Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Грыцанаў: “Праскі акцэнт” ня мае аналягаў


Выйшла 16-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода “Праскі акцэнт”, якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох.




Пра новае выданьне “Свабоды” філёзаф, публіцыст Аляксандар Грыцанаў:

Юры Дракахруст
“Аўтарская перадача Юрыя Дракахруста “Праскі акцэнт” ня мае аналягаў у айчынных – як дзяржаўных, гэтак і незалежных – СМІ. Пытаньне нават ня ў тым, што працягласьць яе рэгулярных выхадаў у эфір ужо перавысіла 8 гадоў.

Праграма ня можа мець аналягаў паводле свайго ўнівэрсальнага фармату: яе вядучы – застаючыся спрактыкаваным журналістам – спакваля (што асабліва каштоўна) засвоіў кваліфікацыі палітоляга, сацыёляга, мадэратара дыскусіяў, гісторыка і культуроляга, а таксама дыктара, які выразна ўспрымаецца.

Кожная перадача гэтай рубрыкі ўяўляе сабой “пляцоўку сутыкненьня меркаваньняў”, ніколі пэрсанальна не скіраваную супраць каго б то ні было. Відаць, гэтым і абумоўліваецца той чыньнік, што ў якасьці гасьцей праграмы фігуравалі людзі, абсалютна розныя паводле сьветапоглядных сымпатый і ідэалягічных пазыцыяў. У звычайных умовах ім часам цяжка пражываць у адной краіне – тым ня менш, яны аказваліся гатовыя адстойваць уласны пункт погляду нават у палеміцы з ідэйнымі апанэнтамі.

На гэтым радыёфоруме нацыянальныя дэмакраты сутыкаюцца зь імпэрскімі дзяржаўнікамі, філёзафы – з цынічнамі жрацамі “праўладнай прапаганды”, тонкія захавальнікі гістарычных традыцый краіны – з прыхільнікамі кар'ернага руху любой цаной.

Пачуць усіх – доўг журналіста. Асабліва таго, хто з усіх творчых сілаў дамагаецца вырашэньня ўнутраных канфліктаў яго Бацькаўшчыны без грамадзянскай вайны
Ахоп праблем, якія абмяркоўваюцца, таксама беспрэцэдэнтны: ад асэнсаваньня “скрыжаваньняў”, “паваротаў” і “раздарожжаў” цывілізацыйнага маршруту Беларусі – да высьвятленьня асаблівасьцяў сучаснага нацыянальнага пратэсту ў кантэксьце галоўных геапалітычных вэктараў існаваньня нашай рэспублікі.

Што дае гэтая стылістыка перадачы?

Аб’ёмнае бачаньне сытуацыі. Галоўным выступае тое, што – на ўзроўні асноўнай задумы праграмы «Праскі акцэнт» – яе аўтар адчувае трагічную адсутнасьць нацыянальнага кансэнсусу ў Беларусі, “аскепкавасьць” яе нацыянальна-дзяржаўных прыярытэтаў, негатовасьць мясцовых элітаў выконваць ролю “суб’ектаў” гістарычнага самазахаваньня Радзімы, якая толькі нядаўна стала сувэрэннай.

У працэсе працы стваральнік гэтага цыклю перадачаў вымушаны пераўвасабляцца ў цікаўнага суразмоўцу нават у тых выпадках, калі (што ўжо хаваць) яму – магчыма – і хочацца выгукнуць: “А судзьдзі хто?” Бо “судзьдзямі” нярэдка выступае выразна ангажаваная, духоўная абслуга ўлады (не абавязкова мясцовага разьліву), якая адпрацоўвае ўласныя “далёка ня 30 срэбранікаў”.

Пачуць усіх – доўг журналіста. Асабліва таго, хто з усіх творчых сілаў дамагаецца вырашэньня ўнутраных канфліктаў яго Бацькаўшчыны без грамадзянскай вайны”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG