Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым завершыцца малочнае супрацьстаяньне Беларусі і Расеі?


Расея не выключае магчымасьці аднаўленьня паставак некалькіх сотняў відаў беларускай малочнай прадукцыі. З гэтай нагоды ў Маскве заплянаваныя перамовы паміж галоўнымі санітарнымі лекарамі дзьвюх краінаў. Нагадаем, забарона на ўвоз прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў уведзена на загад “Роспотребнадзора” 6 чэрвеня. У сваю чаргу, прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў Беларусі заяўляюць: абмежаваньні, пра якія кажа расейскі бок, насамрэч ня маюць пад сабой ніякай падставы. Паводле беларускага боку, заблякаваныя паўтысячы гатункаў — “мёртвая прадукцыя”, якая ўжо не экспартуецца ў Расею. Дык ці да месца казаць пра чарговую харчовую вайну паміж суседнімі краінамі?

СЛУХАЦЬ:


Пад забарону ў Расеі трапілі беларускае малако, сьметанковае масла, тварог, кефір, ражанка, сьмятана, сыр, ёгурты, глязураваныя сыркі, марозіва, сухое малако. Абмежаваньні тычацца шэрагу вядомых вытворцаў, у ліку якіх “Савушкін прадукт”, “Санта Брэмар”, “Малако” і г.д.

Як патлумачыў на адмысловай прэс-канфэрэнцыі галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка, крок выкліканы тым, што пры канцы мінулага году Расея ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт на малочную прадукцыю, у які беларуская папросту ня ўпісваецца. Прыкладам, калі ў склад прадукту ўваходзіць хоць бы 1% парашку, то на пакунку трэба пісаць не “малако”, а “малочны напой”. На гэты час каля паўтысячы відаў малочных вырабаў зь Беларусі ня маюць дакумэнтаў, аформленых паводле новых правілаў:

“Ну, як можна з гэтым мірыцца? Мы ж ня ўмоўнымі грашыма плацім за тую прадукцыю, мы плацім нармальнымі расейскімі грашыма. Чаму мы ня можам за свае грошы запатрабаваць атрыманьня паўнавартаснай прадукцыі, якая адпавядае нашым, расейскім патрабаваньням? Прычым патрабаваньням ня ведамства, а закону Расеі”.

Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, акадэмік Іван Нікітчанка лічыць: у дадзеным выпадку трэба казаць менавіта пра тэхнічныя розначытаньні датычна стандартаў прадукцыі. Так, ад сьнежня 2008 году малочныя вырабы, якія пастаўляюцца ў расейскі гандаль, падзяляюцца на натуральныя і адноўленыя. У вызначаны тэрмін беларускі бок мусіў перааформіць дазвольныя дакумэнты, аднак за паўгода рукі да гэтага так і не дайшлі. Таму ўжо традыцыйна даводзіцца махаць кулакамі пасьля бойкі — у Маскву вырашаць праблему выправілася галоўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан:

“Сёньня наш галоўны санітарны лекар едзе ўзгадняць умовы паставак. Але я б не казаў, што пастаўкі беларускай прадукцыі заблякаваныя зусім нечакана. Справа ў тым, што ў нас свае законы, свае дзяржаўныя стандарты — усё сваё. І яны не адпавядаюць тым патрабаваньням, якія існуюць у Расеі. Таму расейскі бок беларускія пастаўкі і тармозіць. А на добры толк, калі б расейцы як сьлед зірнулі на ўзровень радыяцыі, дык у гэтай частцы забарона магла б быць сапраўды масавай. Падставы для гэтага ёсьць”.

Карэспандэнт: “Можа, у дадзеным выпадку Расея найперш клапоціцца пра інтарэсы сваіх вытворцаў?”

“Я ня думаю, бо расейская вытворчасьць і паловы неабходнага аб’ёму не дае. Тут справа ў іншым — у якасьці, дарэчы, у тым ліку. Але дакладна наконт гэтага ніхто не выказваецца. Што тычыцца абароны свайго вытворцы, дык ім насамрэч няма каго абараняць. У іх папросту не хапае вытворцаў. Таму думаю, што ўрэшце дамовяцца…”

Няма ніякай гандлёвай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй — ні мясной, ні малочнай. Ідзе штодзённая праца дзеля прывядзеньня нашых дазвольных дакумэнтаў у адпаведнасьць з рэглямэнтам Расейскай Фэдэрацыі
Прадстаўнікі беларускага ўраду настойваюць, што ні пра якую гандлёвую вайну гаворкі няма. Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза сьцьвярджае: па ўсіх відах прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расею, неабходныя дакумэнты былі аформленыя і пацьверджаныя ў “Роспотребнадзоре”. Аднак некаторыя гатункі прадпрыемствы вырашылі больш не вырабляць ці адмовіліся ад іх экспарту. Вось на гэтыя віды дазволы атрыманыя якраз і не былі:

“Няма ніякай гандлёвай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй — ні мясной, ні малочнай. Ідзе штодзённая праца дзеля прывядзеньня нашых дазвольных дакумэнтаў у адпаведнасьць з рэглямэнтам Расейскай Фэдэрацыі”.

Між тым сам Бамбіза пазьней выправіўся, прызнаўшыся: насамрэч ня ўсе беларускія прадпрыемствы падалі адпаведныя дакумэнты ў санітарнае ведамства ў вызначаныя тэрміны. І з такімі арганізацыямі Бамбіза паабяцаў “разабрацца”.

Па словах галоўнага санітарнага лекара Беларусі Валянціны Качан, якая асабіста будзе бараніць малочны экспарт у Расею, няправільна акцэнтавацца толькі на беларускіх прадпрыемствах. Дазвольных дакумэнтаў не атрымалі 20% прадукцыі, якая вырабляецца ў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама 40% прадукцыі з краінаў Балтыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG