Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Цімошак: Хочаш годнага пахаваньня? Загінь сьмерцю храбрых!


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак нарадзілася ў 1955 годзе ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёну. Жыве ў Вежах пад Слуцакам. Скончыла Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага. Працавала настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы ў школе ў Вежах. У 1997 годзе падпісала пад тэкстам Хартыі-97 семдзесят пяць аднавяскоўцаў. На ўсе найбольш значныя пратэстныя акцыі ў Менску езьдзіла са сваёй вёскі, як на працу. У канцы 1990-х гадоў стварыла ў Вежах філіі Незалежнага прафсаюзу, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Адстойвала ўласнае права на працу ў судзе. Мэдыя-актывістка. Актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Праваабаронца. Апошнія буйныя перамогі – два выйграныя суды па рамонце пад’ездаў у Слуцку, адмена трохдзённага графіка гарачага водазабесьпяячэньня, прынятага рашэньнем Слуцкага райвыканкаму на летні пэрыд 2009 году.


Прывітаньне!

Пачну сваё дзяжурства на Радыё Свабода рэпартажэам пра… могілкі. Ведаю, гэта даволі сумная тэма, але апошнім часам яна для мяне і набалелая. Лічу, што пахаваньні ня мусяць мець такі дзікі выгляд, як у Слуцку.

Некалі пад час навучаньня на гістарычным факультэце я й мае сябры любілі ладзіць у выходныя дні падарожжы ў іншыя гарады й сумежныя савецкія рэспублікі.

Перад першай вандроўкай запыталіся ў намесьніка дэкана пра крытэры, паводле якіх можна хутка зразумець стан культуры народу. Адказ быў кароткі: “Праз могілкі”.

Пасьля гэтага ў мяне ўвайшло ў звычку куды б ні закінуў лёс абавязкова наведваць месцы пахаваньняў. Уразілі, напрыклад, звычайныя вясковыя могілкі ў Ніжняй Сілезіі


А вось многія пахаванні ў Слуцкім раёне больш падобныя на звалку, чым на на апошні прытулак чалавека.


“Даглядае” гэтыя пахаваньні КУП "Слуцкая ЖКГ".

Становішча сельскіх пахаваньняў звычайна кантралююць сельскія саветы. А парадак на іх рэгулюецца Законам “Аб пахаваньні і пахавальнай справе” ды Правіламі ўтрыманьня месцаў пахаваньняў. На жаль, гэтыя правілы зусім не гарантуюць цывілізаванага догляду.

Увогуле, складаецца ўражаньне, што для некаторых сельскіх выканкамаў у гэтай надзвычай далікатнай і важнай справе – выключна арганізацыя продажу вянкоў і прадстаўленьне даведак аб сьмерці.

Ня лепей выглядаюць і гарадзкія могілкі на вуліцы 14 Партызан.



Ад пачатку 1980-гадоў тут ужо не хаваюць: паводле закону такія месцы павінны даглядацца, як мэмарыялы, дзе можна адчуць непарыўную сувязь зь мінулымі пакаленьнямі, дакрануцца сэрцам да каранёў, разьвіваць найлепшыя чалавечыя пачуцьці й эмоцыі.

Насамрэч зарослыя асотам, іншым пустазельлем могілкі нічога сьвятога ў душы не абуджаюць. У нармальных людзей ў лепшым выпадку зьявіцца пачуцьцё сораму або смутку. Выпівохі, якіх ў Слуцку незьлічоная колькасьць, ладзяць тут свае “вечарыны”. Міліцыі, зразумела, да гэтага справы няма. Дарэчы, тут пахаваны і случчане, партрэты якіх ў свой час віселі перад вокнамі райвыканкаму на Дошцы гонару. Нямала былых "аўганцаў", розных знакамітых людей, высокіх афіцэрскіх чыноў.

Побач – Мэмарыял памяці воінам, якія загінулі пры вызваленьні Слуцку. Мэмарыял даглядаецца няблага, бо сюды чыноўнікі прывозяць розныя дэлегацыі.


Атрымліваецца, годны вечны спакой магчымы толькі тады, калі ты загінеш сьмерцю храбрых?

Адносіны да памяці мёртвых у раёне даволі спэцыфічныя: на плошчах гораду і раёну ўзьведзеныя пампэзныя помнікі, а ў вёсцы Малая Падзер Кіраўскага сельскага савету каля вуліцы Братоў Гілеўскіх, што загінулі ў вайну, дзесяцігодзьдзі стаяла гнойнае возера. Гной быў прыбраны толькі ў гэтым годзе пасля ўмяшаньня грамадзянскай кампаніі "Наш дом".


Крыху болей пашанцавала Альгерду Абуховічу, паэту-дэмакрату 19 стагодзьдзя. Ягонае пахаваньне ўтрымліваецца ў парадку сябрамі мясцовай філіі Хрысціянска-Кансэрватыўнай партыі БНФ, а таксама актывістамі “Нашага дому”




Альгерд Абуховіч – “беларускі Крылоў”, актыўны ўдзельнік паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, былы граф. У барацьбе за свабоду супраць Расейскай імпэрыі страціў усю сваю маёмасьць, пасьля быў сасланы ў Сыбір. Па вяртаньні жыў ў Слуцку, ледзьве зарабляў на хлеб і ваду, перабіваючыся выпадковымі заробкамі ад “рэпэтытарства”.

Былі дні, калі граф мог траціць на абед толькі 5 капеек. У байцы “Ваўкалак” воўк адказвае сабаку на яго запрашэньне сесьці на прывязь і за кавалак хлеба гаўкаць: “Хоць галодзен – я свабодзен…” Яго свабодалюбівыя творы былі ненавісныя й бальшавікам – вершы, байкі папалілі на беразе Случы ў 1930-х гадох.

Многія думкі А. Абуховіча актуальныя і ў наш час. На ягоную думку, ідэал палітычнага дзеяча, якому народ можа давяраць, – не шарлятан, не камэдыянт, не актор, а чалавек высокіх маральных якасьцяў і высокага розуму.

Лічу, што прах нашага знакамітага земляка заслугоўвае як лепшага месца, так і лепшага помніка.

Цяпер актывісты грамадзянскай кампаніі “Наш дом” плянуюць правесьці збор подпісаў сярод жыхароў гораду пад зваротам ды кіраўніцтва раёну па праблеме жудаснага становішча могілак. Случчане – народ непратэстны, досыць абыякавы, але трэба штосьці рабіць! Тая нацыя, якая зьдзекуецца з Памяці аб Мінулым, ня мае Цяперашняга і ня будзе мець Будучыні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG