Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь наведае прэзыдэнт ПАРЭ


 Луіс Марыя дэ Пуч
Луіс Марыя дэ Пуч

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Луіс Марыя дэ Пуч плянуе наведаць Беларусь у найбліжэйшыя паўгода.


Пра гэта ён паведаміў на сустрэчы зь беларускімі журналістамі 23 чэрвеня ў Страсбуры.

Ён зазначыў, што 7 верасьня ў Парыжы Бюро ПАРЭ будзе прымаць рашэньне на падставе рэзалюцыі Асамблеі аб вяртаньні гасьцявога статусу парлямэнту Беларусі пасьля адмены сьмяротнага пакараньня. А таксама "складаць "дарожную мапу" далейшага разьвіцьця стасункаў Рады Эўропы і Беларусі", перадае БелаПАН.

"Менавіта ў гэтых межах я буду разглядаць свой візыт. Я хацеў бы даведацца, што думаюць у Беларусі наконт прынятай рэзалюцыі, і хацеў бы ўбачыць, ці будуць сыгналы аб тым, што ёсьць жаданьне працаваць з намі далей," – сказаў Луіс Марыя дэ Пуч. Ён падкрэсьліў, што калі ён прыедзе ў Беларусь у найбліжэйшыя паўгода, то гэта будзе азначаць, што "ў нас усё добра".

Старшыня ПАРЭ таксама зазначыў, што, асамблея, прыняўшы сёньня рэзалюцыю, выразна заявіла пра тое, што статус спэцыяльна запрошанага для парлямэнту Беларусі "будзе адноўлены толькі пасьля ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне". "Тут размова ідзе не аб поўнай адмене, а аб гарантыі таго, што гэтых пакараньняў ня будзе. Беларускія ўлады, калі прымуць такое рашэньне, пакажуць, што гатовыя да працягу дыялёгу", — сказаў Луіс Марыя дэ Пуч.

Паводле старшыні ПАРЭ, "пры наяўнасьці палітычнай волі" мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі "можа быць аб'яўлены ўжо праз два дні або нават заўтра раніцай".

Яшчэ адной умовай аднаўленьня статусу ў рэзалюцыі ПАРЭ называецца абавязковая прысутнасьць у беларускай дэлегацыі прадстаўнікоў апазыцыі.

"Мы адмыслова казалі аб прадстаўніках непарлямэнцкай апазыцыі. У парлямэнце ў вашай краіне апазыцыі не існуе. Але ў нас ёсьць вельмі шырокая інфармацыя пра людзей у Беларусі, якія маглі б прадстаўляць апазыцыю ў ПАРЭ. І не мае значэньня, хто будзе прадстаўляць апазыцыю. Але нам важна чуць шмат розных думак аб сытуацыі ў Беларусі," – сказаў Луіс Марыя дэ Пуч.

Нагадаем, 23 чэрвеня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рашэньне, што беларускі парлямэнт атрымае статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ, але толькі пасьля таго, як Беларусь увядзе мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG