Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маккейн: “ЗША павінны зрабіць захады дзеля супрацьстаяньня расейскаму нэаімпэрыялізму”


Такую заяву зрабіў сэнатар ЗША, былы кандыдат на прэзыдэнта Джон Маккейн на канфэрэнцыі Цэнтральна- і Ўсходнеэўрапейскай кааліцыі (Central and East European Coalition) у Вашынгтоне.


Кааліцыя аб’ядноўвае 18 арганізацый, якія адлюстроўваюць інтарэсы адпаведных дыяспар ЗША — 20 мільёнаў амэрыканскіх грамадзянаў, чые карані ў краінах рэгіёну: Беларусі, Украіне, Армэніі, Латвіі, Грузіі, Польшчы, Чэхіі і г.д.

Як адзначаецца на сайце гэтай палітычна ўплывовай арганізацыі, Кааліцыя выказвае занепакоенасьць нэаімпэрскімі амбіцыямі Масквы, якая ўсьцяж пагражае былым краінам СССР і ўсходняга блёку і зьневажае іх, бо яны больш ня хочуць знаходзіцца пад расейскім уплывам.

Выступаючы на вашынгтонскай канфэрэнцыі, Джон Маккейн адзначыў, што наведаў усе краіны цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскага рэгіёну, за выключэньнем Беларусі, бо Менск адмовіўся выдаць яму візу. “Аднак, — дадаў сэнатар, — я спадзяюся выправіць гэтую сытуацыю ў наступным годзе”.

Як заявіў амэрыканскі палітык, ён мае вельмі цёплыя пачуцьці да ўсіх гэтых маладых эўрапейскіх краін, а таму яго ня могуць пакінуць абыякавым апошнія спробы Масквы аднавіць сфэру свайго ўплыву ў рэгіёне.

Паводле Маккейна, дзеля таго каб чыніць ціск на сваіх бліжэйшых суседзяў, Масква выкарыстоўвае энэргетычную зброю, правяла маштабную кібэр-атаку ў Эстоніі, працягвае акупаваць частку Грузіі, захоўвае вайсковую групоўку ў Прыднястроўі.

“Халодная вайна скончылася, савецкая імпэрыя зьнікла, вярнуцца ў мінулае немагчыма”, а таму “дзяржавы рэгіёну здольныя прымаць рашэньні самастойна”, — адзначыў Маккейн. Ён таксама падкрэсьліў, што ўсходнеэўрапейскія краіны ніколі ня стануць “разьменнай манэтай” у дачыненьнях ЗША і Расеі.

Як перакананы Маккейн, у Вашынгтоне разумеюць неабходнасьць “перазагрузкі”дачыненьняў з Масквой. Аднак патрэба ў новым фармаце стасункаў ня можа засланяць ад вачэй тое, як Крэмль паводзіць сабе са сваімі суседзямі. “Мы павінны адмовіцца ад ідэі ахвяраваць інтарэсамі суседніх з Расеяй незалежных дзяржаў, каб палепшыць адносіны з Масквой”. Менавіта таму прэзыдэнт ЗША Барак Абама павінен выкласьці ўсё гэта расейскаму кіраўніку Дзьмітрыю Мядзьведзеву на расейска-амэрыканскім саміце, які адбудзецца сёлета ў ліпені ў Маскве.

Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў канфэрэнцыі Цэнтральна- і Ўсходнеэўрапейскай кааліцыі, Маккейн адзначыў: “Спробы палепшыць стасункі з рэжымамі, якія імкнуцца абмежаваць свабоду сваіх грамадзянаў… не павінны адмяняць намаганьняў ЗША адстойваць правы кожнага чалавека, дзе б ён ні быў, на жыцьцё, свабоду і імкненьне да шчасьця”.

Адказнасьць за поступ у справе шанаваньня гэтых каштоўнасьцяў ляжыць перадусім на вядучых дзяржавах сьвету, — заявіў Джон Маккейн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG