Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дні працуем, чатыры - адпачываем


Мотавела
Мотавела

Практычна ўсе прадпрыемствы машынабудаваньня Беларусі пераведзеныя на скарочаны графік працы. Менскі падшыпнікавы завод усьлед за МТЗ, Менскім маторным і “Амкадорам” афіцыйна ўвёў трохдзёнку. Тым часам “Атлант” ня ведае, куды падзець складзкія залежы, а з “Мотавела” масава сыходзяць кваліфікаваныя спэцыялісты.


МЕНСКІ ПАДШЫПНІКАВЫ ЗАВОД


Вядучы тэхнічны спэцыяліст Менскага падшыпнікавага заводу Андрэй Гардзейка расказаў, што прадпрыемства на неакрэсьлены тэрмін пераведзенае на трохдзённы працоўны тыдзень. Паводле яго, такая тэндэнцыя характэрная для бальшыні буйных прадпрыемстваў Менску:
агулам па заводзе ўсталяваная трохдзёнка ...

“Канечне, у нас таксама скарочаны графік. Афіцыйна ў нас трохдзёнка, але бывае, што некаторыя тыдні працуем чатыры дні. То бок асобныя службы ходзяць па сваіх графіках, але агулам па заводзе ўсталяваная трохдзёнка. Гэта ўласьціва амаль для ўсіх прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу. Сытуацыя залежыць ад таго, як паводзіць сябе рынак. Падшыпнікі — прадукт спэцыфічны. Бывае, што адну намэнклятуру падшыпнікаў выпускаеш у вялікім аб’ёме і завязаны на аднаго-двух спажыўцоў. Зь імі штосьці здарылася, фінансавы крызіс захапіў. І тады праблемы. А ёсьць намэнклятура, якая спажываецца вельмі многімі, добра разыходзіцца. Таму захоўваецца пэўны балянс. Недахоп абаротных сродкаў, натуральна, адбіваецца, але завод пакуль працуе больш-менш устойліва”.

АТЛАНТ

Адно з самых затавараных у Менску — аб’яднаньне “Атлант”. Агулам на складах — больш за 240% вырабленай тэхнікі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Прычынай — скарачэньне экспартных паставак. На складзе цяпер назьбіралася 258 тысяч лядоўняў і 40 тысяч пральных машынаў. Пры гэтым у адміністрацыі прадпрыемства нахвальваюць уласную прадукцыю і не разумеюць, чаму пакупнікі аддаюць перавагу замежным аналягам:
навошта людзі хапаюць гэтыя “Bosch’ы” турэцкія, не кажу пра “Індэзіт”, выраблены ў Расеі ...

“У менскай краме “Bosch” халадзільнік “Атлант” як стаяў год ці нават два, дык і дагэтуль стаіць. Чамусьці купляюць толькі імпартную тэхніку. Хоць, прыкладам, я зараз пераконваюся ўсё больш і больш: па вялікім рахунку, “Атлант” нічым не адрозьніваецца ад іншых замежных марак. Я нават ня ведаю, навошта людзі хапаюць гэтыя “Bosch’ы” турэцкія, бо я паглядзеў па ўсіх характарыстыках, дык наш халадзільнік зусім нядрэнны. Я ўжо не кажу пра “Індэзіт”, выраблены ў Расеі. Вельмі шмат зваротаў у сэрвіс па расейскай тэхніцы — дакладней, вырабленай па замежных тэхналёгіях у Расеі”.

МОТАВЕЛА

Менскі завод “Мотавела” яшчэ нядаўна падавалі як прыклад удалага інвэстыцыйнага супрацоўніцтва ўраду Беларусі і аўстрыйскага капіталу. Аднак, як цьвердзіць інжынэр-канструктар з 50-гадовым стажам працы на прадпрыемстве Барыс Фердман, насамрэч пачалося сапраўднае безуладзьдзе, а завод пазбавіўся самых кваліфікаваных кадраў:

З 4 500 працоўных засталося на заводзе хіба 1 700 ...
“За ўвесь час, што я працаваў на заводзе, зьмяніліся 12 дырэктараў. І паказальна, што шэсьць зь іх, то бок роўна палова, зьмянілася ад моманту “прыватызацыі”. Тасуецца калода няшчадна. У выніку неакрэсьленасьці што атрымалася? З 4 500 працоўных засталося на заводзе хіба 1 700. Ад беспэрспэктыўнасьці сышлі самыя лепшыя кадры. Справы ідуць усё горш і горш. Справа ў тым, што мы разьлічаныя на масавую вытворчасьць (гэта як булачкі выпякаць). Пастаўлялі прадукцыю ў асноўным на постсавецкую прастору. Але нашы вырабы ніяк ня могуць канкураваць за кошт тэхнічных дадзеных, а толькі коштам нізкай цаны. І менавіта такім чынам мы доўгі час лічыліся адным зь лепшых прадпрыемстваў гораду”.

Менскі трактарны завод, які адным зь першых перайшоў на трохдзённы графік, падхапіў досьвед “натуральнага” разьліку са сваімі супрацоўнікамі. Напярэдадні на МТЗ пачала працаваць сталоўка, дзе пельмені, варэнікі ды іншыя прадукты можна ці зьесьці на месцы, ці ўзяць дахаты. У кожным выпадку — у кошт будучага заробку. Нагадаем, што на барысаўскім заводзе БАТЭ частку заробку можна атрымаць мясам і малочнымі прадуктамі.

на складзе сямімесячны запас прадукцыі


Тэрыторыя Менскага трактарнага заводу, застаўленая гатовымі трактарамі
Запасы вырабленай, але не прададзенай прадукцыі ў Беларусі дасягнулі такіх маштабаў, што ўрад выдаў адмысловую пастанову, паводле якой прамысловыя прадпрыемствы будуць лічыцца пасьпяховымі толькі тады, калі рост выручкі ад продажу запасаў будзе перавышаць тэмпы вытворчасьці.

Магілёўшчына


На бальшыні прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну зьніжаецца вытворчасьць


У Бабруйску цяпер 17 заводаў і фабрык не дасягаюць нават паловы ранейшых аб’ёмаў вытворчасьці . З гэтай прычыны іх фінансавыя страты сягаюць 135 мільярдаў рублёў.

У сьпіс такіх прадпрыемстваў трапіў і Бабруйскі машынабудаўнічы завод.

Цяжкое эканамічнае становішча на прадпрыемстве зьвязваюць зь неспрыяльнай сытуацыяй на расейскім рынку. Туды бабруйскія машынабудаўнікі пастаўлялі да васьмідзесяці працэнтаў прадукцыі. Гаворыць галоўны інжынэр прадпрыемства:

Расьце незадаволенасьць заробкамі працаўнікоў, і пік хваляваньняў можа прыпасьці на пэрыяд выдаткаў, выкліканых падрыхтоўкай дзяцей да школы.
“У іх цяпер невядома што творыцца, і гэта на нас адбіваецца. Плянавалі на пачатку году выпусьціць прадукцыі на трынаццаць мільярдаў, але на сёньняшні дзень на адзін мільярд не дапрацавалі. Стараемся шукаць ужо новую прадукцыю, нетрадыцыйную для нас. Не цэнтрабежныя помпы. Вось прапрацоўваем выпуск чыгунных эмаліраваных балеяў. Іх толькі ў Расеі вырабляюць”.

Што да запасаў гатовай прадукцыі, то яны на прадпрыемстве ёсьць. Іх аб’ём, аднак, высьветліць не ўдалося.

Бабруйскі машынабудаўнічы завод спэцыялізуецца на выпуску помпаў для нафтавай і хімічнай вытворчасьці. На ім працуе крыху болей за тысячу чалавек. У прафкаме паведамілі, што сярэдні заробак на прадпрыемстве не перавышае 650 тысяч рублёў. Завод працуе чатыры дні на тыдзень.

А які настрой у калектыве й ці ведаюць працоўныя пра стан свайго прадпрыемства?

“Ёсьць, вядома, незадавальненьні, але каб былі нейкія незадавальненьні з патрабаваньнямі — такога няма. Сёньня людзі хочуць працаваць і атрымліваць нармальны заробак. Пакуль трываюць, а што будзе далей — я ня ведаю. Бо неўзабаве пачынаецца новы навучальны год, і дзяцей трэба рыхтаваць да школы. Пакуль заробак мы выплачваем у час”, — кажа супрацоўніца прафкаму.

На прадпрыемстве няма суполак незалежных прафсаюзаў, таму ў калектыве спакойна, лічыць завадзкая прафсаюзная функцыянэрка.

“У нас ёсьць суседзі, завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, на сёньняшні дзень там чатырыста сяброў свабоднага прафсаюзу. Так, там могуць быць праблемы. У нас жа пакуль такой сытуацыі няма. У нас жа сяброў такога прафсаюзу лічаныя адзінкі”.

Гарадзеншчына


Экспартаарыентаваны завод “Белтапаз” адгружае прадукцыю толькі адзін раз у квартал


Гарадзенскія экспартаарыентаваныя прадпрыемствы, ратуючыся ад крызісу, шукаюць новыя рынкі збыту, перанакіроўваючы пастаўкі з краін СНД у краіны Эўразьвязу.

Гарадзенскае прадпрыемства “Белтапаз”, якое выпускае такарныя патроны і запчасткі для іх, заўсёды было экспартаарыентаваным.

Прадукцыя пастаўляецца пераважна ў краіны СНД, але апошнім часам на складах прадпрыемства, паводле словаў начальніка аддзелу збыту Тацьцяны Дзекань, ляжыць сямімесячны запас.

600 рабочых прадпрыемства працуюць толькі чатыры дні ў тыдзень.
На прадпрыемстве працуе звыш 600 чалавек. Са слоў спэцыяліста, зараз назіраецца даволі высокая цякучка кадраў, пагатоў прадпрыемства ўжо даўно на чатырохдзёнцы.

Дзекань: “Расея бярэ прадукцыю, але аб’ёмы зьменшыліся ў тры разы. Беларускія прадпрыемствы таксама ў 3-4 разы зьменшылі закупы. Усё з-за таго, што няма грошай, прадпрыемствы неплатаздольныя. Калі раней мы адгружалі прадукцыю штомесяц, то зараз — толькі адзін раз у квартал”.

У аддзеле маркетынгу адзін са спэцыялістаў, спадар Яўген, кажа, што апошнім часам у краінах СНД пачалі шукаць новых дылераў для продажу сваёй прадукцыі, а ў некаторых рэгіёнах імкнуцца заключаць дамовы наўпрост.

Прынцыпова новым падыходам у працы аддзелу маркетынгу, са слоў спэцыяліста, стаў пошук новых рынкаў збыту на Захадзе.

Спадар: “Нядаўна езьдзілі ў Польшчу на выстаўку, спрабуем наладзіць сумесны выпуск такарных патронаў з чэхамі. А польскія прадпрыемствы выказалі жаданьне стаць нашымі дылерамі ў Эўропе. Пакуль вядуцца перамовы”.

Ашмянскай “Радыётэхніцы” не ўдаецца дамовіцца зь Літвой


Ашмянскае прадпрыемства “Радыётэхніка” — унікальнае прадпрыемства для раённага цэнтру. Яно пастаўляе прадукцыю для МАЗа, МТЗ, БелАЗа, “Амкадора”. На ім працуе трохі болей за 250 чалавек.

Са слоў дырэктара, спадара Івана, з-за крызісу пастаўкі іхнай прадукцыі на вядомыя беларускія прадпрыемствы скараціліся да 30%. Значна скараціліся пастаўкі і для расейскіх заводаў ЗІЛ і КАМАЗ.

Дырэктар кажа, што тут усялякім чынам спрабуюць наладзіць вытворчасьць тавараў сумесна зь іншымі беларускімі вытворцамі, а вось што датычыць заходніх рынкаў збыту, то пакуль ня ўсё атрымліваецца:

“Мы спрабавалі працаваць зь Літвой па таварах народнага спажываньня, але яны выкручваюць нам рукі цэнамі, хочуць, каб прадавалі ніжэй за сабекошт. Ну, мы ж ня будзем працаваць сабе на страту”.

Даведка “Свабоды”
Паводле афіцыйнай статыстыкі, запасы гатовай прадукцыі на беларускіх прадпрыемствах у ліпені ацэньваюцца ў 7,4 трыльёна рублёў. У параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году яны вырасьлі на 3,3 трыльёна рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG