Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцы жахаюцца “Вясёлага малочніка”


Празь дзевяць дзён “малочная вайна” паміж Расеяй і Беларусьсю можа разгарэцца зноў. Расейскія ўлады папярэджваюць, што ад 1 жніўня на рынак Расеі ня трапіць беларуская прадукцыя, якая не прайшла санітарную экспэртызу ў адпаведнасьці з правіламі расейскай санітарнай службы. Беларускія прадпрыемствы з гэтым позьняцца. Пра сёньняшнюю сытуацыю на малочных заводах Беларусі даведваліся рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.

Гомельшчына

Засьцераглі сыр ад радыяцыі, а забрудзілі антыбіётыкамі

У ліку так званых штрафнікоў, выяўленых расейскай санітарнай службай “Роспотребнадзор”, — прадпрыемства “Палескія сыры” з Хойнікаў. Прычым не з-за радыяцыі ці нейкіх адмоўных бактэрыялягічных паказчыкаў, а таму, што ў прадукцыі знайшлі антыбіётыкі.

Апавядае дырэктарка прадпрыемства Галіна Бондар:

“Узяты на асаблівы кантроль некалькі прадпрыемстваў, у прадукцыі якіх выяўлены антыбіётыкі. Таму яны й кантралююць пастаянна на мяжы ўвоз нашай прадукцыі ў Расею. Па сем-восем гадзінаў машыны стаяць. Вось і нядаўна ехалі ў Санкт-Пецярбург — машына з маслам стаяла практычна сем гадзін на Віцебскім памежным пераходзе. Сем гадзін!”

Чыноўнікі змушаюць завод прымаць малако і ад хворых кароў

Дырэктарка цьвердзіць, што пярэчыць расейскаму боку надзвычай складана. Няма адпаведнага абсталяваньня. Таму да 1 жніўня тут плянуюць усталяваць фатомэтар амэрыканскай вытворчасьці й рабіць патрэбныя аналізы на месцы.

Але гэта, як лічыць дырэктарка, толькі палова справы.

“Нам будзе лягчэй, але гаспадаркам будзе цяжэй. Як вы лічыце: я малако сёньня надаіла з антыбіётыкамі й прывезла на прадпрыемства? Праблема ж цяпер у гаспадарках. Калі лячылі карову, то трыццаць дзён малако ад яе нельга здаваць. А мы сёньня гонім вал. Намесьнік начальніка Рэчыцкага райсельгасхарчу заявіў: “Мне вал патрэбны!” Калі будзем “валіць”, то сапраўды — завалімся”.

У малочнага прадпрыемства, апрача калгасаў і саўгасаў, ёсьць і яшчэ адна сыравінная база. Гэта — прыватныя гаспадаркі. “Палескія сыры” імкнуцца своечасова разьлічвацца з малаказдатчыкамі.

Затрымліваюць разьлікі за малако з падворкаў

Апавядае спадарыня Тацьцяна зь вёскі Алексічы Хойніцкага раёну. Яна за першую палову ліпеня здала амаль 200 літраў малака:

“Сёньня 21 ліпеня — будуць аддаваць грошы за 15 дзён. На пошце будуць аддаваць. І ў дамове, якую мы падпісалі, пазначана, што разьлік вядзецца празь пяць дзён. Як бы пяць дзён затрымка. Прадпрыемства пералічвае грошы на пошту, а пошта нам выплачвае”.

Вясковая кабета кажа, што за літар здадзенага на прадпрыемства малака яна атрымлівае 650 рублёў. Яшчэ 70 рублёў даплачвае сельскі савет зь бюджэту. Не такія ўжо й вялікія грошы, але вяскоўцы рады й такому дадатку. Адзінае, што вясковае насельніцтва старэе, і колькасьць кароў на вясковых падворках заўважна скарачаецца.

Гарадзеншчына

У лябараторыях на памежжы расейцы стварылі чаргу

Як дастаюцца сэртыфікаты на пастаўку малочнай прадукцыі ў Расею малаказаводам на Гарадзеншчыне?

Загадчыца лябараторыі Шчучынскага сырзаводу Людміла Бабіна кажа, што сёньня на заводзе атрымалі сэртыфікаты на ўсю экспартную прадукцыю, за выключэньнем сухога малака. Пастаўкі яго ў Расею прыпыненыя да 30 верасьня.

У новым дакумэнце, са слоў спадарыні Бабінай, зьмянілася тое, што цяпер, згодна з патрабаваньнямі расейскага боку, сэртыфікат адпаведнасьці будзе выдавацца толькі пасьля санэпідэмзаключэньня.

Новыя дакумэнты — копія ранейшых

Практычна такія ж сэртыфікаты на заводзе атрымалі сёлета 17 чэрвеня. Цяпер іх давялося перарабляць, ізноў адпраўляць аналізы і людзей у расейскія лябараторыі. З гэтай нагоды Людміла Бабіна кажа:

“Дзяржстандарт нас абавязаў, каб мы ўносілі абавязкова ў сэртыфікат нумар санэпідэмзаключэньня, хаця, згодна з патрабаваньнямі тэхнічнага рэглямэнту і іншых законаў РФ, гэта зусім не абавязкова. Мы ўсё роўна падаем гэты дакумэнт са стосам іншых дакумэнтаў на мяжу. І навошта тады яго туды ўносіць у сэртыфікат, калі копія і так перадаецца разам з грузам?”

Загадчыца аддзела маркетынгу Наваградзкага масларобчага камбінату Лілія Грынь таксама кажа, што завод атрымаў неабходныя сэртыфікаты з расейскіх лябараторый. І яе таксама ўразілі новыя патрабаваньні.

Грынь: “У санітарна-эпідэміялягічным заключэньні трошкі іншая фармулёўка. Да прыкладу, у сырах цяпер пішуць масавую долю тлушчу ў сухім рэчыве. Карацей, папросту іншымі словамі запісалі тое, што і было, а сутнасьць — тая самая”.

“Многія беларускія вытворцы не пасьпеюць да 1 жніўня атрымаць сэртыфікаты”


Адзін з кіраўнікоў Бераставіцкага сыраробчага заводу спадар Іван кажа, што таксама сёньня павінен атрымаць апошні сэртыфікат. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што ў расейскіх лябараторыях, якія знаходзяцца на памежжы зь Беларусьсю, утварыліся чэргі. На яго думку, многія беларускія вытворцы не пасьпеюць зрабіць сэртыфікаты да 1 жніўня.

Спадар: “Мы дзеля таго, каб паскорыць працэс, езьдзілі ў глыбінку, але нас папрасілі, каб усё ж рабілі гэта бліжэй да сваіх зонаў. Мы, зразумела, вымушаны былі вяртацца ізноў да граніцы”.

Атрыманьне сэртыфікатаў для пастаўкі сваёй прадукцыі пацьвердзілі і на Смаргонскім малочным заводзе.

Пружаны

“Вясёлы малочнік” дапяў на Берасьцейшчыну

Сёньня некаторыя акцыянэры прадпрыемства “Пружанскі малочны завод” зьвярнуліся на “Свабоду” і заявілі, што ў выніку “малочнай вайны” іх зробяць жабракамі. Паводле заяўнікаў, завод цяпер імкнуцца набыць расейскія бізнэсоўцы. Гаворыць адзін з заяўнікаў:

Расейцы прэтэндуюць на перапрацоўку 85% малака з гаспадарак Пружанскага раёну

“Мы ўжо атрымалі новую тэхналягічную лінію коштам паўтара мільёна эўра. Гэта будзе цалкам расейскі цэх. Разумееце, што адбываецца? Тут будзе асобная бухгальтэрыя, асобнае кіраўніцтва і ўсё астатняе”.

Суразмоўца цьвердзіць, што пазбаўляе беларускіх акцыянэраў іх уласнасьці расейская кампанія “Юнимилк” — уладальнік брэнду “Вясёлы малочнік”. Таксама выяўляецца, што новы гаспадар выстаўляе свае патрабаваньні.

Але малако ад насельніцтва інвэстарам не патрэбнае


“Ну вось зразумейце: ім малако ад насельніцтва не патрэбнае. Малако нізкіх гатункаў — таксама. Куды такое малако дзяваць? Перакананы, што тут будуць пасьля вялікія праблемы…”

Галоўны тэхноляг акцыянэрнага таварыства “Пружанскі малочны камбінат” Жана Падалянчык таксама пацьвердзіла намеры расейскага інвэстара займець уласнасьць на Берасьцейшчыне. Паводле словаў спэцыяліста, кампанія “Юнимилк” прэтэндуе таксама на малочныя заводы ў Бярозе, Пінску й Кобрыне.

“Расейскія спэцыялісты даўно і часта наведваюць наш рэгіён”, — удакладняе Жана Падалянчык.

Даведка “Свабоды”: Расейская кампанія “Юнимилк” была створана ў 2002 годзе. Цяпер яна аб’ядноўвае 25 малочных заводаў у Расеі і 2 — ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG