Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памілаваў украінца-пчаляра


Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка памілаваў жыхара памежнага ўкраінскага сяла, затрыманага беларускімі памежнікамі за перасячэньне мяжы й асуджанага на тры гады зьняволеньня.

5 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Роўне народны дэпутат Украіны Сяргей Кошын паведаміў, што да яго зьвярнулася жонка Івана Кавалевіча, жыхара сяла Познань Ракітнаўскага раёну Роўненскай вобласьці. Яна прасіла вярнуць мужа, бацьку дзевяці непаўнагадовых дзяцей, які паўгода таму заблукаў у лесе, перайшоў мяжу й быў затрыманы беларускімі памежнікамі.

Паводле слоў дэпутата, сяло Познань месьціцца ля самай беларускай мяжы, але дэмаркацыйная лінія тут ніяк не абазначаная й мясцовыя жыхары, калі зьбіраюць грыбы ці ягады, часьцяком перасякаюць яе па некалькі разоў на дзень.

Кавалевіч у той дзень пайшоў правяраць свае вульлі, якія яшчэ з савецкіх часоў стаяць у лесе на тэрыторыі Беларусі — за некалькі сотняў мэтраў ад мяжы. З сабой у яго была паляўнічая стрэльба.

Калі ён вяртаўся, сустрэў беларускіх памежнікаў, тыя адвезьлі яго на заставу ў Пінск, абвінавацілі ў кантрабандзе зброі й пасадзілі ў сьледчы ізалятар.

Праз тры месяцы суд прысудзіў Кавалевіча да трох гадоў зьняволеньня ў выпраўленчай калёніі строгага рэжыму. Украінца адвезьлі адбываць пакараньне ў Шклоў.

Паводле слоў дэпутата, ён зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнай Рады Ўладзімера Літвіна, у Міністэрства замежных спраў Украіны, да Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля гэтага прэзыдэнт Беларусі памілаваў Івана Кавалевіча й на мінулым тыдні яго адпусьцілі дахаты, паведамляе УНІАН.

Гэта адзін з праблемных участкаў беларуска-ўкраінскай мяжы. Сёлета 29 чэрвеня, да прыкладу, памежнікі затрымалі там ажно 28 украінцаў ад 4 да 34 гадоў. Жыхары ўкраінскай Познані дружна зьбіралі чарніцы ў беларускім лесе, паведамляў Дзяржаўны памежны камітэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG