Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Die Presse: “Апошні эўрапейскі дыктатар у пошуках грошай”


“Апошні эўрапейскі дыктатар у пошуках грошай” — так называецца артыкул, зьмешчаны ў сёньняшнім нумары аўстрыйскай Die Presse.

Як піша яго аўтарка Рэгіна Пёль, “у выніку спрэчкі з Масквой Менск больш разьвярнуўся ў бок Захаду. ЭЗ мае свае эканамічныя інтарэсы ў гэтым рэгіёне, аднак у справе фінансавай дапамогі Брусэль, як і раней, сьвядома захоўвае стрыманасьць”.

Чаго хоча Беларусь ад Эўразьвязу? Цяпер гэтай краіне вельмі патрэбныя грошы. Асабліва гэта зрабілася заўважным пасьля таго, як Расея дыстанцыявалася ад свайго “малодшага брата” — ня толькі ў сувязі з крызісам, але і таму, што Лукашэнка прадэманстраваў надзвычай мала салідарнасьці ў канфлікце Крамля з Грузіяй.

Нядаўна беларускі кіраўнік, або, як яго яшчэ называюць на Захадзе, “апошні дыктатар Эўропы”, запрасіў да сябе ў Менск эўракамісара Бэніту Фэрэра-Вальднэр. Умоваю супрацоўніцтва тая паставіла дэмакратычныя рэформы. Лукашэнка не пярэчыў. Аднак чаму?

У якасьці адказу на пытаньне аўстрыйская журналістка прыводзіць словы самога Лукашэнкі на сустрэчы з высокай брусэльскай госьцяй: “Беларусь знаходзіцца паміж двума монстрамі, ЭЗ і Расеяй”.

Паводле Die Presse, відавочна, што Расея надзвычай часта выводзіла Беларусь з раўнавагі: тут і “малочная вайна”, і слабая надзея на танныя энэрганосьбіты. Менск адказвае адсутнасьцю салідарнасьці з крамлёўскім кіраўніцтвам у грузінскім канфлікце.

Як мяркуе аўтар публікацыі, Лукашэнка хоча захаваць дыстанцыю як з Масквой, так і з Брусэлем. Бо толькі манэўруючы паміж імі, ён можа выявіць сваю значнасьць ды незалежнасьць.

Фэрэра-Вальднэр прывезла Лукашэнку 10 мільёнаў эўра — нязначную суму для вялікага ЭЗ. Гэта сьвядомае рашэньне Брусэлю. ЭЗ ня можа не лічыцца з тым, што ў краіне дыктатура.

Паводле аўтара, іншыя пяць постсавецкіх краін-удзельніц “Усходняга партнэрства” — Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова ды Ўкраіна — маюць ад Брусэлю лепшае фінансаваньне. Гэтыя пяць краін — частка эўрапейскай палітыкі суседзтва, якая вядзе да шырэйшых эканамічных абменаў. Што да Беларусі, то яна можа пачакаць, заканчвае свой артыкул у Die Presse Рэгіна Пёль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG