Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра 991: Навошта ўзьнялі на дыбкі ўсю краіну?


Пастанова № 991 супярэчыла палітыцы лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці, якая праводзіцца ў Беларусі, лічыць Аляксандар Лукашэнка.

Як паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе кіраўніка дзяржавы, прэзыдэнт раскрытыкаваў гэты дакумэнт у часе нарады па пытаньнях дзейнасьці органаў пракуратуры.

«Для мяне важныя паказьнікі эфэктыўнасьці. У эканоміцы — гэта прыбытак і рэнтабэльнасьць. Вось, да прыкладу, нядаўна выпусьцілі пастанову № 991 „Пра некаторыя пытаньні набыцьця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі“ й фактычна забаранілі суб’ектам гаспадараньня гандляваць»

«Ды хай кіраўнік сам вырашае, як дзейнічаць, а спаганяць трэба за прыбытак і рэнтабэльнасьць! Навошта камусьці ўказваць, з кім гандляваць, працаваць з пасярэднікамі ці не?», — пераказалі словы прэзыдэнта ў прэсавай службе.

«Сталі разьбірацца, хто пастанову рыхтаваў. Аказалася, адзін „дзяяч“ па ўказцы прэм’ер-міністра падрыхтаваў гэты дакумэнт, кінуў яму на стол і назаўтра зьехаў у адпачынак. Спагнаць нават няма з каго!»

«Так, пасярэдніцтва — гэта кепска, і мы мусім яго пазьбягаць. Але зь якой мэтай? Каб цана была ніжэйшай, а якасьць — добрая. Навошта ўзьнялі на дыбкі ўсю краіну? Гэта справа прыватніка, дзе й як закупляць, ён жа разумее, што гэта ягоныя грошы, ён ніколі ня купіць даражэй і з горшай якасьцю».

Інакш паўстаюць пытаньні, дзе ж тая лібэралізацыя эканамічнай дзейнасьці, пра якую мы гаворым.

«Значыць, пытаньні да дзяржаўных прадпрыемстваў. Дык давайце паставім задачы, а потым — празь месяц праверым, вінаватыя адкажуць. Вось і ўсё, і ня трэба ніякага шуму».

«Інакш паўстаюць пытаньні, дзе ж тая лібэралізацыя эканамічнай дзейнасьці, пра якую мы гаворым, дзе самастойнасьць кіраўніка, калі мы яму пішам, што ў каго купіць. Хай ён сам разьбіраецца, а нашая задача даць прававую й іншую ацэнку кіраўніку, які адказвае за вытворчасьць. Вось як трэба дзейнічаць, а ня фронтам хадзіць па краіне».

Паводле прэс-службы, «Аляксандар Лукашэнка яшчэ раз выказаў сваё жорсткае патрабаваньне выключыць неабгрунтаваныя праверкі».

«Гэта тычыцца ўсіх кантрольных і наглядных органаў — не павінна быць неабгрунтаваных і самавольных праверак. Ня трэба адцягваць людзей ад працы, не замінайце кіраўнікам прадпрыемстваў і проста бізнэсу ў гэты сур’ёзны час. Прыходзьце ў арганізацыі й да прадпрымальнікаў толькі ў тым выпадку, калі ўпэўненыя, што правапарушэньне мае месца», — сказаў Лукашэнка.

«Калі хтосьці пагарджае законам — прыцягвайце да адказнасьці. Але ісьці з праверкамі трэба толькі туды, дзе ёсьць за што зачапіцца, ніякіх „авось за што-небудзь зачэпімся“ быць ня мусіць. Інакш узьнікае падазрэньне: чаго туды пайшоў, можа, з кімсь рахавацца? Ці дапамагчы камусь з канкурэнтам змагацца? Ці дашукваецеся, што ў кішэню пакласьці?»

«Калі ў прадпрыемства добры прыбытак і рэнтабэльнасьць, туды з праверкамі ўвогуле хадзіць ня трэба. Інакш гэта падразае ініцыятыву людзей. Калі ісьці — то толькі за досьведам».

XS
SM
MD
LG