Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У СССР была жалезная заслона, а цяпер — жалезабэтонная”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 13 ліпеня.

Слухачы “Свабоды” працягваюць падводзіць вынікі 15 гадоў знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. 10 ліпеня 1994 году Лукашэнка перамог на першых у Беларусі прэзыдэнцкіх выбарах.

Спадар: “Беларускі народ шчасьлівы, што першым прэзыдэнтам стаў сапраўдны беларус, а не якія там адшчапенцы з Захаду, якія ставіліся, як на Ўкраіне. Вось так яны цяпер і жывуць. Так жывуць і прыбалты... Колькі пабудаваў Лукашэнка і зрабіў для беларускага народа, ніводнай з саюзных рэспублік падобнага не зрабілі. І няма чаго вам абліваць нашага прэзыдэнта... Будзьце памочнікамі прэзыдэнта, а не падобнымі падрыўнікамі, якія трымалі Беларусь закрытай ад Захаду”.

Мікола Цяліца, Менск: “Каб у 1994 годзе Зянон Пазьняк стаў прэзыдэнтам, не было б невукаў міністраў адукацыі і культуры РБ, якія не валодаюць нават сваёй роднай беларускай мовай. Беларусь была б Беларусьсю”.

Шаноўны спадар Цяліца, дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што нядаўна прызначаны новы міністар культуры Павал Латушка, адрозна ад сваіх папярэднікаў, добра валодае беларускай мовай і часта ёю карыстаецца.

У працяг тэмы вынікаў 15-годзьдзя прэзыдэнцтва — такія тэлефанаваньні:

Спадарыня: “За 15 год Лукашэнка кінуў Беларусь у пазыковую яму Расеі. І такую ж яму Беларусі капае Эўразьвяз для таго, каб утрымліваць Лукашэнку і паступова яго мяняць. То бок перавыхоўваць, мяняць яго сутнасьць. Дарма стараецеся, спадары эўрапейскія чыноўнікі! (...) Так што самастойнасьці і незалежнасьці пры Лукашэнку ў Беларусі не было, няма і ня будзе ніколі”.

Спадарыня: “Ёсьць у мяне пытаньне. Вось заходнія краіны дый іншыя сталі крыху лепш ставіцца да Беларусі. Стасункі крышку пацяплелі. Я хачу спытаць: чыя гэта заслуга? Ці заслуга нашай беларускай апазыцыі, ці ўвогуле Захад ужо пашкадаваў нас, беларусаў, што мы ўжо колькі год знаходзімся ў такой ізаляцыі? Раней у Савецкім Саюзе хоць была “жалезная заслона”, а цяпер нейкая жалезабэтонная заслона. Ні паехаць, карацей кажучы, у такой ізаляцыі, Беларусь на ўсю плянэту стала выгнанцам”.

На пытаньне слухачкі адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
“Нельга адказаць адназначна. Безумоўна, апазыцыя адыграла сваю ролю — яна даводзіла Захаду пра тое, што тут адбываецца, свой погляд на гэта. Але галоўны чыньнік у тым, мне падаецца, што Расея летась прадэманстравала свой воўчы аскал імпэрыялізму, калі напала на Грузію. Гэта вельмі занепакоіла Захад, што Расея захоча прыбраць да сябе іншыя пасьлясавецкія краіны”.

Штодня мы атрымліваем тэлефанаваньні, у якіх слухачы выказваюць сваё стаўленьне да справы Мікалая Аўтуховіча. Галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю вінаваціць ваўкавыскага прадпрымальнікаў у тым, што ён кіраваў групай аўганцаў, якія рыхтавалі замах на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васілія Каменку. Аўтуховіч віны не прызнае, кажа пра палітычны перасьлед. Ён трымае галадоўку пратэсту.

Спадар: “Аўтуховіч — звычайны крымінальнік, які падняў руку на міліцыянтаў, падпальваў ці яшчэ што, ці на Саўчанку — гэта палітычная справа, які ж гэта палітычны апазыцыянэр? Вось такія справы. Так што вы вельмі крывіце душой. Чорнае за белае выдаяце”.

Слухачу адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Гары Паганяйла:

“Трэба напачатку выказацца пра сам падыход да такіх адзнакаў. Гэта выключна савецкі, не прававы падыход. Хоць і пры Савецкім Саюзе існавала прэзумпцыя невінаватасьці. Пра палітычны складнік гэтай справы гаворыць тое, што Аўтуховіч быў яскравым прадстаўніком бізнэсу. Прадпрымальнікі за апошнія гады паказалі сябе палітычна актыўнай часткай грамадзтва. Каго можна палічыць палітычным вязьнем? Калі чалавека арыштоўваюць і выстаўляюць яму надуманыя абвінавачваньні, якія не падмацаваныя доказамі, адразу ўзьнікае падазрэньне, што ўлада, ужываючы сродкі крымінальнай юстыцыі, спрабуе выдаліць з грамадзкай арэны яскравую асобу”.

Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:

Зоя, Гародня: “Добры вечар, Радыё Свабода. Хачу прачытаць вам свой верш.

Сьцяг Мірона ў паветры лунае,
І яго ўвесь народ вітае.
За радзіму, за Беларусь!
Вешай сьцяг свой, Мірон, ня трусь!

Гэты сьцяг бел-чырвоны ад злосьці,
Злосьць уелася ў нашы косьці
На нялюдзкую гэтую ўладу —
Не да складу яна, не да ладу.

Ўся краіна жыве на прыпісках.
Незалежнасьці няма нават блізка.
Бесьсьлядоўна зьнікаюць людзі,
А што далей, кажыце, будзе?

Дык лунай жа, наш сьцяг Мірона!
Наша вера жыве нескарона,
Што са сьцягам вярнецца свабода
У краіну маю, да народа!”


Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG