Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропу на “Залатым зубры”


Новы знак якасьці для харчовай прадукцыі прапагандуе канцэрн “Белдзяржхарчпрам”. Брэнд “Залаты зубар” мусіць стаць агульным паказьнікам высокага ўзроўню беларускіх тавараў і пропускам на замежны рынак.

Выяву белавескага волата ўжо можна пабачыць на пакунках з сольлю, а таксама на бутэльках піва ад “Крыніцы” і некаторых гатунках алькаголю. Ці рэальна ўехаць у Эўропу на “зубры” мясцовага стандарту?

Найбольшая колькасьць “зубраносцаў” сярод лікёра-гарэлачных заводаў. Пад аб’яднаным брэндам прадукуюць гарэлку менскі “Крышталь” (Залаты зубар Ядлоўцавая), берасьцейскі “Белалка” (Залаты зубар Прэміюм), гарадзенскі “Неманофф” (Залаты зубар з водарам чорнай парэчкі); Малінаўшчызьнінскі “Аквадыў” (Залаты зубар Мядовая), спэцыялізаваныя заводы ў Віцебску (Залаты зубар зь перцам), Гомелі (Залаты зубар Лімонная), Клімавічах (Залаты зубар Люкс).

У гэтым жа шэрагу аднайменны гатунак піва бровару “Крыніца”, а таксама соль ад аб’яднаньня “Мазырсоль”. Намесьніца генэральнага дырэктара ў сацыяльным разьвіцьці мазырскага прадпрыемства Анжэла Крысьця расказвае, за якія заслугі тавару даецца “Залаты зубар”:
зараз мы прапрацоўваем, каб пакунак быў і на ўкраінскай мове ...

“Гэта толькі самы высакаякасны прадукт, сэртыфікаваны па ўсіх эўрапейскіх стандартах, а таксама які займаў месца ў ліку 100 лепшых тавараў на рынку Расейскай Фэдэрацыі ці зьяўляецца ляўрэатам прэміі ўраду Беларусі “Лепшыя тавары ў галіне якасьці”. То бок, далёка не ўсім таварам прысвойваецца марка “Залаты зубар”, пад якой можна прадаваць сваю прадукцыю у розных краінах. Прэфэрэнцый як такіх няма ніякіх, але гэта лічыцца самым высакаякасным прадуктам, вырабленым у Беларусі. Пад гэтым брэндам наша соль прадаецца ў Беларусі, Расеі, ва Ўкраіне. Адзінае, што зараз мы прапрацоўваем, каб пакунак быў і на ўкраінскай мове. Першую партыю стужкі літаральна ў выходныя будзем запускаць ва Ўкраіну”.

Прысутнасьць зубра на беларускіх прадуктах у канцэрне “Белдзяржхарчпрам” хочуць зрабіць масавай. Экспэрты Цэнтральнай дэгустацыйнай камісіі літаральна на смак вызначаюць харчовы асартымэнт, варты нацыянальнага брэнду. Выпрабоўваюцца кансэрваваныя садавіна і гародніна, яйкі, малако, цукар, прыправы, мука, хлеб і кандытарскія вырабы, марозіва, мінэральная і газаваная вада ды іншыя катэгорыі харчоў. Старшыня канцэрну Іван Данчанка кажа, што на раскрутку прадукцыі закладзеныя немалыя сродкі:

“Мы такія выдаткі прадугледжваем як у расходах нашага канцэрну, так і ў рэклямных бюджэтах нашых харчовых прадпрыемстваў. На гэтыя мэты сёньня існуе нарматыў – да 7% ад аб’ёмаў рэалізацыі. Пакуль што мы гэты рэклямны бюджэт нават не выбіраем, мы больш трацім сродкаў на вытворчасьць”.

Кіраўнік рэклямнага агенцтва “Starcom MediaVest Group” Пётар Папялушка лічыць аптымізм чыноўнікаў перабольшаным. Наяўнасьць прыгожага брэнду на этыкетках пераможцаў унутраных конкурсаў яшчэ не азначае, што за тавар мусяць ухапіцца замежнікі. Да таго ж, ён ня верыць, што дзяржаўны канцэрн здатны на маштабную маркетынгавую кампанію сваёй прадукцыі:

Пётар Папялушка
“Залаты зубар” – на сёньня ня самая лепшая ідэя. На самой справе розных узнагародаў у каго толькі няма. Але адзіным “Залатым зубром” ці пажаданьнем прасунуцца зь ім на Захад гэта ня зробіш. Паглядзіце, як гэта рабілася ва Ўкраіне, калі мы ўжо гаворым у тым ліку пра гарэлачныя заводы. Акрамя якасьці самога прадукту, надзвычай шмат увагі надавалася таму, каб зьмяніць пакунак, бутэльку, агульны дызайн. Процьму часу патрацілі на тое, каб зрабіць рэкляму сусьветнай якасьці. Гэта ўсё паспрыяла таму, што цяпер украінскія гарэлкі маюць высокі попыт ня толькі ва Ўкраіне, але і па ўсім сьвеце. І калі б не досыць высокая цана прадукту, то і ў нас па папулярнасьці ён даўно заняў бы першыя пазыцыі”.

Гандлёвая экспансія беларускіх вытворцаў як правіла абмяжоўваецца рынкам суседняй Расеі. Прычым, дзеля таго, каб прывабіць пакупнікоў, часта прадукцыя прадаецца па ніжэйшых коштах, чым у Беларусі. Пры гэтым заплюшчваюць вочы нават на несвоечасовую аплату з боку расейскіх партнэраў. Ці не прымусяць вытворцаў па заніжаных коштах прасоўваць і “залатога зубра”? Гаворыць начальніца аддзелу збыту Віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу Сьвятлана Ціханава:
ідзём і на страты, таму што праграма прэзыдэнта зарыентаваная перадусім на экспарт нашай прадукцыі ...

“У нас досыць жорсткія ўмовы ў кантрактах, таму калі гэта перадаплата, то безь яе ніхто прадукцыі не адпусьціць. Гэта міжнародны кантракт, таму ўсё нібыта прадугледжана. Але натуральна, што некаторыя пазыцыі аказваюцца для нас у замовах стратнымі. Аднак мы ідзём і на гэта, таму што праграма прэзыдэнта зарыентаваная перадусім на экспарт нашай прадукцыі. То бок, даводзіцца разглядаць любыя ўмовы”.

Пётр Папялушка лічыць, што аддаваць якасны тавар амаль задарма – гэта прафанацыя самой ідэі. Бо ніводзін вытворца прэстыжнай маркі не пойдзе на страты толькі дзеля таго, каб спадабацца нейкай катэгорыі пакупнікоў:

“Калі якасьць на прымальным узроўні і пры гэтым ўсталяваны нізкі кошт, то гэта, безумоўна, спрыяе продажу. Але ж давайце тады глядзець, коштам чаго будуць жыць нашы прадпрыемствы, калі яны будуць высакаякасны тавар прадаваць па заніжаных коштах. Гэта на самой справе шлях у нікуды. Добры тавар павінен мець і добры кошт. Але каб такую прадукцыю пасьпяхова прадаць, трэба ўкласьці ў гэта вельмі шмат працы. Перадусім гэта сучасны маркетынг, кідкая рэкляма, эксклюзіўная ўпакоўка. То бок, усе тыя моманты, якія спрыяюць высокай актыўнасьці пакупнікоў”.

Дарэчы, нацыянальны брэнд “Залаты зубар” мае і экспартны варыянт – “Golden bison”. Што, на думку маркетолягаў, не зусім правільна – мець на ўвазе белавескі сымбаль, а на этыкетках прапагандаваць заакіянскага суродзіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG