Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“N.R.M.” пераўвасобіцца ў "Мрою"


Фэстываль "Басовішча". Фота Радыё Рацыя
Фэстываль "Басовішча". Фота Радыё Рацыя

У мястэчку Гарадок пад Беластокам працягваецца традыцыйны фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2009”. Сёлета “Басовішча” праводзіцца ўжо 20 раз.

Сёлетняе "Басовішча" ў зьвязку зь юбілеем праходзіць без абавязковай конкурснай часткі, але чарговым разам запрошаныя добра вядомыя хэдлайнеры : "Палац", "Крама", "LAO CHE”, "Нейра Дзюбель", "ULIS”, N.R.M.; а таксама маладыя гурты . Юбілейнае “Басовішча” арганізоўвае і новае кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня студэнтаў – сустраршыні “БАС”у Кася Кузьміч і Мажэна Саевіч.

У пятніцу адбылося ўрачыстае адкрыцьцё юбілейнага фэсту, выступілі беларускія гурты "Унія", "Тарпач", "Рахіс", "Бан Жвіра", падляскі гурт "Rуma", беластоцкі гурт "Zero-85". Сёньня пасьля бурнай ночы і канцэрту амаль да раніцы лягер прачнуўся даволі позна. Сваімі ўражаньнямі дзеліцца адна з арганізатараў фэстывалю, сустаршыня "БАС" у Мажэна Саевіч:

“Атмасфэра, здаецца, вельмі добрая, учора на канцэртах было шмат людзей. Вельмі прыемна, што людзі добра бавяць час, каля сцэны танчаць”.

Карэспандэнтка: “Кажуць, у лесе нават камароў няма: ад такой гучнай музыкі разьляцеліся...”

“Так, дакладна так. Музыка гучыць ад раніцы, таму што рэпэтыцыі ідуць. Тут, у лесе каўбаскі, шашлыкі, піва, сонца, вельмі цёпла. А сёньня ўвечары наагул, спадзяюся, будзе супэр! Таму што вялікага фармату гурты будуць выступаць, на якіх зьбярэцца вельмі шмат людзей”.

Карэспандэнтка: “Гэты фэстываль, можна сказаць, доўгажыхар: 20 гадоў – гэта ня жартачкі пратрымацца. У наступным годзе будзе “Басовішча”?

“Будзе! Я спадзяюся, што і праз 20 гадоў зноў будзе юбілей”.

І ёсьць надзея, што паля таго, як у БАС прыйшло новае кіраўніцва, Басовішча ператворыцца ў фэстываль іншага, больш цікавага фармату, зьявяцца новыя імёны сярод выканаўцаў, а сярод публікі — новыя твары.

Сёньня ўвечары спачатку выступяць "Жнюв", "Босае сонца", "Дзецідзяцей" з адмыслова падрыхтаванай беларускамоўнай праграмай. Ну а ўначы аматараў року чакае сапраўдны падарунак: рэінкарнацыя герояў зь першых фэстываляў. "Крама" пераўвасобіцца ў "Бонду", “N.R.M.” – у "Мрою", выступяць таксама "Палац", LAO CHE, "Нэйра Дзюбель", "Уліс". Завершыцца "Басовішча" вялікім выступам N.R.M. з пераўвасабленнем у “Мрою”. Лідэр абодвух гуртоў Лявон Вольскі распавёў:

“Мы іграем некалькі песень “Мроі”. І нават выглядаць гэта будзе ня так, як у N.R.M., а так архаічна, як раней. Давялося доўга і ўпарта рэпэтаваць і падбіраць гэтыя песьні, якія быццам бы і ня намі ўжо напісаныя, настолькі яны діўнавата і несучасна зараз выглядаюць. А потым яшчэ гадзіну будзем іграць хіты N.R.Mаўскія”.

Яшчэ не адгрымела дваццатае, юбілейнае “Басовішча”, а ўжо ёсьць ідэя ў наступным годзе арганізаваць трохдзённы, а не двухдзённы фэст, выдаць фотаальбом пра “Басовішча” з самымі лепшымі здымкамі, відэадыск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG