Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія СМІ: “Пэрспэктывы Беларусі сумныя”


“Раскол паміж Расеяй і Беларусьсю ўчора паглыбіўся яшчэ больш, пасьля таго як беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка на знак пратэсту супраць гандлёвай вайны, якую Масква распачала супраць яго народу, адмовіўся ехаць у Маскву на саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Менск злуецца на Расею за падвышэньне коштаў на газ, а Масква на Беларусь — за ўсё больш актыўныя спробы замірэньня з Захадам”, — паведамляе брытанскае агенцтва Reuters.

Канфлікт з-за малочных прадуктаў досыць значна ўскладніў расейска-беларускія дачыненьні, піша маскоўская карэспандэнтка амэрыканскага выданьня The New York Times Элен Бары.

Канфлікт цягнецца ўжо другі тыдзень.У знак пратэсту Лукашэнка байкатаваў саміт АДКБ. Аднак “нечаканая няяўка беларускага кіраўніка непазьбежна павінна выклікаць раздражненьне ў Масквы, якая спадзяецца ўмацаваць сувязі з суседзямі і пакласьці канец флірту з заходнімі саюзьнікамі”. Прэзыдэнт Мядзьведзеў, паводле выданьня, “тэрмінова ўзяў на сябе старшынства ў АДКБ, якое ад нядзелі павінна было перайсьці да Беларусі, і, насуперак пратэстам Лукашэнкі, заявіў пра стварэньне Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня”. Менск, у сваю чаргу, абвясьціў падпісаньне пагадненьня пра ўтварэньне гэтага вайсковага фармаваньня нелегітымным.

Спасылаючыся на беларускіх палітыкаў, аўтар артыкула піша, што Расея карае Беларусь за непадпарадкаваньне загадам Масквы. Адна з падставаў для ўдару — адмова Менску прызнаць Абхазію ды Паўднёвую Асэтыю. Газэта прыводзіць нядаўнія словы Лукашэнкі ў інтэрвію БелТА: маўляў, расейскае кіраўніцтва нават прапанавала Беларусі крэдыт у 500 мільёнаў даляраў пры ўмове, што Менск усё ж прызнанае Сухум і Цхінвал. Расейскі бок, у сваю чаргу, адмаўляе, што такія ўмовы ўвогуле існуюць.

Як заявіў беларускі кіраўнік, Беларусь ня будзе плакаць ад таго, што супрацоўніцтва з Масквой спынілася, а будзе шукаць шчасьця ў іншых кутках плянэты.

Як падкрэсьлівае The New York Times, нягледзячы на далучэньне краіны да праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства”, у Лукашэнкі ўсё яшчэ ня надта шмат прыхільнікаў у заходніх краінах. Там беларускага кіраўніка па-ранейшаму крытыкуюць за парушэньне правоў чалавека і дэспатычны кантроль у палітыцы.

Тым часам прадстаўніца расейскага прэзыдэнта Натальля Цімакова ў інтэрвію заявіла, што “Расея не рабіла нейкіх заяў, якія б сьведчылі пра “развод” паміж Масквой і Менскам”, і дадала, што “Беларусь заўсёды застаецца стратэгічным партнэрам Расеі”, падае The New York Times.

Тым часам аглядальнікі італьянскага бюро тэлеканалу Еuronews выказваюць думку, што пасьля таго, як Менск адмовіўся ад удзелу ў паседжаньні АДКБ у Маскве, Лукашэнка паспрабуе аддаліцца ад свайго магутнага расейскага суседа, пазбавіцца ярлыка недэмакратычнага лідэра ды зблізіцца з ЭЗ.

Паводле аглядальнікаў, сур’ёзнасьць яго намераў знаходзіць пацьверджаньне ў тых рэзкіх словах, якія Лукашэнка адрасуе Маскве. Лукашэнка дазваляе сабе гэта таму, што аб’ёмы беларускага экспарту ў Расею апошнім часам істотна скараціліся.

Як адзначае, у сваю чаргу, нідэрляндзкае выданьне Volkskrant, у сувязі зь міжнародным фінансавым крызісам, які закрануў эканоміку Беларусі, краіна мае вельмі сумныя пэрспэктывы, у тым ліку і ў пытаньні яе незалежнасьці. Распачатая Масквой “малочная вайна”, новыя жорсткія правілы імпарту ставяць Беларусь ва ўсё большую залежнасьць ад Крамля. Як кажуць у кулюарах, шанцы Беларусі пазьбегнуць эканамічнага краху надзвычай нізкія. Барацьба саюзьнікаў стане бліжэйшым часам яшчэ вастрэйшай”, піша Volkskrant.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG