Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сафары па-беларуску: галоўнае — трафэй


Апошнім часам на ўсёй тэрыторыі Беларусі назіраецца істотнае павелічэньне пагалоўя дзікай жывёлы. Дзякуючы актыўнай барацьбе з браканьерствам і адстрэлу “шкодных” драпежнікаў зайцы, кабаны, лосі, птушка распладзіліся досыць моцна. Такія тэндэнцыі наўпрост спрыяюць актывізацыі камэрцыйнага паляваньня — цяпер бальшыня паляўнічых гаспадарак арганізуюць паляўнічыя туры для замежнікаў, маючы ад гэтага нядрэнны прыбытак.

Міграцыя дзікай жывёлы можа мець дрэнныя наступствы найперш для яе самой. Начальнік упраўленьня паляваньня дзяржаўнага аб’яднаньня “Таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Ігар Качаноўскі ўдакладняе: прыкладам, мядзьведзь пры адсутнасьці межаў з Расеяй вольна блукае з адной краіны ў другую. Але калі ў Беларусі ён пад аховай, то ў Расеі паляваньне на яго дазволенае:
У Расеі паляваньне на мядзьведзя адкрытае. Мы ж іх ахоўваем. А калі нашы мядзьведзі заходзяць на расейскую тэрыторыю, то расейцы іх адстрэльваюць. ...

“На мядзьведзя ў нас няма камэрцыйнага паляваньня. Мядзьведзь у Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу, і любое паляваньне на яго ў нас забароненае. Калі б такі факт быў насамрэч, то гэта факт браканьерства, і ён цягне за сабой крымінальную адказнасьць і вялікія штрафы. Але, у прынцыпе, расейцы могуць застрэліць жывёліну на сваёй тэрыторыі альбо непасрэдна дзесьці на мяжы. Бо з Расеі мядзьведзь да нас таксама заходзіць. А ў Расеі паляваньне на мядзьведзя адкрытае. Мы ж іх ахоўваем. А калі нашы мядзьведзі заходзяць на расейскую тэрыторыю, то расейцы іх адстрэльваюць. Вось такія факты могуць быць. У любым выпадку мядзьведзяў у Беларусі каля сотні. Але, яшчэ раз падкрэсьліваю, паляваньне на іх катэгарычна забаронена”.

Кожная паляўнічая гаспадарка Беларусі фармуе свой сьпіс жывёлы, якую можна адстрэльваць дзеля трафэяў ці на мяса. Прыкладам, штогадовая здабыча ліцэнзійных відаў жывёлы на базе Браслаўскага лясгасу складае 800 дзікоў, 150 казуляў, 100 баброў і 50 ласёў. Цяпер, як кажа Ігар Качаноўскі, адкрыты сэзон паляваньня на дзікоў:

“Што тычыцца паляваньня на кабана, то на сёньняшні дзень такое паляваньне адкрытае (у тым ліку і камэрцыйнае) згодна з вызначанымі правіламі паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі. То бок вядзецца такое паляваньне, актыўна запрашаюцца турапэратарамі замежнікі, якія вядуць на нашай тэрыторыі адстрэл кабана з вышкі, з падыходу”.

Карэспандэнт: “На лася таксама паляваць можна?”


“На лася пакуль не, на лася паляваньне адкрыецца з 1 верасьня. У лася якраз гон пачынаецца, таму верасень будзе толькі для трафэйнага лася. А ўжо агульнае паляваньне пачнецца ў кастрычніку”.

Штогод у краіне гасьцююць аматары сафары па-беларуску з Польшчы, Расеі, Італіі, Нямеччыны, Францыі, Бэльгіі, арабскіх краінаў. Для іх арганізуецца калектыўнае паляваньне з загонам жывёлы на стралкоў, індывідуальнае паляваньне з пад’езду або засады, паляваньне з сабакамі і г.д. І хоць абаронцы жывёлы кажуць пра негуманнасьць асэнсаванага забойства братоў нашых меншых, паляўнічыя гаспадаркі аргумэнтуюць гэта чалавечай патрэбай на генным узроўні ды магчымасьцю зарабіць на гэтым немалыя грошы.

Працягвае Ігар Качаноўскі:

Паляваньне ў Беларусі — забава ня танная

  • Курапатка — € 9
  • Рабчык — € 10
  • Глухар — € 430
  • Цецярук — € 130
  • Гусь — € 18
  • Качка — € 8
  • Алень — € 300—2640
  • Мяса за 1 кг — € 2,50
  • Скура за 1 кг — € 2,00
  • Касуля — € 80—1050

“Для замежнікаў, калі гэта трафэйнае паляваньне, то аплата залежыць найперш ад таго, які памер трафэю. Ёсьць нормы, ува што гэта можа выліцца. У кабана выварваюцца клыкі і робіцца ацэнка. То бок усё залежыць ад канкрэтнага экзэмпляру. Калі гэта трафэйны кабан, праводзіцца вымярэньне і робіцца ацэнка. Магу сказаць, што для беларусаў трафэйны кабан (залежна ад кожнай паляўнічай гаспадаркі) ацэньваецца дзесьці ў 450 тысяч рублёў. А на сяголетак — ад 60 тысяч. То бок кошт кабана для нашага паляўнічага — ад 60 да 450 тысяч рублёў. Мяса звычайна забіраюць. Але залежыць ад паляўнічага — забірае ён ці адмаўляецца на карысьць паляўнічай гаспадаркі. Замежнікі зазвычай мяса празь мяжу не вязуць, а расейцы забіраюць. Эўрапейцы — не, для іх галоўнае трафэй, клыкі”.

Для замежнікаў трафэйны цэньнік зусім іншы. 200-мілімэтровыя клыкі дзіка будуць каштаваць паляўнічаму 570 эўра. Паўкіляграмовыя рогі казулі з чэрапам бязь ніжняй сківіцы — 890 эўра, 6-кіляграмовыя рогі лася з чэрапам — 980 эўра.

Аднак некаторыя паляўнічыя ня толькі трацяцца на магчымасьць здабычы трафэяў, але яшчэ і зарабляюць. Рэзкае павелічэньне папуляцыі ваўкоў, янотападобных сабакаў, лісаў вымушаюць адстрэльваць іх часьцей. За кожны “скальп” паляўнічыя гаспадаркі прызначаюць узнагароду. У адпаведнасьці з усталяванымі тарыфамі, за дарослага ваўка — звыш 200 тысяч рублёў, за ваўчыцу з вывадкам і ваўка, хворага на шаленства — 300 тысяч. Ліса і янотападобны сабака ацэньваюцца сьціплей, у эквіваленце — 10 даляраў. Але калі ў лябараторыі высьветліцца, што яны пераносчыкі шаленства, то памер заахвочаньня падвышаецца ўтрая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG