Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці згадаюць пра Беларусь Абама і Мядзьведзеў?


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама пачаў рабочы візыт у Маскву. Сёньня адбыліся яго перамовы з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Як паўплывае чаканае пацяпленьне стасункаў паміж ЗША і Расеяй на дачыненьні паміж Вашынгтонам і афіцыйным Менскам?

Паводле старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргея Маскевіча, чаканае паляпшэньне ў беларуска-амэрыканскіх стасунках “залежыць выключна ад часу”. Ён мяркуе, што “перазагрузка” дыялёгу паміж ЗША і Расеяй істотна не паўплывае на дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам.

Сяргей Маскевіч
“Хутчэй за ўсё гэта пытаньне не будзе закранацца. Тут дастаткова спэцыфічныя нашы ўзаемадачыненьні з ЗША, таму, я думаю, што расейска-амэрыканскія адносіны і іх разьвіцьцё ня вельмі ўплывалі апошні час на адносіны Беларусі з Эўропай ці з Амэрыкай. Мы спадзяемся, што гэты візыт будзе садзейнічаць разьвіцьцю стратэгічнага партнэрства, зьмяншэньню напружанасьці ў розных частках сьвету. Таму гэта абавязкова станоўча адаб’ецца і на Беларусі”.

Паводле палітоляга Ігара Лялькова, апошнім часам ЗША выбудоўвалі сваю палітыку адносна Беларусі, не асабліва азіраючыся на Расею.

Ігар Лялькоў
“То бок гэта былі такія самастойныя стасункі, у якіх Расея вялікай ролі не адыгрывала. Я не думаю, што гэты візыт Абамы неяк наўпрост паўплывае на стасункі паміж Беларусьсю і ЗША. Я думаю, яны будуць разьвівацца ў сваім уласным кантэксьце. І тое пацяпленьне можа быць хутчэй зьвязанае з ажыўленьнем кантактаў паміж Беларусьсю і ЗША, калі ўзгадаць нядаўні візыт амэрыканскіх кангрэсмэнаў, і будзе кіравацца сваёй унутранай лёгікай”.

Ці ёсьць спадзяваньне, што пацяпленьне ў амэрыкана-расейскіх стасунках можа неяк уплываць на тое, што беларускае кіраўніцтва вымушана пойдзе на пэўныя перамены ва ўнутранай палітыцы?

“Хутчэй на ўнутраную палітыку Беларусі можа паўплываць далейшае ўцягненьне Беларусі ў праграму „Усходняга партнэрства“, пашырэньне супрацы з Эўразьвязам, іншымі эўрапейскімі інстытуцыямі, такімі як Рада Эўропы, і непасрэдныя двухбаковыя стасункі з ЗША”.

Міжнародны каардынатар Хартыі 97 Андрэй Саньнікаў мяркуе, што візыт Барака Абамы ў Маскву гэта важная нагода, каб абмеркаваць пазыцыі.

Андрэй Саньнікаў
“Я лічу нармальным, што адбываецца сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, але я не лічу, што гэта нейкае пацяпленьне. Як будзе ўплываць на Беларусь? Я не думаю, што Беларусь дэталёва будзе абмяркоўвацца падчас гэтых сустрэчаў. Можа, бакі і выкажуцца, але я не думаю, што гэта будзе на ўзроўні прэзыдэнтаў. А вось наколькі прынцыпова ЗША будуць адстойваць свае пазыцыі па непрызнаньні сфэры ўплыву Расеі ў постсавецкай прасторы — вось гэта будзе цікава. Можна прагназаваць, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца. Я спадзяюся, што ЗША яшчэ раз выкажуцца, што ў сёньняшнім сьвеце няма такіх зонаў уплыву Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG