Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедуць расейскія казыно ў Беларусь?


Ад 1 ліпеня расейскія казыно, гульнёвыя клюбы і залі гульнёвых аўтаматаў абвешчаныя па-за законам. Цяпер легалізаваць гульнёвы бізнэс можна толькі ў спэцыяльных зонах — у Алтайскім і Прыморскім краях, Калінінградзкай вобласьці і на мяжы Растоўскай вобласьці і Краснадарскага краю. Праца ў іншых месцах лічыцца незаконнай, вінаватым пагражаюць вялікія штрафы, а ў выпадку рэцыдыву — турма. Між тым бальшыня ўладальнікаў гульнёвых установаў адмаўляюцца пераяжджаць у “рэзэрвацыі”, шукаючы магчымасьць перапрафіляваньня, сыходу ў інтэрнэт ці пераносу бізнэсу ў сумежныя краіны. Ці пагражае расейская экспансія Беларусі?

У інтэрвію тэлеканалу “Россия” гаспадар фэшэнэбэльнага маскоўскага казыно “Метелица” Юрый Боеў наўпрост заявіў: пасьля 16 гадоў працы ў цэнтры Масквы пераяжджаць у “зону”, дзе няма ні дарог, ні электрычнасьці, ні вады, ён не зьбіраецца. Хутчэй будзе здаваць будынак у арэнду пад офісы. Пры гэтым многія сьцьвярджаюць, што аб’ектыўна ня могуць адмовіцца ад справы: узялі крэдыт, набылі за яго абсталяваньне, таму маюць фінансавыя абавязаньні перад банкам. Як кажа адзін з уладальнікаў казыно, грошы крэдытору яшчэ не аддаў, а бізнэс закрываюць:

На казіно «Метелица» ў Маскве — аб’ява пра здачу ў арэнду.
“Будзем шукаць выхады. Магчыма, дзесьці сыдзем у падпольле. Пераедзем на лецішчы, альбо ў каго дом добры — будзем ставіць там абсталяваньне і працаваць. Працаваць гэтаксама, як і раней, толькі што ўжо падаткі плаціць, канечне, ня будзем”.

У Расеі пераяжджаць аматарам азартных гульняў сапраўды няма куды. У Прымор’і нават не вядуцца падрыхтоўчыя працы, у Алтайскім краі праект запрацуе як мінімум праз чатыры гады, у Калінінградзкай вобласьці толькі днямі выстаўлены на конкурс першы надзел зямлі, дзе можна будзе пачынаць будаўніцтва. Адносна прымальная інфраструктура — на поўдні Расеі, аднак умясьціць усіх ахвотных там нельга фізычна — у адной толькі Маскве зачыніліся блізу паўсотні казыно і больш за 400 гульнёвых клюбаў.

У такой сытуацыі шмат хто прагназаваў масавы дэсант расейцаў у Беларусь, каб легалізаваць тут сваю справу. Балазе ў справах бізнэсу расейцы і беларусы тут фармальна ў аднолькавых умовах. Ці спраўдзіліся чаканьні? Нешматслоўны прадстаўнік аддзелу ліцэнзаваньня гульнёвага бізнэсу Міністэрства спорту і турызму паведаміў:

“Мы нічога не баімся: мы не баімся ні расейцаў, ні ўкраінцаў, ні іншых. Проста ўважліва вывучайце беларускае заканадаўства, і, можа, нешта зразумееце”.

Карэспандэнт: “Там прапісаныя роўныя правы для грамадзянаў так званай Саюзнай дзяржавы…”

“Так, канечне, абсалютна роўныя правы…”

Карэспандэнт: “У сувязі з гэтым — ці можна казаць, што за два тыдні колькасьць зваротаў павялічылася?”

“Не, нельга”.

Карэспандэнт: “То бок моцных ваганьняў у працы няма?”

“Без камэнтароў”.

Дарэчы, згадка пра Ўкраіну не выпадковая — сёлета ў траўні Вярхоўная Рада прыняла закон, які часова забараняе працу казыно. Таму тэарэтычна Беларусь можа апынуцца ў цэнтры ўвагі гульцоў як з усходу, так і з поўдня. І калі за кароткі тэрмін, які мінуўся ад уступленьня ў сілу новых правілаў гульнёвага бізнэсу, замежная экспансія яшчэ не дала пра сябе знаць, то, як лічаць экспэрты, гэта ня значыць, што яе ня будзе ў далейшым. Прынамсі, расейскія ўлады абяцаюць змагацца з падпольшчыкамі агнём і мячом. Пра гэта на адмысловай прэс-канфэрэнцыі заявіў Сяргей Байдакоў, віцэ-мэр ва ўрадзе Масквы:

Пратэст украінскіх працаўнікоў казыно й заляў гульнявых аўтаматаў насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Кіеве, 18 траўня 2009 году.
“Частка арганізатараў гульнёвага бізнэсу разьлічвае на не зусім легальныя формы працы. Але ў такім выпадку гэта будзе жорстка спыняцца. Узаемадзеяньне гарадзкіх службаў, органаў улады, кантрольных органаў, праваахоўнай сыстэмы сёньня наладжана, і мы падпольных установаў на тэрыторыі Масквы не дапусьцім”.

Асобныя прадпрымальнікі ўжо абвясьцілі пра магчымасьць растварыцца ў інтэрнэт-прасторы, дзе ніякія абмежаваньні на гульні ня дзейнічаюць. Прыкладам, карыстаючыся апошнімі тэхналёгіямі, можна перайсьці на так званыя лататроны і плацёжныя тэрміналы, калі стаўкі робяцца праз банкаўскія рахункі ці плястыкавыя карткі.

Ва ўсёй Беларусі меней казыно, чым было ў адной Маскве. У Менску блізу двух дзясяткаў такіх установаў, пяць — у Берасьці, чатыры — у Віцебску, тры — у Гомелі, дзьве — у Магілёве, па адной — у Горадні, Баранавічах, Наваполацку, Мазыры і Бабруйску. Усе на асаблівым дзяржаўным кантролі і спраўна плацяць падаткі ў бюджэт. Аднак гарадзкія ўлады, як правіла, не ў захапленьні ад такога суседзтва. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Менску Людміла Шыпай кажа, што ўлады ня маюць на гульнёвыя ўстановы практычна ніякай управы:

“Усе гэтыя гульнёвыя ўстановы, якія зьяўляюцца ў горадзе, дык, на жаль, раён пры іхным адкрыцьці ніякім чынам ня ўдзельнічае. Затое адказвае поўнай лыжкай за тое, што адбываецца потым у іх ці вакол іх. Чалавек, які жадае мець такі бізнэс (гульнёвыя аўтаматы — самае зараз папулярнае), здымае памяшканьне, пераважна ў нейкага прыватніка. Прыкладам, у падвале жылога дома ці на першым паверсе памяшканьне, выдзеленае як непрыдатнае для жыльля. Памяшканьне, паколькі яно арандаванае ў прыватнай асобы, не ўзгадняецца ні ў адміністрацыі, ні ў гарвыканкаме. То бок, вы зразумелі сэнс — ён пад свой бізнэс памяшканьне зьняў, а мы пра гэта ня ведаем. Другі момант — атрыманьне ліцэнзіі. Зноў жа, па ліцэнзію ён зьвяртаецца ў Міністэрства спорту. Памяшканьне мае, Мінспорту дае дазвол — можаце займацца дадзеным відам дзейнасьці. І ўсё, ён мае ліцэнзію”.

Васіль Хрол
Намесьнік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Васіль Хрол яшчэ ў пару дэпутацтва да гульнёвай тэмы быў зусім не абыякавы. З аднаго боку, выступае пасьлядоўным прыхільнікам навядзеньня жорсткага парадку ў гэтай галіне. Разам з тым лічыць, што расейскія інвэстары не пашкодзілі б разьвіцьцю інфраструктуры. Але, на думку Хрола, казыно ў буйных гарадох трэба зачыніць і стварыць “рэзэрвацыю” ў ягонай былой выбарчай акрузе:

“Я пра гэта сказаў яшчэ некалькі гадоў таму, раней, чым прыняла рашэньне Расея. Справа ў тым, што ў Беларусі казыно толькі ў Менску ёсьць, ды яшчэ ў пары гарадоў. А ў Расеі гэта ня тое што проста казыно, а клюбы, дзе можна і пад’есьці, і патанцаваць, і пагуляць.
Асабліва мне хацелася б, каб лякальны Лас-Вэгас узьнік у маёй выбарчай акрузе, у горадзе Глыбокае, фактычна ў цэнтры Эўропы.
У нас яшчэ такіх клюбаў няма. І калі інвэстары з Расеі праінвэстуюць стварэньне такіх клюбаў, то, натуральна, гульцы паедуць. Але пакуль асабліва ехаць няма куды. Асабліва мне хацелася б, каб лякальны Лас-Вэгас узьнік у маёй выбарчай акрузе, у горадзе Глыбокае, фактычна ў цэнтры Эўропы. Там найпрыгажэйшыя мясьціны: прырода, азёры. І калі туды інвэстыцыі прыцягнуць, сумясьціць прыгажосьць прыродную з прыгажосьцю хай-тэку, дык гэта будзе ўвогуле супэр!”

Карэспандэнт: “Дык пры вашым цяперашнім статусе і сьцяг у рукі?..”

“Што вы! Мой статус накіраваны на вырашэньне задачаў у галіне саюзнага будаўніцтва, на вырашэньне праграмаў эканамічных, сацыяльных і культурніцкіх паміж Беларусьсю і Расеяй. Гульнёвыя ўстановы ў функцыянальныя абавязкі не ўваходзяць, і мы іх ніколі не абмяркоўваем”.

Уладальнік сеткі казыно “Данькофф” прадпрыемства “Джорджык і Ко” Юрый Данькоў пазыцыю ўладаў Расеі ці Ўкраіны, якія імкнуцца ізаляваць гульнёвы бізнэс, лічыць памылковай. На яго думку, сілавым чынам гэтае пытаньне ня вырашыш. Па словах Данькова, улады гэтых краінаў проста выштурхоўваюць грошы за межы сваіх дзяржаваў — ад такіх забаронаў ахвотных гуляць не паменее. Бо, як паказвае досьвед, нават ва ўмовах крызісу наведнікаў у ягонай установе досыць шмат:

Юрый Данькоў
“Я вам скажу: для мяне як для ўладальніка забаўляльнага цэнтру вялікай розьніцы няма. Канечне, людзі ў нейкай ступені пачалі меней траціць, але казыно як наведвалі, так і наведваюць. А часам, можа, нават і больш. Бо калі трапіў у залежнасьць, то як гуляў, так і будзеш гуляць. Натуральна, з улікам абставінаў чалавек можа гуляць ці меншай стаўкай, ці пад уплывам у галаве навязьлівай ідэі, што ён тут „адаб’ецца“. Зразумела, што кожны падсьвядома пры гэтым разумее, што ніяк ён не адаб’ецца, а яшчэ глыбей загразьне. Вось і ўсё. Таму дзьмутыя, лёгкія грошы выбухнулі, як бурбалкі, а хто стаіць ля станка, мае працу на вытворчасьці ці ў сфэры паслугаў, то як працавалі, так і будуць працаваць. Адпаведна, як адпачывалі, так і надалей будуць адпачываць”.

Цяпер на розных узроўнях абмяркоўваецца магчымасьць стварэньня спэцыяльнай гульнёвай зоны ў раёне Нацыянальнага аэрапорту “Мінск”. У тэорыі разглядаецца магчымасьць бязьвізавага ўезду і разьлікаў у розных валютах. Відавочна, што трапіць з той жа Масквы ў Менск нашмат прасьцей і эканомней, чым у Краснадар ці пагатоў у Прымор’е.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG