Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматфункцыянальны Коля


Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем прыляцеў на саміт АДКБ у Бішкек
Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем прыляцеў на саміт АДКБ у Бішкек

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 9 жніўня

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка на афіцыйных і забаўляльных мерапрыемствах, а таксама на міжнародных прэзыдэнцкіх самітах нярэдка зьяўляецца са сваім малалетнім сынам Колем. Сын ня толькі суправаджае бацьку, але й прысутнічае на адказных дзяржаўных перамовах і нават выконвае пэўныя палітычныя заданьні й сацыяльныя ролі. У чым яны? Пра гэта мы гутарым з палітолягам Уладзімерам Падголам.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Уладзімер, пяць гадоў таму мы з вамі ў “Вольнай студыі” гаварылі аб прыродзе дыктатуры. І вы тады цьвердзілі, што дыктатар перад народам павінен быць адзін. І прыводзілі на гэты конт даволі пераканальныя аргумэнты, маючы на ўвазе тагачасныя паводзіны кіраўніка Беларусі. Сёньня ён ні перад сваім народам, ні перад міжнароднай грамадзкасьцю не адзін, а з сынам. Чаму ён вырашыў адмовіцца ад сваёй ранейшай публічнай адзіноты?”

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол:
“Не, вы ня маеце рацыі. Лукашэнка не адмовіўся ад сваёй адзіноты, ён яе яшчэ больш закантраставаў. Памятаеце, да зьяўленьня Колі, кіраўнік Беларусі ўпадабаў танцы? Два гады таму ён таньчыў у Дзень незалежнасьці (3 ліпеня) на Кастрычніцкім пляцы з маладымі прыгожымі дзяўчатамі. На кожны школьны выпускны баль яму Міністэрства адукацыі й Адміністрацыя прэзыдэнта падбіраюць выдатніцу-прыгажуню на прэзыдэнцкі танец. І Коля – з гэтага самага шэрагу. Сын – таксама сродак дзеля таго, каб падкрэсьліць тую ці іншую станоўчую рысу дыктатара. У прыватнасьці, у псыхалягічным партрэце Лукашэнкі Коля мусіць падкрэсьліць рысу “бацькоўства”. Лукашэнка – ня толькі “бацька” нацыі, але яшчэ і клапатлівы рэальны бацька. Але паглядзіце пільна, калі Лукашэнка вядзе Колю за руку, вы ўбачыце вельмі цікавую рэч. Ён літаральна цягне гэтага Колю! Урэшце бацька яго кідае, і ўжо ахоўнікі яго вядуць, а для Лукашэнкі сын быццам перастае існаваць”.

Скобла: “Малодшы сын прэзыдэнта сядзіць на каленях бацькі падчас афіцыйных перамоваў. Гуляе ў футбол з кардыналамі ў рэзыдэнцыі Папы Рымскага. Прымае разам з бацькам вайсковы парад… То бок – ён што, выконвае пэўную палітычную функцыю?”

Падгол: “Выконвае. Вось просты прыклад – Коля ў Ватыкане. Там ён падарыў Папу Рымскаму расейскамоўны буквар. Коля выканаў функцыю пасланьня Крамлю: глядзіце, якую мову вычучае маленькі сынок прэзыдэнта! Але самая галоўная функцыя Колі – пераемнік. Нядаўна па БТ паказалі кадры старой дакумэнтальнай хронікі, дзе цар Мікалай ІІ ішоў перад войскам, а поруч зь ім ішоў маленькі царэвіч Аляксей. Але гэта быў законны спадчыньнік расейскага трону. А Лукашэнка адкрытым тэкстам заявіў, што на прэзыдэнта ён будзе рыхтаваць наймалодшага сына. Пытаньне ўлады для яго – вельмі хваравітае. Пару тыдняў таму, калі праходзіў “Славянскі базар” у Віцебску, Лукашэнка па дарозе заехаў у інтэрнат да адораных дзетак, і там адбыўся ўнікальны дыялёг. Нейкі хлопец спытаўся ў Лукашэнкі: “Як стаць прэзыдэнтам? Якія для гэтага патрэбныя якасьці?” І тут – бура эмоцыяў з боку Лукашэнкі: “Ды кінь ты пра гэта думаць! Ды ня трэба і ў галаве падобных думак мець!”

Скобла: “Кажучы, што ён будзе рыхтаваць Колю на прэзыдэнта, кіраўнік краіны, як мне здаецца, атрымлівае пэўнае самазаспакаеньне – перадача ўлады мае адбыцца ажно праз 30 гадоў”.

Падгол: “І праз 30 гадоў перадача ўлады не плянуецца. Вы прыслухайцеся да словаў Лукашэнкі. Ён кажа: “Тады нас з вамі ўжо ня будзе…” Відаць, ён мяркуе заставацца на прэзыдэнцкай пасадзе пажыцьцёва”.


Скобла: “Цяпер давайце пагаворым пра сацыяльную ролю Колі. Ягоны бацька не хавае, што гэта пазашлюбны сын. Сям’я для беларусаў заўсёды значыла шмат. Кіраўнік Беларусі, фактычна, закрэсьліў сям’ю як грамадзкую каштоўнасьць. Якія ж тут ён мог атрымаць дывідэнды – на сацыяльным узроўні?”

Падгол: “Такія самыя дывідэнды, якія ён атрымаў, калі публічна падтрымаў забойцаў з Пухавіцкага раёну. Памятаеце, яны забілі свайго аднавяскоўца і спалілі яго. І Лукашэнка раптам па тэлебачаньні кажа: “Так яму і трэба, падонку… А да гэтых людзей трэба аднесьціся па-чалавечы. Можа, нам трэба іх падтрымаць?” І з Колем падобная сытуацыя. Вы паглядзіце статыстыку – восемдзесят адсоткаў шлюбаў сёньня распадаецца. Вось вам і традыцыйная каштоўнасьць – моцная сям’я… Няма больш у Беларусі гэткай каштоўнасьці, яна зьнікла, можа, потым адродзіцца. Далей. Адсоткаў пяцьдзесят тых сем’яў, якія не распаліся афіцыйна, мараць пра развод. Але матэрыяльныя ўмовы, любоў да дзетак і г.д. не даюць гэтага зрабіць. А Лукашэнка публічна ўвасобіў мару нашых мужыкоў: і жонка афіцыйная недзе ёсьць, і каханка ёсьць, і нават некалькі каханак, калі трэба. І ў народзе пераказваюць легенды, показкі пра іх, і Коля – у цэнтры ўвагі. Ёсьць магчымасьць наглядна прадэманстраваць бацькоўскую любоў да свайго дзіцяці. І Лукашэнка яе дэманструе”.
Коля маўчыць-маўчыць, і раптам загаворыць – па-беларуску ...

Скобла: “А вы заўважылі, што Коля ўвесь час маўчыць? Хоць у такім узросьце дамагчыся, каб дзіця нічога не гаварыла, даволі складана. А калі такую сытуацыю ўявіць: Коля маўчыць-маўчыць, і раптам загаворыць – па-беларуску. Пагадзіцеся, гэта быў бы добры козыр у бацькавых руках. Вы такога не дапускаеце?”

Падгол: “Не дапускаю. Каб Коля загаварыў па-беларуску, яго трэба некалькі гадоў з ранку да вечара, кожны дзень, без перапынку вучыць беларускай мове. Ён жа вучыцца лукашэнкаўскай мове. Коля раз-пораз нешта кажа, але ня ўсе чуюць. Памятаеце, ня так даўно Лукашэнка не паехаў на скачкі ў Крэмль, а сеў з Колем на матацыкл і ўзначаліў шэсьце байкераў? Яны ішлі між тых байкераў, і Колю нейкі падарунак давалі. І раптам Коля кажа: “Я подарков не принимаю”. Значыць, яму забаронена браць любыя падарункі”.

Скобла: “Не прымаць падарункі – гэта ж пакараньне для діцяці”.

Падгол: “Гэта пакараньне неверагоднае! І гэтая псыхалягічная траўма потым трансфармуецца ў паталёгію характару. Год таму на вайсковых вучэньнях Колю завялі ў штаб кіраваньня ракетных войск, дзе быў пульт кіраваньня ракетамі. Колю паставілі на крэсла, каб ён бачыў, як розныя лямпачкі міргаюць. А ён раптам ускочыў нагамі на той пульт і пачаў на ім таньчыць, наступаючы на кнопкі, якімі запускаюцца ракеты. У афіцэраў – шок, але яны і пальцам не маглі крануць прэзыдэнцкаага сына! Добра, што ў пускавых шахтах на рэйках не стаялі ў гэты момант ракеты, а то такі фаервэрк атрымаўся б – ня дай Божа... Вось да чаго прыводзяць шматлікія забароны. У пэўны момант, адчуваючы сваю беспакаранасьць, Коля пачынае свавольнічаць абсалютна без усякіх межаў. Калі так усё будзе працягвацца і надалей, мы такога псыхалягічнага звырода атрымаем – проста жудасна”.

Скобла: “Прыкладна месяц таму, даючы званьні акадэмікаў групе беларускіх навукоўцаў, Лукашэнка спытаўся ў дырэктара Інстытуту мовы й літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандра Лукашанца: “Ну, дык ці размаўляе яшчэ беларускі народ на роднай мове?” І ў адказ пачуў, што мова, дзякуючы клопату дзяржавы, жыве і квітнее… У Лукашэнку за 15 гадоў многае зьмянілася. Ці зьмянілася яго стаўленьне да нацыянальнай культуры і мовы?”

Падгол: “І беларуская мова, і нацыянальная культура, і зямля па нагамі, і неба над галавой – для Лукашэнкі гэта сродкі для ўтрыманьня рэйтынгу і захаваньня ўлады. У гэтым сэнсе ў ім абсалютна нічога не зьмянілася. У яго няма каштоўнасьцяў. Ягоныя каштоўнасьці ўтылітарныя – імі можна гандляваць. І ён усім, чым толькі можна, гандлюе. Скажам, з Крамлём ён гандлюе мовай. Маўляў, пакажыце мне хоць адну рэспубліку былога СССР, дзе ў гэткай пашане расейская мова. Ня знойдзеце, таму давайце нам крэдыты і г.д. Лукашэнка раз-пораз адкрыта гаворыць пра гэта расейскім журналістам, напэўна, тэт-а-тэт кажа крамлёўскім палітыкам. Паўтараю, і мова, і ўсё астатняе для яго – тавар”.

Скобла: “Аднойчы па першай праграме Беларускага радыё я пачуў няўхвальнае выказваньне Лукашэнкі пра сучасную літаратуру. Вось дакладная цытата зь ягонага выступу: “А вось клясыку я ўсю прачытаў. Яна ўпрыгожвае маю бібліятэку”. А наколькі гэтая “прачытаная клясыка” выяўляецца ў мове Лукашэнкі? Ці абапіраўся ён калі-небудзь на думкі клясыкаў – гэта ж звычайная практыка для людзей публічных?”
Лукашэнка мае пэўныя здольнасьці байкаскладальніка...

Падгол: “Ды не чытаў ён клясыку. Я памятаю другія ягоныя выказваньні, дзе ён прызнаваўся, што любіў калісьці літаратуру, але пераважна гістарычную, пра гістарычных дзеячоў. Думаю, што тут ён быў больш праўдзівы. Калі Лукашэнка мог сядзець над кніжкамі? Ён пастаянна быў зь людзьмі. Вы паглядзіце на ягоную працоўную біяграфію: брыгадзір, дырэктар саўгасу, дэпутат… Якія там кніжкі! Не чытаў ён іх, ніякая клясыка ў ягоных прамовах абсалютна не праяўляецца. Проста Лукашэнка мае пэўныя здольнасьці байкаскладальніка”.

Скобла: “Байка – гэта ўсё ж літаратурны жанр”.

Падгол: “Байкі бываюць розныя. Калі вы зойдзеце ў заводзкую курылку…”

Скобла: “Там гучаць пераважна анэкдоты”.

Падгол: “Не, ёсьць людзі, якія акрамя анэкдотаў яшчэ і байкі расказваюць. У Лукашэнкі ёсьць байкі, якія цягнуцца аж на цэлую старонку – зь некалькімі героямі, сюжэтамі, маральлю. Напрыклад, байка пра тое, што ў Расеі на захадзе няма войска, што беларусы бароняць Расею. І калі танкі пойдуць на Крэмль, беларусы іх не прапусьцяць, яны гатовыя памерці, абараняючы Маскву. Што ж гэта, калі ня байка? Выдатная байка!”

Скобла: “Вы склалі цытатнік Лукашэнкі й працягваеце калекцыянаваць ягоныя выказваньні. Што вы зьбіраецеся рабіць са сваёй калекцыяй, і наколькі яна вырасла ад часу першага выданьня цытатніка?”

Падгол: “Ужо амаль дзесяць гадоў я працую над кнігай “Куля для прэзыдэнта”, і згаданы вамі цытатнік – звычайны тэхнічны файл рамана. Я, па-сутнасьці, склаў вялізную мэгабайку з баек Лукашэнкі – на сёньня ўжо адзінаццаць кніжак. Талент байкаскладальніка можа яму спатрэбіцца ў будучыні. Адны кажуць, што Лукашэнка, як сыдзе з пасады прэзыдэнта, атрымае прытулак у Расеі. Іншыя вэрсіі выказваюцца… А я думаю, што яму варта падумаць пра сваю літаратурную будучыню. Зь яго атрымаўся б добры прэзыдэнт чаргінцоўскага Саюзу пісьменьнікаў. Пагуляў у хакей, байку расказаў... А прыдворныя літаратары за ім па чарзе запісваюць, усталявалі працоўныя вахты. І народ любіць Аляксандра Рыгоравіча, і кветкі яму на сустрэчах прыносіць, ён езьдзіць з выступамі па ўсёй краіне, выяжджае ў Расею на гастролі… Майстар размоўнага жанру з Лукашэнкі атрымаўся б ня горшы, чым з Задорнава. У гэтым выпадку яго байкарскі талент раскрыўся б напоўніцу. І імідж удалося б захаваць. Атрымаўся б проста пераход Лукашэнкі з прэзыдэнцкай пасады на чале краіны на прэзыдэнцкую пасаду ў Саюз пісьменьнікаў”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG