Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэтае рашэньне — ганьба для беларускай юстыцыі”


Супрацоўнік аховы не дазваляе журналістам здымаць ля будынку Вярхоўнага суду.
Вярхоўны суд падтрымаў Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша вясна”. Скаргу на Мін’юст падавалі Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч. Судзьдзя Церах спаслаўся на тое, што ў пададзеным на рэгістрацыю сьпісе пра чатырох з 71 заснавальніка аб’яднаньня пазначаныя недакладныя зьвесткі. Таксама суд палічыў, што гарантыйны ліст адносна юрыдычнага адрасу нельга прызнаць юрыдычна значным.

Паводле Алеся Бяляцкага, нягледзячы на гэтае рашэньне, праваабаронцы працягнуць сваю дзейнасьць. Адмова ў рэгістрацыі “Нашай вясны” “ня мае ніякага дачыненьня да права і парушае права на асацыяцыю”.

“Мы перастаём падаваць паперы на рэгістрацыю. Але, з другога боку, будзем максымальна прыцягваць увагу міжнароднай супольнасьці да таго, што ў Беларусі парушаецца права на асацыяцыю. Яны абапіраліся на беларускае заканадаўства абсалютна фармальна. Літаральна хапіла там дзьвюх косак, дзьвюх кропак дзеля таго, каб фармальна адмовіць нам у рэгістрацыі. Відавочна, што рашэньне мае палітычны характар. Была пастаўлена задача перад Міністэрствам юстыцыі не даваць рэгістрацыю „Вясны“, адпаведна яны і выканалі. Вось такая пазыцыя — няма арганізацыі, няма праблемы — ім зараз найбольш зручная. Для нас відавочна, што ў Беларусі няма свабоды на асацыяцыю. Улады моцна кантралююць гэты працэс і абмяжоўваюць правы грамадзянаў”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што гэтае рашэньне суду “абсалютна прагназаванае”:

“Наша вясна” — гэта тыя, хто ажыцьцяўляе сапраўдны, а не прыхарошаны маніторынг сытуацыі з правамі чалавека. І рэальна дапамагаюць тым, чые, найперш грамадзка-палітычныя, правы парушаюцца. Яны не загульваюць з гэтай уладай. І менавіта таму іх гэтая ўлада і не зарэгіструе. Гэта была лякмусавая паперка наконт праўдзівасьці словаў пра лібэралізацыю, якія ня раз гучалі з Лукашэнкавых вуснаў”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Аляксандар Казулін адзначыў: такое рашэньне сьведчыць пра тое, што правы чалавека для ўладаў — ня тая тэма, якую яны гатовыя зь некім абмяркоўваць.

“І гэта падкрэсьлівае: калі будзе нейкае абмеркаваньне правоў чалавека, то ўлады будуць рабіць усё магчымае, каб да гэтай тэмы не зьвяртацца. Пра які дыялёг, пра якую лібэралізацыю ідзе гаворка ў дадзеным выпадку?!”

Кірыл Карацееў ля будынку суду.
Кірыл Карацееў, назіральнік Абсэрваторыі па абароне правоў праваабаронцаў (сумесная праграма Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека ў Парыжы і Ўсясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў у Жэнэве), які прысутнічаў на працэсе ў Вярхоўным судзе Беларусі, заявіў:

“Гэтае рашэньне ўяўляе сабой ганьбу беларускай юстыцыі. Ёй, напэўна, да гэтага ўжо не прывыкаць. На мой погляд, гэта ганьба. Абсалютна непрапарцыйна — пазбаўляць людзей права на аб’яднаньне з тых прычынаў, якія былі пазначаныя ў рашэньні суду. Таму рашэньне беларускіх уладаў ня мае пад сабой падстаў ні канстытуцыйных, ні міжнародна-прававых”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў, што гэтае рашэньне, паводле працэдуры, будзе абскарджана па наглядзе на імя старшыні Вярхоўнага суду. Таксама будзе накіравана скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека, у якой будуць аб’яднаныя ўсе тры адмовы ў рэгістрацыі аб’яднаньня. Паводле спадара Стэфановіча, гэта будзе матывавана парушэньнем з боку ўладаў Беларусі Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і дыскрымінацыяй адносна праваабаронцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG