Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дзежыц: Рубон! Дзьвіну ім не перайсьці!


Зьміцер Дзежыц
Зьміцер Дзежыц
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Зьміцер Дзежыц з Полацку. Нарадзіўся 23 траўня 1977 году ў горадзе Горкі, што на Магілёўшчыне. Дзякуючы бацьку, зацікавіўся і пачаў рабіць першыя крокі ў свеце фотаздымкаў гадоў зь дзесяці.У 2007 годзе дэбютаваў як фотарэпартэр на сайце “Тузін Гітоў”. Зараз супрацоўнічае з полацкай гарадзкой недзяржаўнай газэтай “Информ плюс”, інтэрнэт-сайтамі “Хімік”, “Народныя навіны Віцебска”, здымае для “Народнага слова”.

“Рубон” — так колісь звалася прыгажуня-Дзьвіна, на берагох якой знаходзіцца старажытны Полацак. “Рубон!” — крычалі, кідаючыся ў бітву, полацкія ваяры. “Рубон!”

Празь цемру стагодзьдзяў гэты баявы заклік чуем мы. Нашчадкі старажытных родаў, жыхары сучаснага Полацку і госьці з розных куткоў Беларусі вось ужо два сэзоны запар могуць чуць гэты заклік да бітвы не на жыцьцё, а на сьмерць. Бо менавіта так — “Рубон” — завецца полацкі фэст сярэднявечнай культуры.

Падобныя сьвяты ў Беларусі пасьпелі набыць вялікую папулярнасьць. З канца 1990-х аматары сярэднявечча прыяжджаюць у Менск, Берасьце, Наваградак, Ліду… Вельмі цікава сачыць, як танчылі на беларускіх землях у XI-XIV ст., на якіх прыладах гралі музыкі, як ваявалі рыцары.

Захапленне сярэдневечнай культурай — зьява для Полацку ня новая. У нашым рэгіёне існуюць рыцарскія клюбы — “Легенда”, “Жалезны воўк”, “Полацкая харугва”, “Чорны Война”, а таксама тэатар гістарычнага строю “Полацкі зьвяз”. Менавіта яму належыць ідэя зьяўленьня ў самым старажытным горадзе Беларусі фэсту “Рубон”.

Аднак аднаго жаданьня часьцяком мала. Патрабуюцца высілкі, як арганізатарскія, так і фінансавыя. Вельмі дарэчы ў зьвязку з чым апынулася й падтрымка з боку гарвыканкаму.

У 2008 годзе, кажучы мовай тэлевізійнікаў, адбыўся першы, пілётны выпуск “Рубона”. Праходзіў фэст у гістарычнай частцы гораду — мікрараёне “Запалоцьце”, поруч Палаты, насупраць Верхняга замка, дзе красуецца Сафійскі сабор. Дадзенае месца дазволіла арганізаваць унікальнае тэатралізаванае паданьне — фарсіраваньне ракі і штурм замка (ён быў узноўлены прыкладна на тым месцы, дзе і разьмяшчаўся больш пяці стагодзьдзяў таму).

Асновай для паданьня паслужылі рэальныя гістарычныя падзеі. Калі на пасад княства Літоўскага ўзышоў Ягайла, ён прызначыў полацкім валадаром свайго брата Скіргайлу. Усе князі-балты, прыяжджаючы кіраваць сюды, мянялі веру на праваслаўе. Скіргайла, недаацаніўшы самапавагу месьцічаў, захаваў вернасць паганству. Разьюшаныя гараджане схапілі князя, прывязалі яго ды старой кабылы і пагналі ды гарадзкой брамы. З таго часу і зьявілася прымаўка: “паехаў, як Скіргайла з Полацку”. У хуткасьці зьняважаны князь вярнуўся з моцным войскам і ўзяў Полацак у аблогу. У 1386 годзе войскі Тэўтонскага ордэну атакавалі горад, але атрымалі паразу. Гэтыя падзеі, што адбываліся напрыканцы XIV ст., былі адноўленыя ў сучасным Полацку.

Арыентуючыся на разьвіцьцё турыстычнага бізнэсу, улады вырашылі зрабіць забаўку штогадовай.

Зрэшты, чым бы яны ні кіраваліся, для палачан фэст “Рубон” — яшчэ адно сьвята, узрушаючая магчымасьць акунуцца ў чароўную атмасфэру сярэднявечча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG