Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аўганцы” падтрымалі Аўтуховіча


B
B

Вэтэраны вайны ў Аўганістане Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі накіравалі ў Генэральную пракуратуру ліст у абарону прадпрымальніка з Ваўкавыску, таксама былога “аўганца” Мікалая Аўтуховіча, які трымае галадоўку пратэсту ўжо 75 дзён.

“Галадоўка Аўтуховіча перайшла мяжу, за якой наступае непасрэдная пагроза жыцьцю”, — пішуць у пракуратуру Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі, якія разам зь Мікалаем Аўтуховічам спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю воінаў-інтэрнацыяналістаў “Абаронцы Айчыны”:

“Мы выказваем абурэньне, што сьледзтва зацягваецца, чалавек галадае, у любы момант зь ім можа здарыцца кома, ён можа памерці, а зрухаў у справе няма, хаця ўжо амаль 5 месяцаў ідзе сьледзтва. Больш за тое, мы зараз даведваемся, што ўжо да іх справы далучылі і справу пра гранатамёт і яны там праходзяць як падазроныя”, — сказаў “Свабодзе” Алег Воўчак.

Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі просяць сьледчых тэрмінова прыняць рашэньне аб вызваленьні Мікалая Аўтуховіча пад падпіску пра нявыезд і нагадваюць, што паводле афіцыйных заяваў справу Аўтуховіча, а таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі пракуратура даўно зьбіралася перадаць у суд.

Нагадаем, жыхароў Ваўкавыску Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку арыштавалі на пачатку лютага і выставілі ім абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта, што здарылася яшчэ ў 2005 годзе. За гэтае злачынства ўжо адседзеў чалавек, якога прызналі вінаватым. Адметна і тое, што пацярпелы міліцыянт не выказвае прэтэнзіяў да Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што яго перасьледуюць як грамадзкага актывіста. Апошнія зьвесткі пра стан здароўя галадоўніка былі наступныя: “Ён вельмі стомлены і схуднелы, але не саступае”, — казаў адвакат Павал Сапелка, які бачыўся з Аўтуховічам на мінулым тыдні.

Гэтая галадоўка Аўтуховіча – чацьвёртая. У кастрычніку-сьнежні 2005 году Аўтуховіч "галадаў" 74 дні. Тады ён страціў 38 кіляграмаў вагі. Падчас той галадоўкі на 60-ты дзень турэмны лекар на ўмовах ананімнасьці даў інтэрвію нашаму радыё і паведаміў, што Мікалай Аўтуховіч адмаўляецца ад турэмнай ежы, але падмацоўваецца гарбатай, кісялём і прымае глюкозу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG