Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгода новаму закону аб СМІ — “магло быць і горш”


8 жніўня спаўняецца паўгода з моманту ўступленьня ў сілу новага закону “Аб сродках масавай інфармацыі”. З гэтай нагоды служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў прааналізавала сытуацыю з прымяненьнем нормаў закону і зрабіла пэўныя высновы. Ці можна сказаць, што не апраўдаліся катастрафічныя прагнозы наконт дзеяньня новага закону? Ці пашырыліся магчымасьці для незалежнай прэсы і ці ўмее яна імі карыстацца?

На гэтыя ды іншыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае кіраўнік цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў.

Міхаіл Пастухоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: “Падсумоўваючы гэтыя паўгода дзейнасьці новага Закону, БАЖ робіць агульную выснову — „лепш, чым магло быць, але горш, чым павінна быць“. Што станоўчага і што адмоўнага за гэтыя 6 месяцаў адбылося ў сфэры СМІ? Ці можна сказаць, што ня спраўдзіліся самыя пэсымістычныя прагнозы?”

Пастухоў: “Гэта, бадай, самае галоўнае, што варта адзначыць наконт прымяненьня гэтага закону. Не адбылося нічога катастрафічнага, таго, што прадказвалі незалежныя юрысты. Усё ж з новым законам можна жыць і працаваць.

Хаця некаторыя рэчы сталі больш складанымі. Бо ўзмацніўся кантроль дзяржаўных органаў за дзейнасьцю незалежнай прэсы, больш жорсткімі сталі санкцыі за парушэньне заканадаўства аб СМІ. Да пазытыўных момантаў можна аднесьці тое, што цяпер пры рэгістрацыі СМІ ня трэба ўзгадняць зь мясцовымі органамі ўлады разьмяшчэньне рэдакцыі. Зь іншага боку, працягваюцца цяжкасьці ў доступе да інфармацыі, дзяржаўныя органы адмаўляюць у акрэдытацыі карэспандэнтам незалежных СМІ”.

Цыганкоў: “Цікава, што прадстаўнікі БАЖ як станоўчы момант адзначылі, што Міністэрства інфармацыі „асьцярожна карыстаецца тымі рэпрэсіўнымі паўнамоцтвамі, якія закладзеныя ў гэтым законе“. Выходзіць, што ў любы момант гэты закон дае права на рэпрэсіўныя крокі.
У любы момант можа пачацца новы наступ на СМІ — напрыклад, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Проста ўлада імі цяпер не карыстаецца з-за палітычнай сытуацыі — і гэта ратуе незалежную прэсу”.

Пастухоў: “Так, я згодны з такой адзнакай. У любы момант можа пачацца новы наступ на СМІ — напрыклад, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Пакуль, сапраўды, большую актыўнасьць выяўляюць пракуроры, а Міністэрства інфармацыі чакае”.

Цыганкоў: “У цэлым выснова БАЖу гучыць так: “Улада па-ранейшаму імкнецца захаваць кантроль над інфармацыйнай прасторай”.

Пастухоў: “Так. Вялікіх нэгатыўных дзеяньняў не назіраецца, але разьняволеньня СМІ няма. Дзяржава клапоціцца толькі пра разьвіцьцё сваіх, дзяржаўных газэт, яны маюць істотную фінансавую падтрымку. Да незалежнай прэсы ставяцца як да пасынкаў.

Тым ня менш, на маю думку, трэба актыўней выкарыстоўваць магчымасьці новага закону і рабіць захады для стварэньня новых незалежных грамадзка-палітычных выданьняў”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG