СЛУХАЦЬ:
66-ы дзень ў менскім сьледчым ізалятары трымае галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, якога падазраюць у падпале дому міліцыянта. Нагадаем, грамадзкі актывіст сваёй віны не прызнае і патрабуе, каб справу, якая цягнецца ужо болей за 4 месяцы, перадалі ў суд альбо вызвалілі яго пад падпіску пра нявыезд. Апошнія зьвесткі пра стан здароўя галадоўніка былі атрыманыя ад турэмнага лекара у сераду. “Пачуваецца здавальняюча”, -- адказала доктар карэспандэнту “Свабоды” і больш ніякай інфармацыі не паведаміла.
Па адной справе з Аўтуховчам праходзяць ягоны былы намесьнік Юры Лявонаў і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка. Дачка Лявонава Юля Міхнюк учора размаўляла з адвакатам Вадзімам Мушынскім, які напярэдадні пабачыўся з яе бацькам. Зьвесткі, якія атрымала дзяўчына ад адваката, вельмі абмежаваныя.
“Ён увогуле баяўся што казаць. Сказаў толькі, што аб’ядналі дзьве справы, што усю справу сьледчы Кухарчык перадаў у Менск, і цяпер там будуць думаць, што далей рабіць”.
Нагадаю, справу Аўтуховіча вёў сьледчы з гарадзенскай міліцыі Віталь Кухарчык. На кантакт з журналістамі ён не ідзе, таму праверыць зьвесткі Юлі Міхнюк у сьледчага не ўдалося. Юля Міхнюк не выключае, што другая справа, якую паводле адваката аб’ядналі з першай, гэта справа пра гранатамёт, знойдзены ў Ваўкавыску. Такім чынам Юрыю Лявонаву маглі выставіць другое абвінавачаньне – у захоўваньні гэтага гранатамёту, мяркуе Юля Міхнюк і не выключае, што падобнае абвінавачаньне выставілі таксама Мікалаю Аўтуховічу ды Уладзімеру Асіпенку. Так гэта ці не, стане вядома пасьля выходных.
Тым часам ў Магілёўскай калёніі ужо 11 дзён галадуе Эмануіл Зэльцэр. Учора Зэльцэра наведаў у калёніі адвакат Зьміцер Гарачка. Нагадаю, амэрыканец асуджаны беларускім судом на тры гады зьняволеньня, ён галадуе на знак пратэсту супроць зацягваньня ужываньня адносна яго амністыі. Мінулы раз адвакат Гарачка бачыўся з Зэльцэрам 17 чэрвеня.
“У параўнаньні з серадой прынцыповых зьменаў не наступіла. Адказу з суду няма, у калёнію нічога не дасылалі. Зэльцэр як галадаваў, гэтак і галадуе. Здароўе, адпаведна, становіцца ўсё горш. Заўважна схуднеў”,-- паведаміў Зьміцер Гарачка.
Адвакат сказаў, што перадаваў Эмануілу Зэльцэру шматлікія просьбы спыніць галадоўку, паколькі яна яўна шкодзіць ягонаму здароўю, але пакуль вязень не саступае.
Зэльцэр як галадаваў, гэтак і галадуе. Здароўе, адпаведна, становіцца ўсё горш. Заўважна схуднеў
Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сакавіку 2008 года па прылёце ў Менск з Лёндану. Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Барыс Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да гэтай справы.