Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскія ўлады праігнаравалі тысячу подпісаў


Сёньня прадстаўнік пажарнай службы перадаў адміністрацыі міні-рынку на вуліцы Брэсцкай пісьмовае паведамленьне, у якім гаворыцца, што з заўтрашняга дня праца прадпрымальнікаў на ім павінна быць прыпынена з-за ўмоваў, якія не адпавядаюць правілам пажарнай бясьпекі.

Прадпрымальнікі ў шоку і ня ведаюць, што рабіць. Канфлікт з уладай працягваецца больш за месяц, і выйсьця ніякага яны ня бачаць.

Нагадаю: яшчэ месяц таму слонімскія ўлады папярэдзілі прадпрымальнікаў, што з 1 чэрвеня закрываюць іх рынак на падставе таго, што ўмовы гандлю не адпавядаюць санітарным нормам. Гандляры, у сваю чаргу, сабралі больш за тысячу подпісаў у абарону сваіх працоўных месцаў.

Аднак пазыцыя ўладаў застаецца нязьменнай: яны прапануюць прадпрымальнікам перайсьці працаваць на новы рынак, матывуючы тым, што рынак на вуліцы Брэсцкай знаходзіцца побач з ажыўленай трасай, тут парушаюцца санітарныя нормы гандлю харчовымі таварамі, пажарная бясьпека.

Пераходзіць на новыя месцы ніхто ня хоча, бо арэнда там ці не ўтрая даражэйшая, а з пачаткам крызісу даходы і продажы ў прадпрымальнікаў зьнізіліся. Да ўсяго, як сказаў мне адзін з прадпрымальнікаў, спадар Віктар, пасьля дажджоў на новым рынку паразмывала ўсе працоўныя месцы.

Міні-рынак на вуліцы Брэсцкай дзейнічае з 90-х гадоў, зямля здадзеная ў арэнду юрыдычнай асобе да 2027 году. Арандадаўца ўжо заключыў дамову з прадпрымальнікамі на ўвесь год. Але сёньня, са слоў спадара Віктара, ён абвясьціў работнікам адміністрацыі, што тыя вымушаны будуць звольніцца. Праўда, дамовы арэнды з прадпрымальнікамі не разрываў.

Са слоў спадара Віктара, арандадаўцу ўжо выклікалі ў раённую пракуратуру і папярэдзілі пра невыкананьне патрабаваньняў санітарнай і пажарнай службаў.

Заўтра прадпрымальнікі маюць намер усё роўна выйсьці на свае працоўныя месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG