Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром”: кантракт трэба выконваць”


Паводле Ўладзімера Пуціна, Расея захавае льготны рэжым для паставак энэрганосьбітаў у Беларусь. Яна мае намер працягваць падтрымку беларускай эканомікі, маючы на ўвазе тэндэнцыю выхаду на сусьветныя цэны. Ці сьведчыць гэта пра нейкія зьмены ў патрабаваньнях “Газпрому” адносна аплаты запазычанасьці за газ?

Падчас сустрэчы зь лідэрамі фракцый Дзярждумы ў Нова-Агарове расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін заявіў, што Беларусь — адзіная краіна, якая карыстаецца прэфэрэнцыямі і набывае расейскія рэсурсы па самых нізкіх у СНД цэнах. Расея мае намер захоўваць ільготны рэжым для паставак энэрганосьбітаў у Беларусь. Ці азначае гэта, што расейскі бок пагадзіўся з сярэднегадавой цаной на газ, якой патрабуе афіцыйны Менск? Ці дараваў “Газпром” налічаны Беларусі ад пачатку году доўг у 244 мільёны даляраў? Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў адзначыў:

Сяргей Купрыянаў
“Як вы сабе ўяўляеце? Ільготны рэжым — гэта значыць, можна не плаціць?”

Карэспандэнт: “Па меншых цэнах, як просіць беларускі бок, па 150 даляраў — сярэднегадавая цана?”

Купрыянаў: “Кантракту такая схема не адпавядае. Ёсьць кантракт, і яго трэба выконваць. Пра гэта гаворка і ідзе. Ён дастаткова йльготны”.

Да якога часу “Газпром” будзе чакаць пагашэньня запазычанасьці, пасьля чаго будуць ужытыя абяцаныя старшынёй праўленьня Аляксеем Мілерам захады — альбо суд, альбо скарачэньне паставак? На гэтае пытаньне спадар Купрыянаў пакуль ня даў адказу.

Афіцыйны Менск прызнае доўг за газ, але ў 234 мільёны даляраў, і абяцае разьлічыцца да канца лістапада. Паводле эканамічнага аглядальніка газэты “Беларусы і рынак” Тацяны Манёнак, Расею палохае наладжваньне афіцыйным Менскам кантактаў з Эўропай і Ўкраінай.

Тацяна Манёнак
“Пакуль беларускі бок ня будзе прымаць нейкіх гучных рашэньняў. І будзе чакаць нейкай размовы двух прэзыдэнтаў, бо прэзыдэнты дамаўляліся. Беларускі бок возьме нейкі тайм-аўт. Будзе чакаць нейкіх новых сыгналаў з боку Расеі. Летам, калі Беларусь зьмяншае спажываньне газу, гэтыя пагрозы “Газпрому” — гэта проста напамін пра тое, што трэба выконваць палітычныя дамовы. Калі ня будзе палітычных саступак з боку Беларусі, Расея паціху ўсё ж будзе паскараць пераход да роўнадаходных коштаў. У сытуацыі пагаршэньня каньюнктуры на асноўныя экспартныя прадукты, нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні гэта будзе вельмі складана для Беларусі. Павышаючы такі ціск, Расея мае надзею, што гэта хутчэй наблізіць тую эканамічную інтэграцыю, пра якую яна марыць”.

Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што стасункі з Расеяй будуць пагаршацца:

Сяргей Гайдукевіч
“Адносіны з Расеяй вельмі напружаныя. Любыя нечаканасьці магчымыя. І тут ня толькі газу тычыцца. Наперадзе прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Стасункі з Расеяй будуць пагаршацца з кожным месяцам”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што канфлікт на газавай глебе ў любым разе будзе — зараз альбо ў канцы году.

Дзяніс Мельянцоў
“Цяпер у стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй існуе цэлы корпус неўрэгуляваных дамоваў. У падмурку адносінаў стаяць такія джэнтэльмэнскія пагадненьні. Двухбаковыя дачыненьні трэба будаваць у прынцыпе наноў, каб яны былі прагназавальныя і насамрэч суседзкія. А на падставе таго, што існуе зараз, у тым ліку ў газавай сфэры, можна казаць, што існуе глеба для няспынных канфліктаў. Калі палітычна лідэры дзьвюх дзяржаў не дамовяцца ў рэшце рэшт, то гэты канфлікт непазьбежны”.



Афіцыйны Менск не хавае, што перамовы з “Газпромам” пра цэны на наступны год будуць складаныя. З 2011 году “Газпром” мае намер увесьці для Беларусі эўрапейскія цэны за выняткам транспартных выдаткаў. Паводле першага віцэ-прэм'ера Беарусі Ўладзімера Сямашкі, Беларусь будзе дамагацца пераносу гэтага тэрміну на 2014—2015 гады.

20052006200720082009
Беларусь$47$47$100$120$150
Украіна$50$95$130$180$230
Расея (унутраная цана)$45$45$45$50$65
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG