Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Сівы: “Ад Аўтуховіча вымагалі хабар у 20 тысяч даляраў”


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Летась у студзені журналіст “Народнай волі” Алесь Сівы ўзяў інтэрвію ў Мікалая Аўтуховіча пасьля ягонага выхаду з турмы.

Калі да арышту ў лютым Мікалай Аўтуховіч наведваў Менск, ён амаль заўсёды заходзіў у рэдакцыю “Народнай волі”. Гэтак кажа карэспандэнт газэты Алесь Сівы, які некалькі разоў браў у прадпрымальніка інтэрвію, у тым ліку адразу пасьля ягонай 73-дзённай галадоўкі і пасьля выхаду з калёніі. Алесь Сівы згадвае свае ўражаньні ад сустрэч з Аўтуховічам.

“Было ў яго чаканьне таго, што можна знайсьці праўду, але ён ня ведаў, як гэта зрабіць. Падчас апошняй сустрэчы ён згадаў, як яму прапаноўвалі яшчэ напачатку, як пачаліся праблемы, каб ён даў хабар памерам 20 тысяч даляраў. Ён па сакрэце нават сказаў, што яму абяцалі ў такім выпадку вырашыць пытаньне вельмі хутка, бо нібыта праз чыноўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта. І тады ён сказаў, што ў яго ўражаньне, што таму яму і ствараюць гэтыя праблемы, каб гэтак іх вырашыць. Але ён такі змагар, што ніколі не пагадзіўся б на такое выйсьце. Мне запалі ў душу ягоныя словы, калі я спытаўся, што ён будзе рабіць далей. Ён сказаў, што крыху агледзіцца, паправіць здароўе, а потым ня дасьць спакою тым людзям, якія яго перасьледуюць.
Аўтуховіч настолькі рашучы чалавек, што для яго справа сумленьня, справа гонару — у першую чаргу.
Ён сказаў, што рыхтуе нейкія матэрыялы, і калі раней не называў прозьвішчы людзей, якія, паводле яго, вінаватыя, то хутка назаве”.

Карэспандэнт: “Людзі, якія былі ў Аўтуховіча ў ягоным офісе ў Ваўкавыску, згадваюць, што ён сядзеў у сваім кабінэце пад вялікім партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Такое было?”

“Я такога ня бачыў, бо ў ягоным кабінэце ня быў, мы зь ім сустракаліся ў Менску. Мне ён казаў, што заўсёды дыстанцыяваўся ад палітыкі. Чаму так адбылося? Як ён казаў, усё пайшло па ланцугу: ад малых чыноўнікаў усё вышэй і вышэй. І гэтага не было б, калі б ягоная справа была справядліва вырашаная адразу. Хаця, магчыма, ён бы і сам прыйшоў у палітыку, бо ў яго была грамадзянская пазыцыя, ён мог яе выявіць, за што яго пры ўладзе і не любілі. І ваганьняў у яго не было. Ён казаў, што свабоду на сумленьне не прамяняе ні ў якім разе.”

Карэспандэнт: “У вашым інтэрвію Аўтуховіч кажа, што „яму колькі гадоў даказваюць, што вожык без іголак, але вожык быў і застанецца калючым, і ён гэта дакажа“. Сам Аўтуховіч у жыцьці — калючы чалавек?”

“Так, сапраўды, калючы. Пра гэта кажуць і аўганцы, з кім ён разам ваяваў у Аўганістане. Аўтуховіч настолькі рашучы чалавек, што для яго справа сумленьня, справа гонару — у першую чаргу. Каб зараз яго не спынілі, мяркую, ён бы і ў гэтай галадоўцы пайшоў да канца, а спыніў галадоўку не таму, што слабы. Ён на судзе яшчэ пакажа свае іголкі, мяркую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG