Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ “за” рашэньне Беларусі пашырыць валютны калідор



Пра гэта паведамляе амэрыканскае выданьне Forbes са спасылкай на агенцтва Reuters.

Як заявіў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Крыс Джарвіс, рашэньне беларускага Нацбанку адносна пашырэньня калідора абменнага курсу беларускага рубля з +/- 5% да +/- 10% падвышае гнуткасьць рэжыму курсаўтварэньня, а гэта дазволіць краіне “лягчэй адаптавацца да вонкавых шокаў”.

Паводле Крыса Джарвіса, апошняе паступовае зьніжэньне абменнага курсу ў межах калідору павінна палепшыць стан плацёжнага балянсу ў Беларусі.

“Рашэньне Нацыянальнага банку адносна падвышэньня працэнтавых ставак крэдытаваньня камэрцыйных банкаў (з 20% да 22% гадавых) — пазытыўны крок, які падтрымае эканамічную і валютную стабільнасьць”, упэўнены кіраўнік місіі МВФ у Беларусі.

Рашэньне пашырыць дыяпазон магчымых ваганьняў курсу беларускага рубля ў дачыненьні да такіх валютаў, як даляр ЗША, эўра і расейскі рубель, з +/- 5% да +/- 10% Нацбанк прыняў 22 чэрвеня.

Замежныя агенцтвы і спэцыяльныя выданьні таксама распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што Беларусь папрасіла ў МВФ крэдыт у памеры 1 мільярд даляраў, на дадатак да вылучаных ёй раней фондам 2,46 мільярда.

Як падае БелТА са спасылкай на кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, чакаецца, што рашэньне аб павелічэньні крэдытнай лініі для Беларусі Рада дырэктараў МВФ прыме найбліжэйшым часам.

Такім чынам, Беларусь ужо ў наступным годзе мае атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў па лініі МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG