Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: каму замінае хрысьціянская літаратура?


Людзям стэнд не замінаў, а літаратура не залежвалася
Людзям стэнд не замінаў, а літаратура не залежвалася

Сёньня горацкія ўлады ліквідавалі стэнд ініцыятара збору подпісаў супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, верніка незарэгістраванай пратэстанцкай суполкі “Свабода ў Госпаду” Пятра Маланачкіна.

17 чэрвеня адміністрацыйная камісія райвыканкаму за несанкцыянаванае ўсталяваньне стэнду пакарала актывіста штрафам у памеры 175 тысяч рублёў. Пётар Маланачкін цьвердзіць, што ў пастанове камісіі нічога не сказана пра тое, што стэнд павінны зламаць.

Паводле актывіста, на стэнд ён выкладаў на працягу пяці гадоў літаратуру хрысьціянскага зьместу. Стэнд неаднойчы ўжо ламалі, аднак актывіст упарта яго аднаўляў. Людзям ён не замінаў, скаргаў ад іх не было. Што да літаратуры, то яна на стэндзе не залежвалася.

“Сёньня а палове дзясятай прыехалі сем чалавек, два зь іх былі міліцыянтамі. Яны ўзялі лом, малаток і пачалі ламаць. Ніякіх дакумэнтаў яны мне не прад’яўлялі. Пасьля таго як усё было зроблена, усё, што засталося ад стэнду, і літаратуру, якая на ім была, яны забралі з сабою. Я патэлефанаваў у міліцыю, начальнік сказаў, што разьбярэцца. У гэта я ня надта веру. Таму напісаў яшчэ скаргу ў пракуратуру”, — паведаміў “Свабодзе” Пётар Маланачкін.




Актывіст зьвязвае такія дзеяньні ўлады з тым, што сёньня адзначаецца гадавіна вызваленьня Горак ад фашыстаў, і з гэтай нагоды па вуліцы, дзе быў стэнд, мелася прайсьці ўрачыстая калёна.

Што да выраку адміністрацыйнай камісіі, то спадар Маланачкін яго абскардзіў і цяпер чакае, калі адбудзецца разгляд скаргі.

У лістападзе 2007 году Пётар Маланачкін ініцыяваў у Горках збор подпісаў супраць будаўніцтва ў раёне атамнай электрастанцыі. Ад таго часу было сабрана пяць тысяч подпісаў. Першыя дзьве тысячы даслалі прэзыдэнту і ўраду ўвесну 2008 году. Наступныя тры — пры канцы сёлетняга красавіка. Днямі спадара Маланачкіна паінфармавалі лістом, што адказ на дасланыя подпісы павінен даць Горацкі райвыканкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG