Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІНОТА. Тыдзень з блогерам Lionellia


Lionellia
Lionellia
«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Lionellia.

КОШТ АДЗІНОТЫ


Быць адзінокім чалавекам ня толькі сумна і нецікава, але і нямодна. Пра гэта нам гаворыць усё. Пачынаючы ад «сьвята» ўсіх закаханых, што ладзіцца 14 лютага, і заканчваючы рознымі абсурднымі сытуацыямі вакол. Нешта падобнае адчуў блогер antonslavin, калі вырашыў наведаць кінатэатар «Беларусь» без кампаніі. У касе квіткоў не было, а перакупы адмаўляліся прадаваць адзіночны пропуск у непаўторны сьвет кіно. Здавалася б, чалавек і ня супраць пераплаціць, але і тут намёк: маўляў, у адзіноце ў кінатэатар ня ходзяць, парныя квіткі не разьбіваем.

Добрая дыскусія з гэтай нагоды разгарнулася ў кам’юніці minsk_by. Нехта расказвае пра тое, што ў такіх выпадках ідуць у менш круты кінатэатар, нехта спрабуе абурацца. Відавочна, што беларусы і «мусіць, так трэба» — гэта адно цэлае. Насамрэч, мусіць, так і трэба, што нехта перапрадае табе квіткі проста перад кінатэатрам ды яшчэ й адчувае сябе богам: не, пацан, сёньня кіно ты будзеш глядзець у «Бярэсьці».

КРУТА ТРАПІЎ ТЫ НА TV


Калі раптам цябе запрашаюць на тэлебачаньне, то хочацца верыць у тое, што там працуюць людзі, якія ў сваёй справе прафэсіяналы. Камэры не баяцца, могуць дапамагчы накіраваць размову ў патрэбны бок і ўсё такое. Сваімі ўражаньнямі ад удзелу ў адной з праграмаў на беларускім тэлебачаньні дзеліцца annahonda:

— Дарэчы, запрасілі мяне распавесьці, што варта пачытаць, а насамрэч давялося адказваць на пытаньне: «а чаго гэта вы гаворыце ў Беларусі па-беларуску?» Можаце ўявіць, зь якім настроем я там сядзела... І хоць вядучая і сказала мне «дзякуй» на разьвітаньне, было шалёнае ўражаньне, што сваёй белмовай я проста сапсавала чалавеку жыцьцё.

Самае забаўнае, што бяру ўдзел толькі ў «культурных праектах». І тыя вядоўцы, якія вымушаны са мной гаварыць, самыя інтэлектуальныя і культурна-дасьведчаныя на БТ... А ўражаньне, быццам бы яны з Вэнэры, а я — з Марсу. Паралельнае чалавецтва.

СЬВЕТАЎСПРЫМАНЬНЕ


Паэт Віталь Рыжкоў радуе час ад часу чытачоў публікацыямі вершаў у сваім блогу. Гэтым разам ryzhkou разьмясьціў іранічны верш пра тое, як мы ўсе ўмеем па-рознаму ўспрымаць рэчаіснасьць. Спраектаваў сытуацыю на сябе і сябра. Думаю, што дзякуючы такому вершу можна пратэсьціць самога сабе: душа схільная больш да паэтычнага ўспрыманьня навакольля ці празаічнага? Проста ўзгадваем дзяцінства і тое, пра што мы думалі тады, калі глядзелі на самалёты.

Паша Касьцюкевіч у дзяцінстве
думаў, што самалёты
маюць чароўнае паліва —
якое з аблокаў,
а я
проста падскокваў высока,
крычаў «Самалёёёёт!»
і хацеў паляцець усьлед.
Касьцюкевіч —
цяпер празаік,
а я — паэт.

Дарэчы, ужо можна назіраць за тым, як іншыя блогеры пачынаюць праходзіць дадзены тэст. Чытаем у adamovitch’а:

У дзяцінстве,
калі я бачыў самалёт,
я зьбіраў усіх у кола, казаў:
— Браты, ён паляцеў ня ў той бок!
Дык чаму я цяпер не прарок?


МАРКЕТЫНГ


У камэнтарах да допісу katechizis’а, дзе той зьмясьціў фотаздымак адной з кавярняў Менску й напісаў «Няўжо беларускі бізнэс засвоіў такое слова, як „маркетынг“ o_O», блогеры не на жарт разышліся: ці правільна аўтар ужыў тут тэрмін «маркетынг»?

Пакуль усе гугляць слова «маркетынг», я адзначу, што як на мяне, то як ты ні называй тую ці іншую зьяву, але галоўнае — вынік. А вынік станоўчы. Кавярня цікавая.



ВАНДРОЎКІ


Сёньня зноў зьвярнуся да тых, хто сядзіць у офісе і хоча апынуцца дзе-небудзь у іншым месцы. Прапаную для сёньняшняй віртуальнай экскурсіі абраць горад Страсбург. Гідам-экскурсаводам будзе блогер andorac.

— Зьбіраючыся ў Страсбург, я не чакаў, што гэты горад так западзе мне ў душу. У Страсбург немагчыма не закахацца. Ужо хаця б за той ліпавы пах, які настолькі роўна і прапарцыйна разьліваецца па горадзе. Чаму ў Менску так мала ліпаў? Чаму ў Менску няма зялёнай падстрыжанай траўкі між рэльсамі трамвайных шляхоў?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG