Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад школай — ва Ўкраіну


Напярэдадні новага навучальнага году ў Гомелі адкрыты шэраг школьных кірмашоў. Аднак многія гараджане езьдзяць адзяваць і абуваць сваіх дзяцей да школы ва Ўкраіну — у суседні Чарнігаў альбо нават у Хмяльніцкі.


Асноўная прычына, якая вымушае гамельчукоў ехаць у суседнюю Ўкраіну — больш нізкія цэны на тавары. Спадарыня Людміла кажа: каб выправіць дачку ў першую клясу, а сына ў трэцюю, на кірмашах у Гомелі ёй трэба аддаць звыш 1 мільёна рублёў:

“Атрымліваецца, што мільёна беларускіх рублёў не хапае, каб адзець і выправіць у школу дваіх дзяцей. Менавіта адзеньне, абутак — усё дарагое. Гарнітур на хлопчыка — 115—180 тысяч. На дзяўчынку сарафан — 60 тысяч, звычайныя туфлікі для першаклясьніцы — ад 60 да 80 тысяч. А калі гарнітур-троечка — гэта ўжо 180 тысяч”.

Малады бацька Аляксандар лічыць, што лацьвей адзяваць дзяцей да школы ў суседняй Украіне:

“У Чарнігаве таньней усе каштуе, чымсьці ў Беларусі. Гарнітуры таньнейшыя й абутак дзіцячы таньнейшы. Амаль напалову, можна сказаць, таньней будзе. У верасьні сабе паеду купляць адзеньне таксама”.

Жонка спадара Аляксандра тлумачыць выгаду са свайго гледзішча:

“Беларускі рубель паспрабуйце па курсу грыўні перавесьці — усё адно таньней выходзіць, нават калі цэны адны й тыя ж”.

Спадарыня Валянціна бачыць у паездках ва Ўкраіну сваю выгаду:

“Джынсы там таньнейшыя — у два разы таньнейшыя. Тыя, якія ў нас каштуюць 145 тысяч, ва Ўкраіне можна купіць для хлопца за 45. У асноўным адзеньне купляем. Ну, і прадукты па дарозе ў Чарнігаве”.

Некаторыя гамельчукі, а таксама жыхары Мазыра, Нароўлі й Рэчыцы, едуць у горад Хмяльніцкі, дзе ёсьць вялікія гуртавыя склады.

Апавядае жыхарка Рэчыцы спадарыня Тамара:

“У Хмяльніцкі езьдзілі, ва Ўкраіну. Форму школьную дачцэ купілі. Ехалі па адно, дык купілі ўжо й гэта. Там выбар большы й цэны ніжэйшыя — таму людзі туды й езьдзяць”.

Вядома, ня ўсе гамельчукі імкнуцца набыць рэчы для дзяцей ва Ўкраіне. За апошнія месяцы кошты на праезд чыгункай да таго ж Чарнігава падвысіліся амаль у два разы — да 17 тысяч 320 рублёў. Калі набыць квіток загадзя, то разам з камісійным зборам выйдзе ўжо звыш 20 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG