Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы агент Гаўрылін зьбіраецца вярнуцца на радзіму


Актывіст апазыцыі Сяргей Гаўрылін, які апублікаваў свой дзёньнік пра сакрэты свайго супрацоўніцтва з КДБ, вырашыў вярнуцца з Бэрліну дамоў, у Гомель.

СЛУХАЦЬ:


Сёньня праз электронную пошту я зьвярнуўся да Сяргея Гаўрыліна з просьбай аб інтэрвію і празь невялікі час атрымаў адказ. “Прабачце, але я еду ў Беларусь, і, верагодней за ўсё, на мяжы мяне арыштуюць. Такім чынам, мне зараз не да інтэрвію. Акрамя таго, я ўжо сказаў свае апошнія словы і больш не хачу ніякіх інтэрвію”.

Днямі Сяргей Гаўрылін сустрэўся ў Бэрліне з карэспандэнтамі радыё “Deutsche Welle” . У інтэрвію былы агент КДБ па мянушцы “Эколяг” паўтарыў свае словы пра тое, што КДБ і апазыцыя ў Беларусі выкарыстоўваюць “цёмныя мэтады”, якія ён і паспрабаваў выкрыць у сваім дзёньніку. Таксама Сяргей Гаўрылін прызнаў, што атрымліваў за свае даносы грошы, і гэта было для яго “пэўным стымулам”. Паводле былога агента “Эколяга”, некаторыя актывісты апазыцыі прысабечваюць грошы, атрыманыя з Захаду на апазыцыйную барацьбу.

Сябры Сяргея Гаўрыліна, а таксама некаторыя журналісты атрымалі ад яго электронны ліст, у якім малады чалавек называе сваё супрацоўніцтва з КДБ “грахом” і просіць прабачэньня “за тое, што нарабіў”. Таксама Гаўрылін інфармуе, што неўзабаве вернецца ў Беларусь, хоць і не выключае, што на мяжы яго арыштуюць.

Калі затрымліваць чалавека па гэтай справе, што ён рассакрэціў сваё супрацоўніцтва з КДБ і падрабязнасьці гэтай справы, і калі ёсьць нейкі артыкул у Крымінальным кодэксе, то мусяць завесьці справу і менавіта на гэтай падставе затрымліваць яго на мяжы
Падобны ліст атрымала і сяброўка Гаўрыліна з Гомелю Тацяна Бублікава. Журналістка дапускае, што магчымасьць арышту Сяргея цалкам рэальная:

“Калі затрымліваць чалавека па гэтай справе, што ён рассакрэціў сваё супрацоўніцтва з КДБ і падрабязнасьці гэтай справы, і калі ёсьць нейкі артыкул у Крымінальным кодэксе, то мусяць завесьці справу і менавіта на гэтай падставе затрымліваць яго на мяжы. А мы ня ведаем: ці заведзеная такая справа? Калі заведзеная, то сапраўды могуць арыштаваць”.

Паводле зьвестак, шэнгенская віза Сяргея Гаўрыліна заканчваецца заўтра, 28 жніўня. Як мяркуюць беларускія журналісты, якія працуюць у Нямеччыне, у Сяргея Гаўрыліна “вельмі мала” шанцаў атрымаць прытулак у краіне ў якасьці палітычнага ўцекача.

Два гады таму былы актывіст АГП з Гомелю Ўлад Міхайлаў падчас вучобы ў Польшчы ў рамках праграмы імя Каліноўскага паведаміў, што супрацоўнічаў зь беларускім КДБ. Вядома, што Ўлад Міхайлаў вярнуўся на радзіму і аднавіўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту, адкуль раней быў адлічаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG