Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты хочуць, каб людзі пілі з галавой


Магілёўскія актывісты Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці распачынаюць кампанію “За разумнае спажываньне алькаголю”.


“Спажываньне алькаголю ў нас б’е ўсе рэкорды. Мы выступаем ня супраць алькаголю, а за тое, каб людзі пілі яго з галавой. Нашыя акцыі публічныя. Мы будзем раздаваць людзям на вуліцах брашуры, дзе пазначаныя стандарты ўжываньня алькаголю для чалавека на месяц. Таксама ў ёй пазначаная статыстыка, якая сьведчыць, да чаго вядзе неабмежаванае спажываньне алькаголю. Мы выступаем супраць правядзеньне гэтак званых Дзён цьвярозасьці, бо яны вядуць да росту спажываньня няякасных алькагольных напояў. Як вынік — рост атручэньняў. Гэтыя дні неэфэктыўныя, лепш бы ўлада зачыніла ўсе заводы, якія вырабляюць гэтак званую “барматуху”, — паведаміў “Свабодзе” пра кампанію актывіст Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Першая акцыя “За разумнае спажываньне алькаголю”, паводле спадара Барысава, адбудзецца сёньня ў другой палове дня. Да дзясятка актывістаў выйдуць з брашурамі на вуліцы Магілёва.

Што да Дзён цьвярозасьці, то, паводле міліцыі, у некаторых раёнах Магілёўшчыны напярэдадні іх правядзеньня рэгулярна зьяўляюцца ўлёткі, у якіх гэты дзень называецца “Чорным чацьвяргом”.


За першае паўгодзьдзе сёлета, паводле афіцыйнай інфармацыі, у жыхароў Магілёўшчыны было канфіскавана больш за 60 тысяч літраў самагону. На ўліку ў наркалягічных службаў — 32 тысячы алькаголікаў і наркаманаў. Да адміністрацыйнай адказнасьці за шэсьць месяцаў было прыцягнута больш за дзесяць тысяч чалавек, зь іх кожны дзясяты адносіцца да моладзі. Штогод колькасьць алькаголікаў на Магілёўшчыне павялічваецца прыкладна на тысячу чалавек.

Летась кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты сьпірт. Плянка, пасьля якой пачынаецца актыўная дэградацыя, — 8 літраў на чалавека за год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG