Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль: эканоміка і дэмакратызацыя Беларусі адначасова


Раніцай 22 чэрвеня, перад перамовамі з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, эўракамісар у справе зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр сустрэлася зь лідэрамі беларускай апазыцыі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый.


Спачатку спадарыня Фэрэра-Вальднэр гутарыла зь лідэрамі апазыцыі — Анатолем Лябедзькам, Аляксандрам Казуліным, Сяргеем Калякіным, Віктарам Карняенкам, Станіславам Шушкевічам, Вінцуком Вячоркам.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, прадстаўніца Эўразьвязу назвала галоўнай задачай інтэграцыю Беларусі ў Эўропу. Яна паабяцала спрыяць таму, каб апазыцыя была ўцягнутая ў працэс перамоваў пра выбарчае заканадаўства:

“Яна дакладна ведае сытуацыю ў Беларусі. Пералічыла па пунктах, што пазытыўнага было зроблена. Але мяркуе, што гэтага недастаткова, каб лічыць, што тут ёсьць прагрэс ці, напрыклад, каб адмяніць кропкавыя санкцыі ў адносінах да асобных беларускіх чыноўнікаў. Зрабіла акцэнт на тым, што ў іх ёсьць разуменьне, што ўлада жадала б працаваць толькі ў эканамічнай сфэры. Але супраца паміж Брусэлем і Менскам можа ісьці толькі адначасова і па эканоміцы, і па дэмакратызацыі Беларусі”.

Апазыцыя прапанавала Эўразьвязу выкарыстоўваць наступную стратэгію ў дачыненьні да афіцыйнага Менску: крэдыты ў абмен на палітычны дыялёг унутры краіны і пашырэньне гандлю ў абмен на свабодныя выбары.

Асобна эўракамісар у справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр сустрэлася з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый — праваабаронцамі Алесем Бяляцкім і Алегам Гулаком, сацыёлягам Андрэем Вардамацкім, старшынёй БАЖ Жаннай Літвіной, грамадзкай актывісткай Тацянай Пашавалавай, каардынатарам “Эўрапейскай Беларусі” Зьмітром Бандарэнкам.

Паводле словаў Алеся Бяляцкага, для спадарыні Вальднэр было вельмі важна пачуць пра праблемы няўрадавых арганізацыяў, увогуле пра тое, што адбываецца з правамі чалавека, якраз перад сустрэчамі зь міністрам замежных спраў і кіраўніком дзяржавы:

“Мы згадвалі пра Максіма Дашука, мы згадвалі пра хуткую справу Арцёма Дубскага. Таксама гаварылася пра цяжкае становішча са здароўем спадара Аўтуховіча. Я, у прыватнасьці, гаварыў пра праблему з рэгістрацыяй няўрадавых арганізацый. Мне падалося, што спадарыня Вальднэр якраз знаходзіцца ў кантэксьце ўсіх пазначаных намі праблемаў, яна даволі абазнаны палітык. Мяркую, што тыя пытаньні, якія яна будзе ставіць перад афіцыйнымі чыноўнікамі Беларусі і перад Лукашэнкам, будуць мець востры і прынцыповы характар”.

Спадарыня Вальднэр адзначыла, што для разьвіцьця адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю патэнцыял ёсьць, але многае будзе залежаць ад таго, што адбываецца ўнутры краіны, што робіць сама Беларусь, афіцыйны Менск для дэмакратызацыі сваёй дзяржавы, кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна:

“Яна нагадала пра пяць рэкамэндацыяў Эўразьвязу і адзначыла, што пры канцы мінулага году было навідавоку прасоўваньне наперад, а зараз гэты рух запаволіўся. І сам фармат сустрэчы быў скіраваны больш на выслухоўваньне запрошаных. Наагул у спадарыні Вальднэр вельмі прынцыповая пазыцыя ў дачыненьні да правоў чалавека, да правоў, зьвязаных са свабодай слова, са свабодай і правам на атрыманьне інфармацыі”.

На думку ўдзельнікаў сустрэчы, Бэніта Фэрэра-Вальднэр добра разумее, што бязь зьмены выбарчага заканадаўства ў Беларусі ня будзе ніякіх зьменаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG