну, каб Польшча была ад мора да мора”.

Алею ў агонь польска-расейскай гістарычнай спрэчкі падліла публікацыя на сайце Службы зьнешняй разьведкі Расеі, у якой сьцьвярджалася, што згаданы Юзэф Бэк быў агентам нямецкіх спэцслужбаў.

Прафэсар Ягелёнскага ўнівэрсытэту Анджэй Новак у нядаўнім інтэрвію BBC выказаў, так бы мовіць, польскую пэрспэктыву бачаньня прычынаў выбуху ІІ Сусьветнай вайны:

Для польскай гісторыі пакт Рыбэнтропа-Молатава азначае чарговы падзел Польшчы. І, канешне, што больш, чым падзел Польшчы — падрыхтоўку Другай сусьветнай вайны. Падрыхтоўку, у якой Сталін дапамог Гітлеру”.

Мюнхэнскую дамову і “польскі паход” на Чэхаславаччыну Новак бачыць наступным чынам:

Бараніць Мюнхэнскую дамову, канешне, я не зьбіраюся. Гэта была вельмі ганебная дамова для заходніх дзяржаваў, якія прынялі рашэньне аб падзеле Чэхаславаччыны. Але з другога боку, па-мойму, абсалютна нельга параўноўваць Мюнхэнскую дамову з пактам Рыбэнтропа-Молатава. Чэхаславацкія палітыкі не асьмеліліся супрацьдзеіць гэтай дамове. Палякі таксама маглі ўзгадніць свае інтарэсы за нашмат меншую цану, чым Чэхаславаччына зь Нямеччынай. І гэта таксама трэба мець на ўвазе. Да сакавіка 1939 году Гітлер спрабаваў пераканаць Польшчу, што яна павінна змагацца разам зь ім супраць Савецкага Саюзу. Палякі тады сказалі “не”, хоць цаной дамовы быў толькі Гданьск і калідор праз польскае Памор’е між галоўнай часткай Нямеччыны і Ўсходняй Прусіяй”.

А пра ўваход Польшчы ў Чэхаславаччыну ў сакавіку 1939 году, які некаторыя гісторыкі прыраўноўваюць да савецкага “вызваленчага” паходу на Польшчу 17 верасьня 1939 году, Новак выказаўся наступным чынам:

Гэта вельмі ганебны факт для Польшчы, і гэтага нельга скрываць. Але ён непараўнальны з тым, што здарылася на ўсходніх землях міжваеннай Польшчы пасьля ўварваньня Чырвонай арміі. Таму што пасьля польскай акупацыі чэскай Сілезіі ніхто — ні адзін чалавек — не загінуў. Ні адзін чэскі гісторык ня піша аб якіх-колечы ахвярах польскага ўварваньня ў Чэхаславаччыну. Пасьля савецкага ўварваньня ў 1939 годзе, між верасьнем 1939 і чэрвенем 1941, ня менш за паўмільёна чалавек з гэтых тэрыторый былі арыштаваны і высланы ў лягеры, некалькі дзясяткаў тысяч было расстраляна”.

Напярэдадні візыту Пуціна ў Гданьск Служба зьнешняй выведкі Расеі абяцае апублікаваць дакумэнты аб “таямніцах польскай замежнай палітыкі” ў 1935-1945 гг. Выглядае на тое, што польска-расейская гістарычная спрэчка хутка не закончыцца.

Прадстаўнікі польскага ўраду пакуль што ня бралі ўдзел у гэтай спрэчцы, відавочна вырашыўшы пачакаць, што скажа Пуцін у Гданьску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG