Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За рулём псыхічна хворыя?


Псыхічна хворы чалавек пратараніў на кальцавой дарозе 7 аўтамабіляў. Ён патлумачыў, што чуў галасы, якія загадвалі яму рабіць гэта. Чаму чалавек з парушанай псыхікай мае пасьведчаньне кіроўцы? Ці ёсьць іншыя выпадкі, калі аўтамабілем кіруюць людзі зь неадэкватнымі паводзінамі? Супрацоўнікі ДАІ кажуць, што толькі пасьля таго, як такі чалавек трапіць у дарожна-транспартнае здарэньне, яго накіроўваюць на экспэртызу.

Супрацоўнікі ДАІ затрымалі кіроўцу з 25-гадовым стажам, які 9 ліпеня на кальцавой дарозе тараніў адзін за адным 7 аўтамабіляў. Ён казаў, што чуў галасы, якія аддавалі яму каманды.

Дзеля таго каб атрымаць пасьведчаньне кіроўцы, трэба мець даведку з псыханэўралягічнага дыспансэра пра тое, што чалавек не стаіць на ўліку.

Але часам супрацоўнікі ДАІ сутыкаюцца з праявамі неадэкватных паводзінаў некаторых кіроўцаў:

“У працэсе высьвятленьня абставінаў ДТЗ гэта выяўляецца. Натуральна, калі чалавек сябе неадэкватна паводзіць альбо ёсьць набор неадэкватных парушэньняў, то мы накіроўваем на мэдычнае абсьледаваньне”.

Толькі пасьля таго, як адбудзецца ДТЗ, кіроўцу, псыхічны стан якога выкліча ў інспэктараў пытаньні, накіруюць на экспэртызу.

Не сакрэт, што аўтамабілем часам кіруюць людзі, якія маюць сур’ёзныя захворваньні.

Але найвялікшую пагрозу бясьпецы дарожнага руху на сёньняшні дзень, паводле супрацоўнікаў ДАІ, нясуць маладыя людзі ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў, якіх за рулём становіцца ўсё болей і болей.

Кіраўнік упраўленьня прафіляктыкі ДАІ Беларусі Уладзімер Сьцяпанаў: “За выходныя больш за 600 чалавек затрымана нецьвярозых. А штодня — каля 200. Так, гэта кашмар. Праца вядзецца. Так, у асноўным гэта моладзь.
Ёсьць розныя меркаваньні: магчыма, даваць ім часовыя правы, а потым, у залежнасьці ад паводзінаў на дарогах, даваць сталыя правы.
Ёсьць розныя меркаваньні: магчыма, даваць ім часовыя правы, а потым, у залежнасьці ад паводзінаў на дарогах, даваць сталыя правы. Пакуль няма канкрэтнага рашэньня”.

У Дзяржаўтаінспэкцыі, адзначаючы рэзкі рост колькасьці аварый і выпадкаў кіраваньня аўтамабілем нападпітку, выказваюць розныя прапановы, як палепшыць сытуацыю.

Ўладзімір Сьцяпанаў: “Калі вы бачыце парушэньне, праявіце сваю грамадзянскую пазыцыю і патэлефануйце ў міліцыю.

Каб была доказная база, вам можна сфатаграфаваць аўтамабіль — напрыклад, абгон справа па абочыне. Гэтае парушэньне распаўсюджанае і часта праяўляецца, калі інтэнсіўныя патокі перад выходнымі і ў выходныя, на тых мясцовых дарогах, дзе няма разьдзяленьня сустрэчных патокаў”.

На беларускіх дарогах яшчэ з савецкіх часоў традыцыйна кіроўцы падаюць адзін аднаму сыгналы пра тое, што паблізу інспэктары ДАІ і трэба збавіць хуткасьць. Супрацоўнікаў ДАІ кіроўцы не ўспрымаюць як памочнікаў, якія зацікаўленыя зрабіць дарогу больш бясьпечнай.

Старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін — кіроўца са стажам. Ён тройчы трапляў у аварыю, і кожны раз — зь віны кіроўцаў, якія былі нападпітку.

Калякін: Абсалютна п’яны кіроўца, як мне сказалі, паўтары бутэлькі гарэлкі выпіў і ехаў за рулём. Я быў з маці ў машыне, і… лабавое сутыкненьне.
“Абсалютна п’яны кіроўца, як мне сказалі, паўтары бутэлькі гарэлкі выпіў і ехаў за рулём. Я быў з маці ў машыне, і… лабавое сутыкненьне. Шмат п’яных за рулём. Настолькі запушчана гэтая праблема, што адназначнага рашэньня няма. Трэба вырашаць яе комплексна”.

Сяргей Калякін лічыць, што па іміджы ДАІ моцна ўдарыў апошні інцыдэнт з “жывым шчытом”, які выклікаў рэзананс у грамадзтве. Але ён перакананы, што палепшыць сытуацыю на дарогах змогуць толькі адпаведныя праграмы, якія трэба прымаць цяпер з разьлікам на пэрспэктыву.

Ён прыгадаў сытуацыю 70-х, калі ў Менску было вельмі шмат парушэньняў правілаў руху з боку пешаходаў. Тады за пераход дарогі на чырвонае сьвятло і не на пераходзе ўвялі штраф 10 рублёў. Але ня толькі гэта.

“У працоўных калектывах абмяркоўвалі ягоныя паводзіны. Гэта магло перашкодзіць ягонаму павышэньню па службе. Яго маглі пазбавіць матэрыяльнага ўзнагароджаньня”.

Тады за тры-чатыры гады колькасьць парушэньняў правілаў пешаходамі скарацілася ў сотні разоў.

Лябедзька: Усё зьвязана зь беларускімі рэаліямі. Калі людзі замест шасьці дзён працуюць тры…
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька — таксама кіроўца са стажам. Ён пагаджаецца, што праблему трэба вырашаць комплексна і тэрмінова.

“Усё зьвязана зь беларускімі рэаліямі. Калі людзі замест шасьці дзён працуюць тры… Каб грамадзтва магло ўзьдзейнічаць на маладых людзей, трэба, каб дзейнічалі тысячы і тысячы грамадзкіх арганізацый, якія б паралельна працавалі зь дзяржаўнымі структурамі.

Трэба разьвіваць такія інстытуты, як сям’я, павага і давер да старэйшых, да саміх інстытутаў улады. Трэба пачынаць з моцных грамадзкіх, палітычных і эканамічных рэформаў”.

Палітыкі лічаць, што пытаньне бясьпекі на дарогах трэба абмяркоўваць тэрмінова і рабіць адпаведныя захады. Прамаруджваньне можа вывесьці сытуацыю з-пад кантролю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG