Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штурм варшаўскага рынку


фота Газэты Выборчай
фота Газэты Выборчай

У гвалтоўнай сутычцы паліцыі з гандлярамі на вялікім рынку ў цэнтры Варшавы паранена некалькі дзясяткаў чалавек. Гандляры бараніліся бутэлькамі і камянямі, быў ужыты сьлезацечны газ.

Улады польскай сталіцы ужо даўно зьбіраліся зачыніць крыты рынак, вядомы пад назвай Kupieckie Domy Towarowe (КДТ), але прадаўцам заўсёды ўдавалася адстаяць сваё права на гандаль у гэтым месцы. Аднак магістрат Варшавы ўрэшце дабіўся судовага рашэньня адносна закрыцьця рынку, і ўчора раніцай перад забарыкадаваным рынкам зьявіўся судовы выканаўца ў атачэньні муніцыпальных ахоўнікаў і паліцыянтаў.

Перад забарыкадаваным рынкам чыноўніка сустрэў патройны кардон жанчынаў, якія сьпявалі патрыятычныя песьні. Пасьля прарыву гэтага кардону ахоўнікі правапарадку цяжкімі молатамі разьбілі дзьверы і ўзмоцненыя шыбы ў вокнах, каб пранікнуць у сярэдзіну будынка. Гандляры, якія зачыніліся ўсярэдзіне, палівалі паліцыянтаў вадою з пажарных шлянгаў.

Штурм на рынак КДТ трываў больш за чатыры гадзіны. Калі працаўнікі гарадзкога водазабесьпячэньня адрэзалі ваду ад рынку, тады гандляры пачалі адбіваць атаку вогнетушыльнікамі.

У міжчасе перад рынкам сабраўся велізарны натоўп, зь якога людзі пачалі шпурляць у гарадзкіх ахоўнікаў і паліцыянтаў бутэлькамі і камянямі. У цэнтры Варшавы перапыніўся рух. Натоўп крычаў на паліцыянтаў: "Гестапа! ЗОМО!" (ЗОМО — гэта адпаведнік АМАП з часоў камуністычнай Польшчы.) Людзі таксама выкрыквалі слова "Салідарнасьць!" "Газэта Выборча" піша, што атмасфэра нагадвала сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй падчас ваеннага становішча ў Польшчы.

Каля поўдня ахоўнікам і паліцыянтам, якія ўжылі дубінкі і вадамёт, удалося выцясьніць гандляроў з рынку.

ФОТА І ВІДЭА ГЛЯДЗІ ТУТ

Мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц сказала, што супроць гандляроў, якія не захацелі добраахвотна падпарадкавацца выдварэньню, будзе ўзбуджаная крымінальная справа, а іхныя тавары будуць канфіскаваныя, каб пакрыць матэрыяльныя страты, якія ўзьніклі падчас штурму рынка.

Гранкевіч-Вальц таксама абвінаваціла КДТ, што адміністрацыя не паведаміла гандлярам аб прапановах магістрату адносна новых месцаў, куды яны маглі б перанесьці свае крамы пасьля закрыцьця рынку. Мэр Варшавы дадала, што тыя гандляры, якія добраахвотна падпарадкаваліся судоваму рашэньню пра выдварэньне, могуць надалей разьлічаваць на дапамогу магістрату ў пошуках новага месца гандлю.

Рынак КДТ пачаў працу ў першай палове 1990-х гадоў на вялізным пляцы перад гэтак званым Палацам культуры і навукі ў цэнтры Варшавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG