Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля Маладзёжнага тэатра зьнішчаць сквэр


Пачалася рэканструкцыя Маладзёжнага тэатру
Пачалася рэканструкцыя Маладзёжнага тэатру

Побач з храмам Марыі Магдалены ў Менску ў часе рэканструкцыі і перапляніроўкі тэрыторыі Маладзёжнага тэатра маюць высекчы стары сквэрык.

6 ліпеня пачаўся мантаж слупоў часовага электразабесьпячэньня, усталяваная агароджа будаўнічай пляцоўкі. Грамадзкія актывісты мяркуюць, што неўзабаве могуць пачаць зьнішчэньне 80 дрэваў, узрост якіх сягнуў 80 гадоў.

Пра тое, што мяркуецца зьнішчэньне сквэру каля храма Марыі Магдалены, стала вядома ад Яўгена Шырокава, кіраўніка менскага гарадзкога аддзяленьня Міжнароднай арганізацыі эколягаў. Яўген арганізаваў інтэрнэт-рассылку пра рэканструкцыю Маладзёжнага тэатру ў спадзяваньні ўзьняць грамадзкі рэзананс і спыніць зьнішчэньне сквэру на месцы былых Старажоўскіх могілках, адных з самых старых у Менску.

“У Менску ня так шмат засталося гэткіх месцаў: з аднаго боку, прыгожа. Зь іншага, там культавае месца. Апроч таго, тым самым Менгарвыканкамам зусім нядаўна туды было ўкладзена вельмі шмат грошай у дабраўпарадкаваньне, рамонт гэтага сквэру, каля 200 мільёнаў. І цяпер яго нішчыць — ну зусім без галавы рашэньне прынялі”.

У Камітэце па архітэктуры і горадабудаўніцтву Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што плян рэканструкцыі тэатру прадугледжвае зьнішчэньне часткі сквэру:

“Знос дрэваў мяркуецца паміж тэатрам і будынкам БелНІІП горадабудаўніцтва. Цалкам атрымалася шмат — 40 дрэваў маюць ліквідаваць. Хаця сярод іх — і пашкоджаныя, і таполі. Але ў асноўным сквэр яны захоўваюць. Прыбудоўка сапраўды сур’ёзная, але Вам гэта лепей патлумачыць Упраўленьне па культуры як замоўца”.

Але замоўца тлумачэньняў не дадаў:

— Проста рэканструкцыя Маладзёжнага тэатра — і ўсё.

— Дзеля рэканструкцыі зносіцца сквэр?

— Сквэр ня зносіцца.

— А што зь ім адбываецца?

— Часткова на краі будзе весьціся рэканструкцыя тэатра.

— У Менгарвыканкаме сказалі, што паводле зацьверджанага пляну будзе зьнішчана 40 дрэваў…

— Ведаеце што? Вы адпраўце нам афіцыйны запыт — і мы вам адкажам.

Пакуль афіцыйныя асобы будуць пісаць афіцыйны адказ на афіцыйны запыт, дрэвы зьнішчаць, перакананыя грамадзкія актывісты. І паводле іх інфармацыі, размова ідзе не пра 40, а пра 80 дрэваў, сьцьвярджае Яўген Шырокаў:

“Гэта лічыў асабіста дырэктар БелНІІ горадабудаўніцтва, які мяжуе з гэтым месцам будоўлі-рэканструкцыі. 40 дрэваў, як я разумею — ідуць пад кавалак забудоўлі участка. А астатнія пакуль растуць на месцы будучай вялізнай аўтастаянкі”.

Грамадзкія актывісты ў распаўсюджаным закліку да грамадзтва нагадваюць, што 2009-ы год быў абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам Годам Роднай Зямлі. Подпісы супраць зьнішчэньня сквэру зьбіраюцца вернікамі царквы Марыі Магдалены, супрацоўнікамі БелНІІ горадабудаўніцтва.

Праз сквэр ідзе дарога да царквы сьвятой Марыі Магдаліны

Тэрыторыя сквэра сталася «небясьпечнай зонай». Маладзёжны тэатар будзе пашыраны за кошт дрэваў.

На месцы рэкаструкцыі ўжо ўсталяваныя памяшканьні для будаўнікоў.

А вось і будаўнікі — адпачываюць у ценю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG