Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарачка: Зэльцэр галадуе без абвяшчэньня галадоўкі


Эмануіл Зэльцэр
Эмануіл Зэльцэр

Амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра ў чацьвер ў магілёўскай калёніі наведалі адвакат і прадстаўнік амбасады ЗША ў Менску.

11 чэрвеня кіраўніца консульскай і прэсавай службаў амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж наведала ў магілёўскай калёніі № 15 свайго суайчыньніка, адваката Эмануіла Зэльцэра. Супрацоўнік амбасады ЗША перадаў словы спадарыні Сэвідж:

Кэралайн Сэвідж
“Яна сказала, што была сустрэча, што ён працягвае галадоўку і што ЗША працягвае настойваць на ягоным вызваленьні з гуманных прычын”.

Нагадаю, што ад 9 чэрвеня Эмануіл Зэльцэр трымае галадоўку, пратэстуючы супраць дзеяньняў, якія замінаюць ужыць адносна яго амністыю. Гаворка пра адсутнасьці даведкі, якая сьведчыць, што Зэльцэр ня мае запазычанасьці паводле судовага рашэньня. Гэты дакумэнт у калёнію мусіць даслаць Менскі гарадзкі суд, які асудзіў амэрыканца на 3 гады зьняволеньня, аднак ужо болей за 2 тыдні даведка з суду не прыходзіць. Між тым, без гэтага дакумэнту немагчыма праняць рашэньне пра амністыю Эмануіла Зэльцэра.

Зьміцер Гарачка
Адвакат амэрыканца Зьміцер Гарачка паведаміў, што атрымаў зь Менскага гарадзкога суду адказ на сваю скаргу адносна таго, чаму адтуль не дасылаюць даведку:

“Атрымаў адказ, што перапіска паміж судом і калёніяй — гэта іх унутраная справа і мне яны адказваць не зьбіраюцца. На гэта я ўжо падаў скаргу ў Вярхоўны суд і пракуратуру. Хай разьбіраюцца, ці сапраўды можна так адказваць, калі закон патрабуе, каб даведка, якая тычыцца амністыі, дасылалася неадкладна”.

Як пачувае сябе Эмануіл Зэльцэр на трэці дзень галадоўкі? Зьміцер Гарачка кажа, што вонкава прыкметаў галадоўкі яшчэ не бачна. Але адвакат занепакоены, што галадоўка дрэнна адаб’ецца на стане здароўя Зэльцэра, паколькі той мае шэраг хранічных захворваньняў. Як паведаміў Эмануіл Зэльцэр свайму адвакату, адміністрацыю калёніі ён афіцыйна не інфармаваў пра галадоўку з пэўных прычын:

“Ён проста ня есьць, але адміністрацыі пра гэта не кажа, каб галадоўка не лічылася парушэньнем турэмнага рэжыму. Але, канечне, усе ж гэта бачаць. Карацей, такім своеасаблівым чынам ён спрабуе прыцягнуць увагу да сваёй праблемы”.

Уладлена Функ
Тым часам былая сакратарка Зэльцэра Уладлена Функ (Брускова), якая знаходзіцца ў ЗША, паведаміла мэдыям сэнсацыйныя зьвесткі пра акалічнасьці зьяўленьня ў Беларусі ў сакавіку мінулага году. Функ распавяла, што прылёту ў Менск папярэднічала сустрэча ў Лёндане Эмануіла Зэльцэра з Барысам Беразоўскім, на якой у якасьці сакратаркі амэрыканскага адваката прысутнічала і яна: “Мяркую, падчас гэтай сустрэчы, на якой былі і іншыя людзі, нам нешта падсыпалі ў ежу ці напоі. Хто гэта зрабіў — няхай высьвятляе сьледзтва… Але ў выніку я апрытомнела ў самалёце Беразоўскага, які ляцеў у Менск, а побач у непрытомнасьці быў Зэльцэр”, — распавяла Уладлена Функ.

Яшчэ Ўладлена Функ сказала, што ў турме КДБ яе запалохвалі пагрозай гвалтаваньня, а таксама далі зразумець, што “Беразоўскі сябруе з вышэйшым кіраўніцтвам краіны”.

Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Беразоўскі сваю датычнасьць да гэтай справы абвяргае.

Між тым, Уладлена Функ сьцьвярджае, што падчас суду, які праходзіў у закрытым рэжыме, супраць яе і Зэльцэра сьведчыў сам Беразоўскі. А ягонае інкогніта нібыта было захаванае дзеля таго, каб Беразоўскага не маглі затрымаць расейскія спэцслужбы — у Расеі беглы алігарх лічыцца злачынцам і вышукваецца па лініі Інтэрполу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG