Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое сьвята сьвяткуюць беларусы?


3 ліпеня Беларусь чарговым разам сьвяткуе Дзень Незалежнасьці. Як усьведамляе сёньняшняе сьвята грамадзтва? Як ацаніць тыя мэханізмы і тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюць улады дзеля фармаваньня нацыі? Ці можна лічыць, што ўвогуле фармуецца беларуская нацыя?

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопіса “Arche” Валерка Булгакаў і філёзаф Алесь Анціпенка.

Валер Булгакаў
Алесь Анціпенка
Валер Карбалевіч

Як усьведамляе сёньняшняе сьвята грамадзтва?


Валер Карбалевіч: “Сумяшчэньне ў адным сьвяце дзьвюх розных ідэй — ідэі вызваленьня Беларусі ад фашыстаў і ідэі незалежнасьці — з самага пачатку бянтэжыла і выклікала пытаньні. Вось цяпер, праз 13 гадоў пасьля таго рэфэрэндуму, на якім 3 ліпеня было прынята як Дзень Незалежнасьці, ці разумее насельніцтва, якое сьвята яно сьвяткуе?

Хачу зьвярнуць увагу, што за гэтыя гады адбыліся пэўныя зьмены ў стаўленьні да вайны. Усё менш жывых вэтэранаў. Новае пакаленьне ўжо выхаванае не на савецкіх фільмах пра вайну і партызан, а на галівудзкіх фільмах.

І ўлады ўжо зь меншым імпэтам апэлююць да памяці Вялікай Айчыннай вайны. Ці зьвярнулі вы ўвагу, што два апошнія гады Лукашэнка ўжо не выступае з дакладам на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Перамогі — гэта робіць прэм’ер Сідорскі? Плянуецца ліквідаваць будынак музэю Вялікай Айчыннай вайны, а новага памяшканьня не знайшлі. Гэтага немагчыма было ўявіць у 1990-я гады. З сыстэмы адукацыі паступова зьнікае спэцкурс пра Вялікую Айчынную вайну. Як гэта ўсё ўплывае на ўсьведамленьне сёньняшняга сьвята?”

Валерка Булгакаў
: “Гэтае сумяшчэньне дзьвюх ідэяў штучнае і каньюнктурнае. З-за гэтага цяперашняе сьвята ніколі ня стане па-сапраўднаму народным. Бо людзі дрэнна разумеюць, што яны сьвяткуюць. І калі ў Менску гэтая прывязка яшчэ можа мець нейкія тлумачэньні (3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў), то ў правінцыі гэта выклікае вялікія пытаньні.

Сапраўды, апошнім часам аслабляецца градус прапагандысцкай гістэрыі, зьвязанай з услаўленьнем “подзьвігу савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне”. Але гэта мала ўплывае на спосаб падачы ў мэдыях”.

Гэтае сьвята зьнікне разам з рэжымам?


Булгакаў: “Мы маем досыць цынічнае маніпуляваньне грамадзкай сьвядомасьцю з боку рэжыму, каб атрымаць падтрымку насельніцтва. Ён эксплюатуе адзін з найбольш раскручаных сюжэтаў савецкай гісторыі, які адбіўся ў масавай сьвядомасьці.

Таму, з аднаго боку, мы маем працяг лініі, запачаткаванай адразу пасьля вайны. Зь іншага боку, мы маем штучную прывязку Лукашэнкам даты вызваленьня Менску да Дня незалежнасьці, што перакрэсьлівае ўсю гісторыю Беларусі да вайны. З трэцяга боку, мы маем рост апатыі грамадзтва, якое не разумее, што адбываецца.
Пасьля адыходу рэжыму Лукашэнкі гэтая дата ня мае ніякіх шанцаў, каб застацца Днём незалежнасьці Беларусі.
Таму пасьля адыходу рэжыму Лукашэнкі гэтая дата ня мае ніякіх шанцаў, каб застацца Днём незалежнасьці Беларусі”.

Карбалевіч: “Сп. Булгакаў, вы кажаце, што цяперашняе сьвята ніколі ня стане па-сапраўднаму народным. Але ніякае іншае сьвята, ніякія падзеі (нават футбольны матч) не зьбіраюць такую колькасьць насельніцтва на вуліцах і плошчах, як Дзень незалежнасьці. Магчыма, гэтае сьвята паступова ўваходзіць у сьвядомасьць грамадзтва як галоўнае сьвята ў краіне. І зьвязанае яно зь незалежнасьцю”.

Алесь Анціпенка: “Думаю, мала хто разумее, што сьвяткуецца 3 ліпеня. Ёсьць лёгіка ў тым, што рэжым выкарыстаў гераічны міт. Навязваньне савецкай сымболікі і героікі блытае і стварае шэраг супярэчнасьцяў у нашым агульнанацыянальным дыскурсе. Гэта супярэчыць сапраўднаму нацыянальнаму дыскурсу, які базуецца на тым, што беларуская дзяржаўнасьць сягае ў часы Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага. Таксама думаю, што гэтае сьвята зьнікне разам з рэжымам”.

Мэханізмы і тэхналёгіі дзяржаўнага нацыятварэньня


Карбалевіч: “Што такое сапраўдны нацыянальны дыскурс? Як яго вызначыць? Ці павінен ён абапірацца на большасьць насельніцтва? Складаныя пытаньні.

Цікава паглядзець на тыя мэханізмы і тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюць улады дзеля фармаваньня беларускай нацыі. З аднаго боку, яны ўсяляк прапагандуюць гордасьць за Беларусь. Дзяржаўныя мэдыі імкнуцца раздзьмуць любыя перамогі — ці то ў спорце, ці то на Эўрабачаньні. Лукашэнка даказвае, што Беларусь лепш за іншыя краіны пачувае сябе падчас крызісу, у нас працягваецца рост, і ўвогуле ўсе краіны бяруць на ўзбраеньне беларускі досьвед эканамічнай палітыкі. Вось учора на ўрачыстым паседжаньні прэзыдэнт заявіў, што партызаны Беларусі ўнесьлі большы ўнёсак у перамогу над фашызмам, чым заходнія саюзьнікі.

А зь іншага боку, Лукашэнка кажа, што беларусы — гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасьці. Вось і сёньня, выступаючы на парадзе, ён, кажучы пра дачыненьні з Расеяй, заявіў: “Мы — адзін народ”.

Булгакаў: “Лукашэнка не фармуе беларускай нацыі. Такая пастаноўка пытаньня ў корані няправільная. Бо Лукашэнка нішчыць беларускае школьніцтва, незалежныя мэдыі, інтэлектуальныя асяродкі.

Гэтыя выказваньні Лукашэнкі маюць адгалоскі расейскага мэсіянізму ў беларускай трактоўцы. Нібыта мы — цэнтар Эўропы, нашы трактары (тралейбусы, спартоўцы і інш.) — самыя лепшыя. А зь іншага боку — гэта цынічная прапаганда для самалегітымацыі рэжыму. Лукашэнка мусіць неяк самасьцьвярджацца як кіраўнік дзяржавы, які кіруе ўжо 15 гадоў. Ён не прызнае тых атрыбутаў, якія лічацца прыкметамі нацыі ў сьвеце: мову, культуру, духоўнасьць. У яго барбарызаванай мадэлі нацыі эканамічныя ці сацыяльныя посьпехі становяцца злучвом, якое лучыць беларусаў у нацыю”.

Паводле якога праекту павінна стварацца нацыя?


Карбалевіч: “Сп. Булгакаў, вы кажаце, што Лукашэнка не стварае нацыю паводле праектаў беларускіх адраджэнцаў? Але чаму ён павінен ствараць нацыю менавіта паводле вашага праекту? Ён яе стварае паводле свайго праекту. Чаму вы катэгарычна адмаўляеце гэты ягоны праект?”

Булгакаў: “Ёсьць палітычныя і культурныя тэсты, якія насельніцтва мусіць прайсьці, каб стаць нацыяй. Беларускае грамадзтва разрываецца ўнутранымі супярэчнасьцямі. Няма агульнанацыянальных дэбатаў па найважнейшых для нацыі пытаньнях.

Праект, які ажыцьцяўляе Лукашэнка, не нацыянальны, а этатысцкі. У яго рамках дзяржава фармуе супольнасьць з дапамогай агалцелай прапаганды”.

Анціпенка: “Трэба разрозьніваць паняцьці “нацыя як дзяржава” і “нацыя як культурніцкая супольнасьць”. Лукашэнка фармуе першую мадэль. Варта прыгадаць кампаніі “За Беларусь!”, “Мы — беларусы!”. З гледзішча культурніцкай сэмантыкі яны абсалютна пустыя.

Але яны паспрыялі самаўсьведамленьню беларусаў, якія лічаць сябе ўладальнікамі гэтай дзяржавы. Адзіная праблема — наша ўсходняя мяжа. Канфлікты з Расеяй якраз і спрыяюць усталяваньню дзяржаўна-палітычнай мяжы з Расеяй.

Відавочна, Лукашэнка ніяк не зацікаўлены ў фармаваньні нацыі як культурніцкай супольнасьці. Сёньня ў Беларусі фармуецца нацыя-дзяржава безь беларускай культуры, мовы. Я б ня стаў, як сп. Булгакаў, радыкальна казаць, што не адбываецца ніякага фармаваньня нацыі. Гэты працэс адбываецца і з удзелам дзяржавы, і безь яе ўдзелу. Сутыкненьне гэтых дыскурсаў дае падставу меркаваць, што ў хуткім часе ў нашым грамадзтве можа адбыцца псыхалягічны зрух”.

Булгакаў: “Я не сказаў, што нацыятварэньне ў Беларусі не адбываецца. Але гэта адбываецца насуперак дзеяньням дзяржавы. Працэсы, якія запачаткоўваюцца рэжымам, могуць мець значэньне для фармаваньня нацыі, але празь вялікі прамежак часу”.

Карбалевіч: “Калі ў канцы Дня Незалежнасьці ўся вялізарная плошча, дзясяткі тысяч людзей (у асноўным — моладзь) разам з прэзыдэнтам сьпяваюць гімн — гэта гледзішча, як у ЗША”.

Булгакаў: “Затое ў ЗША няма такога крывадушша”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG