Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Браславе каранавалі цудатворны абраз


У Браславе прайшла цырымонія каранаваньня папскімі каронамі абраза Божай Маці Уладычыцы Азёр. Гэты абрад зьяўляецца ў каталіцкай царкве прызнаньнем цудатворнасьці абразу.

Каранацыя прайшла на часовым алтары, выбудаваным у форме карабля даўжынёй 32 мэтры, устаноўленым у двары браслаўскага касьцёла. Побач з алтаром на невялікай яхце пад белымі ветразямі быў устаноўлены абраз, упрыгожаны вянком зь белых лілей. Сам алтар быў увенчаны мачтай у выглядзе крыжа вышынёй 22 метры. На алтары знаходзіўся хор, малітоўныя песнапеньні якога суправаджалі цырымонію.

Выява Маці Божай Браслаўскай стане першым каранаваным абразом у Віцебскай вобласці і дзявятым — у Беларусі. Да гэтага кароны былі ўскладзеныя на восем абразоў:

  • Маці Божая Жыровіцкая (1730)
  • Маці Божая Бялыніцкая (1761)
  • Маці Божая Берасьцейская (1996)
  • Маці Божая Лагішынская (1997)
  • Маці Божая Будслаўская (1998 г.)
  • Маці Божая Кангрэгацкая ў Фарным гарадзенскім касьцёле (2005)
  • Маці Божая Гудагайская (2007)
  • Маці Божая Тракельская (2009)

(Крыніца: catholic.by)

Боскую літургію і абрад каранацыі ўзначаліў ксёндз-кардынал Ёахім Майснэр, мітрапаліт Кёльнскі. Перад абрадам каранацыі ён прачытаў пропаведзь, якую з нямецкай мовы вернікам пераклалі на беларускую.

На плошчы каля касьцёла, па розных ацэнках, сабралася ад пяці да дзесяці тысяч чалавек з розных гарадоў Беларусі і шэрагу іншых краін. На цырымоніі прысутнічалі паслы і прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Індыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, ЗША, Славаччыны, Польшчы, каля 30 іерархаў каталіцкай царквы з 11 краін, а таксама прадстаўнікі Грэка-каталіцкай і Рускай праваслаўнай цэркваў.

Залатыя кароны, вырабленыя ў Кракаве, былі надзетыя спачатку на Ісуса, а потым на Божую Маці. Пасьля гэтага біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін учыніў акт пасьвячэньня Віцебскай дыяцэзіі пад апеку Божай Маці Браслаўскай, пасьля чаго абраз разьмясьцілі высока над алтаром-яхтай для ўсеагульнага агляду.

Пасьля цырымоніі вернікі з розных краін паднесьлі ахвярныя дары абразу. Сярод іх былі залаты ружанец, некалькі залатых чашаў, расшытыя абрусы для алтара, партрэты папы рымскага Яна Паўла ІІ, абразы, сьвечкі.

Завершыцца цырымонія ўрачыстым перанясеньнем каранаванага абраза ў галоўны алтар касьцёла Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG