Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты не разглядалі пытаньня Асэтыі і Абхазіі


Зала паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў<br />&nbsp;
Зала паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў<br />&nbsp;
Сёньня адбылося апошняе паседжаньне веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў. На ім не разглядалася пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Цяпер, згодна зь дзейным заканадаўствам, дэпутаты зноў зьбяруцца разам толькі 2 кастрычніка.

Сёньняшняе паседжаньне пачалося з затрымкай на паўтары гадзіны. Высьветлілася, што пачаць яго своечасова не было каму. Сьпікер Уладзімер Андрэйчанка знаходзіўся ў кіраўніка дзяржавы, а ягоны намесьнік Валеры Іваноў — у Вільні, дзе праходзіць сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

У папярэднім парадку дня, які сёньня атрымалі дэпутаты, пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ня значылася. А афіцыйная працэдура прызнаньня павінна пачынацца менавіта зь яго разгляду і з галасаваньня дэпутатаў. Але згадка пра тое, што кіраўнік Палаты знаходзіцца ў Аляксандра Лукашэнкі, выклікала пэўную нэрвознасьць — раптам там абмяркоўваюць якраз гэтую праблему?

Спадар Андрэйчанка сваё спазьненьне патлумачыў занятасьцю на дзьвюх важных сустрэчах у прэзыдэнта — з кангрэсмэнамі ЗША і з дэлегацыяй Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Ніякіх дапаўненьняў у парадак дня ён не прапанаваў.

“Паважаныя дэпутаты. Вы атрымалі сьпіс пытаньняў, якія мяркуецца разгледзець сёньня, 30 чэрвеня, на паседжаньні другой сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Ці будуць у вас заўвагі па сьпісе пытаньняў? Няма заўваг”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў так тлумачыць, чаму сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не абмяркоўвалі гэтага пытаньня:

Андрэй Фёдараў
“Таму што яны не атрымалі адпаведнага загаду свайго вышэйшага кіраўніцтва. “Незалежнасьць” Палаты прадстаўнікоў як галіны ўлады добра вядомая. А загаду няма таму, што прызнаньне гэтых грузінскіх тэрыторыяў незалежнымі выкліча вельмі вялікае незадавальненьне з боку Эўразьвязу. А ў нас зь ім пачалі нармалізавацца дачыненьні. І беларускае кіраўніцтва ня хоча іх псаваць.

Паўмільярда даляраў, абяцаных Расеяй, — грошы, вядома, ня лішнія. Але, напэўна, ёсьць спадзяваньні атрымаць з Захаду больш. Пагатоў Масква цісьне і па іншых кірунках, што таксама ня вельмі падабаецца афіцыйнаму Менску“.

Палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў лічыць: чакаць прызнаньня самастойнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі з боку афіцыйнага Менску бліжэйшым часам не выпадае:

Ігар Лялькоў
“На тле стасункаў з Расеяй, якія не паляпшаюцца, нягледзячы на апошнія заявы Пуціна (якія можна інтэрпрэтаваць як прыхаваны зьдзек ці, наадварот, як дэманстрацыю падтрымкі), бачна, як паляпшаюцца ў геамэтрычнай прагрэсіі дачыненьні з Эўразьвязам. А ЭЗ ужо неаднаразова, можа, ня вельмі публічна, але намякаў на тое, што прызнаньне гэтых дзьвюх сэпаратысцкіх тэрыторыяў Грузіі будзе выглядаць вельмі недарэчным. І я думаю, што для Менску цяпер важней захаваць гэтую дынаміку дачыненьняў з Эўразьвязам, чым рабіць нейкія сымбалічныя крокі ў бок Расеі”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG