Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус кіраваў італьянскай мафіяй у Піцеры


У Санкт-Пецярбургу затрыманы 29-гадовы грамадзянін Беларусі, які, паводле інфармацыі прэсавай службы пецярбурскага ГУВД, кіраваў злачыннай групоўкай махляроў, якая складалася з грамадзянаў Італіі. Адзін з італьянцаў, якому было 44 гады, знаходзіўся ў паўночнай расейскай сталіцы паводле турыстычнай візы, двое другіх — адпаведна 42 і 39 гадоў — паводле камэрцыйнай.

Вызначана, што кіраўнік групоўкі замаўляў паліграфічную прадукцыю для падробнага абсталяваньня фірмы “Хонда”, а таксама арганізоўваў перавозку гэтага абсталяваньня.

Разам з італьянцам беларусу падманным шляхам удалося завалодаць грашыма некалькіх пецярбурскіх бізнэсоўцаў.

Пры ператрусе гаражнага боксу, які арандавалі італьянцы, было знойдзена і канфіскавана 40 генэратараў высокага напружаньня кітайскай вытворчасьці, а таксама стыкеры, галяграмы, гарантыйныя талёны ды іншыя атрыбуты сілавых установак маркі “Хонда”.

Супраць беларускага грамадзяніна распачатая крымінальная справа паводле артыкула 159 крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі (махлярства). Беларус цяпер знаходзіцца пад вартай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG