Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хутка адменяць скандальную пастанову Саўміну?


Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову № 991, у адпаведнасьці зь якой пасярэднікі выведзены з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам тавараў на тэрыторыі Беларусі. Каму выгаднае гэтае рашэньне, якія наступствы яно можа мець для беларускай эканомікі? Ці адменяць гэтую пастанову пасьля таго, як стане відавочным яе нэгатыўны ўплыў на продаж беларускіх тавараў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканамісты Яраслаў Раманчук і Леў Марголін.

СЛУХАЦЬ:


Леў Марголін
Яраслаў Раманчук
Віталь Цыганкоў


“Гэта адно з найгоршых рашэньняў улады”


Цыганкоў: “Савет Міністраў прыняў пастанову № 991 „Аб некаторых пытаньнях набыцьця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“ ад 28 ліпеня. У адпаведнасьці з пастановай юрыдычныя асобы ад гэтага часу павінны набываць тавары (за кошт уласных, пазычаных і бюджэтных сродкаў) толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія зьяўляюцца вытворцамі, або ў іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Відавочна, такім чынам урад спрабуе змагацца з пасярэднікамі. Але што азначае прыняцьцё гэтай пастановы для эканамічных адносінаў у Беларусі, якія яе наступствы можна прадбачыць?”

Раманчук: “Гэта адно з найгоршых рашэньняў улады сёлета. Гэта азначае магчымую ліквідацыю да 40 працэнтаў малога бізнэсу і прадпрымальнікаў, гэта рызыка зьяўленьня дэфіцыту якасных і танных тавараў, найперш у малых і сярэдніх гарадах, гэта рызыка карупцыі і, як я кажу, “намэнклятурнага рэйдэрства”, калі чыноўнікі будуць дзяліць рынкі тых ці іншых тавараў і паслугаў.

І гэта яшчэ адзін доказ таго, што ўрад, дэкляруючы прыватна-дзяржаўнае партнэрства, пераўтварыў гэтую фразу ў шырму, ігнаруе бізнэс-супольнасьць, да таго ж дэманструе вялізарную эканамічную неадукаванасьць і брак ведаў. Бо калі ёсьць праблемы на ўзроўні прадпрыемстваў, на ўзроўні людзей, якія вырабляюць тавары, то менавіта гандаль і пасярэднікі могуць даць інфармацыю, якія тавары патрэбныя і па якіх цэнах. Таму сёньня рэзаць інстытут пасярэднікаў — гэта рэзаць курыцу, якая нясе залатыя яйкі”.

Цыганкоў: “Урад, напэўна мае добрыя намеры — адхіліць пасярэднікаў, каб цана была меншай. Чаму адбудзецца ўсё так, як вы сьцьвярджаеце?”

Наш урад гэтым крокам ставіць тлусты крыж на “лібэралізацыі”


Раманчук: “Трэба кожнай структуры рабіць тое, што яна можа рабіць. Ёсьць фірмы, якія спэцыялізуюцца на тым, каб быць гуртавымі пакупнікамі, каб забясьпечваць гандлёвыя сеткі. У гэтым сэнсе пасярэдніцтва настолькі ж важнае, як і вытворчасьць тавараў. І таму, калі праз пасярэднікаў ня будзе дасылацца інфармацыя ад пакупнікоў тавараў, што ім патрэбна, — эканоміка забуксуе.

Урад гэтым крокам робіць выбар, па сутнасьці, на карысьць савецкай мадэлі, якая давяла да галечы і моцных сацыяльных канфліктаў.
Менавіта пасярэднікі бяруць на сябе рызыку неплацяжоў, рызыку таго, што ён купіць ня тое і застануцца тавары непрададзеныя. У ніводнай краіне сьвету не было, каб ліквідацыя пасярэднікаў прывяла да нейкіх добрых вынікаў. Калі пасярэднік бачыць, што ёсьць перакос цэнаў, ён гэтым карыстаецца. Ён зарабляе, але ўсім ад гэтага добра.

Наш урад гэтым крокам ставіць тлусты крыж на “лібэралізацыі” і кажа, што ён робіць выбар, па сутнасьці, на карысьць савецкай мадэлі, якая давяла да галечы і моцных сацыяльных канфліктаў”.

Урад ня ведае, што рабіць


Марголін: “Нават самыя буйныя прадпрыемствы, якія купляюць сыравіну і рэсурсы для вытворчасьці — вагонамі, тонамі — заўсёды маюць такія патрэбы ў таварах ці камплектуючых, якіх трэба толькі кіляграмы ці дзясяткі кіляграмаў. І тут нявыгадна самім выходзіць на вытворцаў, тут абавязкова павінны працаваць пасярэднікі. А яны не заўсёды зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі. Таму ў такіх сытуацыях для беларускіх прадпрыемстваў будуць узьнікаць вялікія складанасьці.

У цэлым можна сказаць, што ўрад ня ведае, што рабіць, і, як тапелец, хапаецца за саломку з самых розных бакоў. Мне здаецца, што гэтая пастанова як была хутка прынятая, так і будзе празь месяц-два адмененая. Бо гэта стварае надта вялікія цяжкасьці для нашых вытворцаў”.

Раманчук: “Летась у жніўні была прынятая пастанова Міністэрства эканомікі пра абмежаваньне гандлёвай надбаўкі на імпарт. Але праз 2 тыдні, калі бізнэс заняў вельмі жорсткую пазыцыю, яны была адмененая”.

Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка нядаўна заклікаў, каб беларускія прадпрымальнікі дапамаглі разгрузіць склады. Ці не супярэчыць гэтая пастанова ўраду гэтым словам кіраўніка краіны?”

Раманчук: “Гэта кажа пра тое, што правая рука ня ведае, што робіць левая. Безумоўна, без пасярэднікаў разгрузіць гэтыя склады немагчыма. Але найперш роля пасярэднікаў у тым, каб не даходзіла справа да такіх залежаў на складах.

Цяпер там тавараў на 2,7 мільярда даляраў. І гэта сьведчыць пра тое, што і да гэтага інстытут пасярэднікаў быў кастрыраваны, няпоўны. Калі мы і далей будзем ісьці па гэтым шляху, то вытворцы будуць проста вырабляць тавар, выконваючы паказьнікі. І калі пасярэднікаў ня будзе, то проста зьнізіцца гандаль альбо будзе ўсталяваная значна большая надбаўка да цаны, што прывядзе да таго, што беларусы будуць пераплачваць за тавары.

І больш за ўсё пацярпяць малыя гарады, бо там, калі ня будзе пасярэднікаў, — альбо ўвогуле ня будзе многіх тавараў, альбо будзе квітнець шэры гандаль і чорны рынак”.

Прадпрыемствы вырабляюць прадукцыі ня столькі, колькі патрэбна пакупнікам, а столькі, колькі заплянавана


Цыганкоў: “Мне распавядалі, што на шмат якіх прадпрыемствах, асабліва ў рэгіёнах, аддзелы рэалізацыі даволі слаба ўкамплектаваныя кадрамі. І гэтыя прадпрыемствы спадзяюцца і залежаць ад фірмаў, якія адмыслова гэтым збытам і займаюцца. Якраз яны і называюцца пасярэднікамі. Ці гатовая наша прамысловасьць абысьціся бязь іх?”

Марголін: “Мяркую, не гатовая — ані ў выпадку закупу, ані ў выпадку продажу.

Але мне здаецца, што пэўная пасьлядоўнасьць у дзеяньнях Лукашэнкі ўсё ж ёсьць. Калі зьявілася праблема збыту беларускіх тавараў, дык тады ён заклікае малы і сярэдні бізнэс узяць у гэтым удзел. Аднак я ня думаю, што з гэтага будзе вялікая карысьць. Калі б праблема была толькі ў тым, што, як вы кажаце, няма кваліфікаванага бізнэс-пэрсаналу на прадпрыемствах! Але ж праблема ў тым, што нашы прадпрыемствы вырабляюць прадукцыі ня столькі, колькі патрэбна пакупнікам, а столькі, колькі заплянавана.

У гэтым пляне была цікавая прапанова дзяржаве ад адной з прадпрымальніцкіх арганізацыяў. Яны выказалі жаданьне дапамагчы дзяржаве разгрузіць склады. Але — паставілі ўмовы зьніжэньня цэнаў на прадукцыю беларускіх вытворцаў. Дык калі ім дазволіць зьнізіць цэны, то яны і самі прададуць сваю прадукцыю”.

Пастанова пражыве ня больш за месяц


Цыганкоў: “Паспрабуем даць эканамічна-палітычны прагноз. Колькі пражыве гэтая пастанова? Ці будзе яна адменена і як хутка?”

Раманчук: “Усё залежыць ад таго, наколькі кансалідаванай будзе пазыцыфя бізнэс-супольнасьці. Калі пазыцыя будзе жорсткая і ўльтыматыўна будзе заяўлена, што трэба гэтае рашэньне адмяняць, калі да гэтага далучацца і дзяржаўныя прадпрыемствы — то яна пражыве ня больш за 2 тыдні.

Але чыноўнікі, якія лабіравалі гэтую пастанову — некаторыя міністэрствы і аблвыканкамы — безумоўна, будуць думаць і далей пра тое, як узяць пад кантроль гандаль і як стаць узаконенымі алігархамі на беларускім рынку”.

Марголін: “Можа, трохі больш яна пражыве — ня 2 тыдні, а, напрыклад, месяц. У канчатковым выніку яна будзе, безумоўна, адмененая. Але гэта не апошняя падобная пастанова, якая прымаецца ўрадам. Іх яшчэ будзе вельмі шмат, бо ва ўрадзе няма асэнсаванай пасьлядоўнай палітыкі ў галіне эканомікі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG