Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі канкурсант: “Як для кухара, то я засьпяваў няблага”


Удзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў на “Славянскім базары ў Віцебску” даведаліся свае вынікі. Прадстаўнік Беларусі Андрэй Коласаў, кухар паводле адукацыі, які падзяліў другое месца з прадстаўніком Македоніі Ўлаткам Лазанаскім, лічыць свой выступ удалым.

Атрымаўшы дыплём ад старшыні журы конкурсу Лаймы Вайкуле, малады беларускі выканаўца заўважыў: “Як для кухара, то я засьпяваў няблага”. Паводле інтэрвію, Андрэй Коласаў трапіў на эстраду выпадкова, нягледзячы на тое, што ягоная маці — прафэсійная піяністка і сьпявачка, артыстка Гомельскай абласной філярмоніі. Ён кажа, што, працуючы кухарам у адной з гомельскіх рэстарацый, нешта засьпяваў на кухні, і гаспадыня прапанавала яму пасьпяваць для кліентаў. Неўзабаве пасьля гэтага ён прайшоў праслухоўваньне і трапіў у штат абласной філярмоніі, дзе ўжо даўно працавала ягоная маці. Тым ня менш кулінарную адукацыю ён працягвае — навучаецца ў Магілёўскім унівэрсытэце харчаваньня.

У адрозьненьне ад прадстаўніка Беларусі, ягоныя былыя супернікі маюць прафэсійную музычную падрыхтоўку .Так, дыплёмы 3-й ступені і па адной тысячы даляраў прэміі атрымалі Яронімус Мілюс зь Літвы, студэнт факультэту мастацтваў Віленскай кансэрваторыі, і Пётар Дзьмітрычэнка з Украіны, які мае ступень магістра мастацтваў па спэцыяльнасьці “эстрадны вакал”.

Паша Парфеній з Малдовы, які атрымаў першае месца ў конкурсе маладых выканаўцаў, навучаецца на джазавым аддзяленьні Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І, урэшце, уладальнік Гран-Пры конкурсу “Віцебск-2009” Зьміцер Даніленка, які таксама нарадзіўся ў Гомелі, але прадстаўляў на музычным спаборніцтве Расею, жыве зараз у Санкт-Пецярбургу і вучыцца ў кансэрваторыі на вакальна-рэжысэрскім факультэце.

Абодва беларусы і ўраджэнцы Гомелю, Андрэй Коласаў і Зьміцер Даніленка, апрача конкурсных дыплёмаў, атрымалі яшчэ й спэцыяльныя прызы Парлямэнцкага Сходу Беларусі і Расеі. Дарэчы, абодва сьпевакі выконвалі на конкурсе па адной песьні па-расейску і па адной — па-беларуску.

Андрэй Коласаў, які жартам называе сябе “кухаронкам”, стаў яшчэ й ляўрэатам прэміі імя Ўладзімера Мулявіна, якая прысуджаецца “за вернасьць традыцыі ў мастацтве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG