Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў ва ўкраінскі лес, а трапіў у беларускую турму


Драматычную гісторыю са шчасьлівым канцом пра прыгоды ўкраінца на беларускай мяжы ў і магілёўскай турме распавяла кіеўская газэта “Факты и комментарии”.

Бацька дзевяцёх дзяцей, 44-гадовы ўкраінскі селянін Іван Кавалевіч жыве на Ровеншчыне ў вёсцы Познань, што на самой мяжы зь Беларусьсю.

Сёлета 12 лютага, узяўшы, як звычайна, дзедаву дубальтоўку з 15 патронамі, ён пайшоў у лес да сваіх пчолаў. Дзікі мёд Іван Кавалевіч зьбірае вось ужо 20 гадоў. Гэтую своеасаблівую пасеку яму перадаў дзед, а дзеду, у сваю чаргу, яго дзед. Двойчы на год украінскі селянін наведвае сваіх пчол, глядзіць, ці ўсё ў іх у парадку.

Якраз па гэтым лесе праходзіць дзяржаўная ўкраінска-беларуская мяжа, хоць памежных знакаў і няма. Шукаючы грыбы, ягады ці дзікі лясны мёд, пазнанцы нярэдка нават і ня ведаюць, па які бок ад мяжы яны знаходзяцца.

Як і іншых аднавяскоўцаў, Кавалевіча неаднойчы затрымлівалі беларускія памежнікі. Звычайна такіх стыхійных парушальнікаў трымаюць пад вартай да высьвятленьня асобы максымум тры дні. Сёлета Кавалевіч вярнуўся зь Беларусі дадому ва Ўкраіну праз паўгода.

У той лютаўскі дзень, калі Кавалевіч ужо зьбіраўся вяртацца дадому, яго нечакана спынілі два беларускія памежнікі. Яны патлумачылі, што ўкраінец знаходзіцца на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Тлумачэньні Кавалевіча пра пчолаў не пераканалі. Тым больш што падзеі адбываліся ўзімку, а за плячыма селяніна была стрэльба.

…Неўзабаве памежнікі перадалі справу мытнікам. Тыя склалі пратакол, згодна зь якім дзеяньні Кавалевіча падпалі пад артыкул “кантрабанда зброі”.

Бацьку дзевяцёх дзяцей перадалі ў Пінскі сьледчы ізалятар часовага ўтрыманьня. Мясцовы пракурор пастанавіў трымаць украінца да суду. Ён нават не пажадаў і слухаць, як гэты чалавек апынуўся на замежнай тэрыторыі.

Іван Кавалевіч гаворыць па-ўкраінску з моцным беларускім акцэнтам. Так размаўляюць у ягонай памежнай вёсцы ўсе.
мытнікі склалі пратакол, згодна зь якім дзеяньні Кавалевіча падпалі пад артыкул “кантрабанда зброі” ...

“Некаторы час мне нават не хацелася верыць, што ўсё можа быць настолькі сур’ёзна”, — расказваў Іван Кавалевіч украінскім журналістам. — “Але калі празь мясцовае радыё перадалі, што затрыманы ўкраінскі кантрабандыст, які зьбіраўся пераправіць за мяжу вялікую партыю зброі і боепрыпасаў, я зразумеў, што размова ідзе пра мяне”.

Украінскі селянін чакаў суду ў сьледчым ізалятары тры месяцы. Жонка Кавалевіча Хвядора наняла мужу беларускага адваката, аднак той прызнаўся, што шанцаў на вызваленьне вельмі мала. Маўляў, украінца ў любым выпадку хочуць пасадзіць — зрабіць гэткае паказальнае пакараньне.

“У камэры сьледчага ізалятара разам са мной знаходзіліся яшчэ шэсьць чалавек. Усе крымінальнікі, якія сядзелі ці то за забойства, ці то за крадзеж у буйным памеры. Мяне паважалі, бо кантрабанда зброі — гэта салідны артыкул. Я нават не апраўдваўся. Спадзяваўся ў душы, што хутка ўсё высьветліцца і вярнуся дадому да сям’і”, — узгадвае Іван і працягвае:

“Калі ж адбыўся суд і судзьдзя вынес вырак — тры з паловай гады турмы — я ад нечаканасьці нават упаў на лаву. Нечаканым гэта было і для таго памежніка, які затрымаў мяне і выступаў на судзе ў якасьці сьведкі. Ён падбег да мяне і прасіў прабачэньня. Ад гэтых слоў лягчэй ня стала. Мяне перавялі ў магілёўскую турму”.

Тут у турэмным бараку сядзелі ўжо 20 чалавек. Гэта былі пераважна беларусы. Даведаўшыся, што Кавалевіч з Украіны, вельмі дзівіліся.
Галоўныя праблемы ў турме з харчаваньнем ды курэньнем. ...

Кавалевіч:“Ставіліся да мяне спагадліва. Галоўныя праблемы былі з харчаваньнем ды курэньнем. На зоне за працу можна было зарабіць тры-чатыры тысячы беларускіх рублёў. Гэтага хапала на дзьве пачкі цыгарэт. Калі жонка спыталася, што мне перадаць, я папрасіў грошы. У мясцовай краме можна было без праблемаў набыць неабходнае”.

Іван узгадвае, што за час беларускага зьняволеньня ён дасканала вывучыў Крымінальны кодэкс Беларусі. Паводле ягоных слоў, украінскага Крымінальнага кодэксу ён і дагэтуль ня ведае, аднак беларускі “можа нават выкладаць дзецям у школе”.

Для параўнаньня: у адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам, за незаконны пераход мяжы прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе штрафу ад 850 да 1700 грыўняў ці месяц папраўчых працаў. У Беларусі ж за гэта існуе ня толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасьць — да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Звычайна да зьбіральнікаў грыбоў ды ягад, а таксама жыхароў памежжа такія жорсткія захады не выкарыстоўваюцца.

Кавалевіч: “Усяго я адседзеў у Беларусі за кратамі чатыры месяцы. Каб не мая Хвядора, сядзець бы мне па поўнай праграме. Яна зьвярталася да ўсіх — да ўкраінскага прэм’ера, у беларускую амбасаду ў Кіеве, ва ўкраінскую амбасаду ў Менску, нават пісала ліст да прэзыдэнта Лукашэнкі. Пасьля абвяшчэньня судовага выраку наш сельсавет напісаў апэляцыю ў беларускі суд. Сьледчы тады мне сказаў: хай ваш прэм’ер асабіста праз усю ўкраіна-беларускую мяжу працягне жоўта-блакітную лінію, інакш будзем кідаць вас усіх у турмы”.

Як піша ўкраінскае выданьне “Факты и комментарии”, усе грошы Кавалевічаў, сабраныя на чорны дзень, разышліся на бясконцыя паездкі Хвядоры ў Беларусь. Сям’я з жахам чакае першага верасьня — пачатку навучальнага году. Дзецям няма за што купіць ранцы, адзеньне, абутак. Маленькія забыліся, што такое ласунак. Уся надзея на гаспадарку, бо працы на вёсцы няма ніякай. Тым ня менш на здымку, якія зрабіў украінскі карэспандэнт, сям’я выглядае шчасьлівай: тата вярнуўся.

Як піша аўтар артыкула,”гледзячы на гэтага 44-гадовага працаўніка, бацьку дзевяцёх дзяцей, цяжка ўявіць сабе, як беларускія праваахоўнікі маглі западозрыць у ім гандляра зброяй…Чаму беларусы вырашылі так жорстка пакараць шматдзетнага ўкраінца, застаецца загадкай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG