Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд “Бацькаўшчыны” чакае пісьмовага рашэньня ўладаў


Алена Макоўская, старшыня ЗБС «Бацькаўшчына»
Алена Макоўская, старшыня ЗБС «Бацькаўшчына»

У штаб-кватэры Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” паведамілі, што менскія ўлады далі вусны дазвол на правядзеньне зьезду аб’яднаньня. Прапанаваныя два варыянты памяшканьня – Палац культуры трактарнага заводу і заля Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (ІВВ).


Управа Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” абрала найбольш прымальным для правядзеньня зьезду 18-19 ліпеня памяшканьне Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру (IBB).

Нагадаем, пачынаючы з лютага гэтага году, “ Бацькаўшчына” даслала запыты ў 22 сталічныя ўстановы, у тым ліку і ў Менгарвыканкам, з просьбай прадставіць памяшканьне для зьезду. 20 зь іх з розных прычынаў адмовілі. Тады кіраўніцтва арганізацыі пачало перамовы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары суседніх краінаў, у тым ліку Літвы, аб правядзеньні зьезду ў замежжы. Паводле старшыні Згуртаваньня Алены Макоўскай, пакуль менскія ўлады не даслалі пісьмовага пацьвярджэньня, таму невядома дакладана, у якім жа будынку адбудзецца зьезд.

“Такім чынам, чакаем рашэньня гарадзкіх уладаў. Пісьмовага пацьвярджэньня няма, ёсьць вуснае паведамленьне. Натуральна, пакуль няма дакумэнтаў, у нас няма падстаў весьці перамовы з ІВВ ці Палацам культуры трактарнага заводу. Спадзяемся, што ў панядзелак-аўторак у нас ужо будзе нейкая папера на руках і тады можна будзе сказаць дакладана, дзе пройдзе зьезд. Але падрыхтоўка да зьезду ідзе, як ішла, плянава. Дасланы запрашэньні, сфармаваныя дэлегаты ад суполак”.

Асноўнай тэмай дыскусій на зьезьдзе будзе пытаньне нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. Таксама дэлегаты падрыхтуюць рэкамэндацыі ўраду па ўзаемадзеяньні зь беларускай дыяспарай і запатрабуюць прыняць закон аб суайчыньніках за мяжой, які разглядаецца ўладамі ўжо цягам амаль 8-мі гадоў.

“Мы сутыкнуліся з той праблемай, што гэтыя людзі губляюцца для Беларусі, бо не зьяўляюцца носьбітамі беларускай культуры. Яны далучаюцца да іншых дыяспараў – расейскай, украінскай – у замежжы. Такіх больш буйных дыяспарных цэнтраў. Альбо цалкам асымілююцца, займаюцца вырашэньнем эканамічных праблемаў. Мы лічым, што ў зьвязку з гэтым губляе наша краіна, Рэспубліка Беларусь. Бо гэта ёсьць той інтэлектуальны патэнцыял, які сёньня, фактычна, Беларусь губляе. І гэта тыя людзі, якія маглі б ствараць іміджавыя цэнтры за мяжой. І гэта ёсьць праблемай не толькі “Бацькаўшчыны”, але і Беларусі ў цэлым. Ну, а сытуацыю ў Беларусі з мовай і культурай беларускай слухачы Радыё Свабода цудоўна ведаюць. Таму гэта пытаньне актуальнае”.

Арганізатары чакаюць удзелу ў зьезьдзе каля 350 дэлегатаў больш як з двух дзесяткаў краінаў. Яны таксама пераабяруць кіроўныя органы Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.



Папярэдні зьезд “Бацькаўшчыны” ладзіўся ў Менску ў 2005 годзе ў Міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ). Зьезд беларусаў сьвету склікаецца раз на чатыры гады. Праблемаў з правядзеньнем імпрэзы не было толькі аднойчы — у 1993 годзе, калі ў першым зьезьдзе актыўна ўдзельнічала тагачаснае кіраўніцтва Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG