Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэны: “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” дагэтуль актуальны


Амэрыканскія кангрэсмэны заклікалі Беларусь выконваць сыстэмныя рэформы ў галіне правоў чалавека, свабодных выбраў і правоў апазыцыі.

Прадстаўнічая дэлегацыя амэрыканскага кангрэсу прыехала ў Беларусь упершыню больш як за 10 апошніх гадоў. Сам факт атрыманьня візаў, запрашэньня на гутарку з прэзыдэнтам Лукашэнкам і дазвол на сустрэчу з апазыцыяй кіраўнік дэлегацыі Бэнджамін Кардэн назваў пазытыўным знакам.

Але адзіным станоўчым вынікам візыту спадар Кардэн назваў абяцаньне беларускага кіраўніка вызваліць з турмы Эмануіла Зэльцэра на падставах гуманнасьці.

Бэнджамін Кардэн
“Мы былі рады пачуць ад прэзыдэнта, што ён мае намер вызваліць спадара Зэльцэра. І мы спадзяемся, што гэта здарыцца сёньня”.

Спадар Кардэн, кіраўнік Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША, гэтак ацаніў размову з А. Лукашэнкам:

“Мы мяркуем, што прыехаць у Беларусь было важна, бо лічым, што Беларусь не адпавядае патрабаваньням АБСЭ. Мы гэта сказалі непасрэдна прэзыдэнту Лукашэнку. Мы абмеркавалі неабходнасьць захаваньня правоў чалавека і дэмакратычных рэформаў у краіне, патрэбу зьмяненьня выбарчага заканадаўства, выкананьня права апазыцыі крытыкаваць урад, абарону правоў НДА, эканамічныя рэформы і правы рэлігійных меншасьцяў. Мы патлумачылі Лукашэнку, што Беларусь не адпавядае міжнародным стандартам у гэтых сфэрах”.

Крыстафэр Сьміт
Іншы кангрэсмэн, Крыстафэр Сьміт, заклікаў афіцыйны Менск весьці дыялёг з апазыцыяй ды заявіў, што галоўнае зь беларускага боку — ня словы, а канкрэтныя крокі:

“Прэзыдэнт выказаў нам свой спадзеў, што эканамічныя санкцыі ЗША будуць скасаваныя. Нашая дэлегацыя дала яму ясна зразумець, што ўсё залежыць ад яго, мяч на ягонай палове пляцоўкі”.

Ініцыятар прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” Крыстафэр Сьміт заявіў таксама пра актуальнасьць гэтага дакумэнту, скасаваньня якога хоча Лукашэнка, і пацьвердзіў еднасьць дэмакратаў і рэспубліканцаў у беларускім пытаньні.

Увогуле амэрыканскія кангрэсмэны выказалі добрую абазнанасьць у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі. І давалі даволі жорсткія ацэнкі. Гаворыць кангрэсмэн Догет:

“Замест таго каб прапаноўваць шлях зьмяншэньня бар'ераў, якія існуюць паміж намі, Лукашэнка адмаўляў існуючую сытуацыю. Але пакуль мы не пабачым канкрэтных дзеяньняў, я ня бачу падставаў для разьвіцьця двухбаковага гандлю, для павелічэньня дапамогі і пазыкаў”.

А. Лукашэнка ў часе сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі заявіў пра гатоўнасьць вярнуцца да пытаньня паўнавартаснай дыпляматычнай прысутнасьці ЗША ў Беларусі. Аднак ён выставіў дзьве ўмовы — поўнае скасаваньне амэрыканскіх санкцыяў і амэрыканскага “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” як прававой асновы такіх санкцыяў.

Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь “вітае ўдзел флягманаў амэрыканскага бізнэсу ў інвэстыцыйных праектах на сваёй тэрыторыі”.

Гэтымі санкцыямі ЗША дамагаліся паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пасьля вызваленьня беларускіх палітвязьняў санкцыі былі істотна скарочаныя.


На прэсавй канфэрэнцыі ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG