Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Малдове галасуюць бюлетэнямі, а не пратаколамі”


Якія ўрокі можна ўбачыць для Беларусі ў малдаўскіх падзеях? Беларускія палітыкі і экспэрты знаходзяць больш адрозьненьняў, чым падабенстваў. Ці зьменяцца адносіны афіцыйных Менску і Кішынёва ў выпадку адхіленьня ад улады ў Малдове камуністаў?


СЛУХАЦЬ:


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў малдоўскіх выбарах бачыць найперш адрозьненьні ад беларускай сытуацыі.

Анатоль Лябедзька
“Найперш варта казаць пра адрозьненьні. Усё ж такі ў Малдове галасуюць бюлетэнямі, а не пратаколамі. А гэта азначае, што ёсьць палітычная інтрыга, і вынікі галасаваньня могуць адрозьнівацца, і даволі істотна, цягам нейкага прамежку часу. Таму ў палітыкаў ёсьць магчымасьць працаваць з выбарцамі, ёсьць інфармацыйныя магчымасьці, няма шматлікіх бар’ераў, што стаяць у Беларусі паміж выбарцамі і кандыдатамі”.

Палітоляг і рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль пералічвае тыя чыньнікі, які дазваляюць казаць пра кардынальнае непадабенства малдоўскай сытуацыі да беларускай:

Аляксей Кароль
“Першае адрозьненьне: у Малдове кантроль за выбарамі з боку кіроўнай сілы — камуністаў і прэзыдэнта Вароніна — быў не такі татальны, як у Беларусі. І гэты люфт свабоды адбіўся на выніках. Другое адрозьненьне — Варонін сыходзіць, трэцяга ці чацьвёртага тэрміну ня будзе. Трэцяе адрозьненьне, чаго не хапае нам — гэта актыўнасьці насельніцтва ў адстойваньні таго, што, на іх погляд, здаецца цяпер самым важным. А самае важнае — каб выбары адбыліся і былі сапраўднымі”.

Наколькі зьменяцца адносіны афіцыйных Менску і Кішынёва ў выпадку адхіленьня ад улады ў Малдове камуністаў? Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што істотных зьменаў не адбудзецца, і прыкладам можна лічыць беларуска-ўкраінскія адносіны.

Андрэй Фёдараў
“Я ўпэўнены, што зьмена ўлады ў Малдове істотна на ўзаемныя дачыненьні не паўплывае. Можна прыгадаць Украіну з памаранчавай рэвалюцыяй. Як мы бачым, цяпер стасункі добрыя з абодвух бакоў, эканамічныя адносіны разьвіваюцца, таваразварот расьце. Тым больш у Малдове наўрад ці можа быць нават пасьля зьмены ўлады такі моцны рух у бок Захаду, як гэта было ва Ўкраіне. Так што ня думаю, што зьмена ўлады моцна адаб’ецца на малдаўска-беларускіх стасунках”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG